Аб’ёмы будаўніцтва для мнагадзетных сем’яў павялічацца

- 11:21Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў 2018 годзе плануецца падвоіць аб’ём будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў у параўнанні з 2017 годам. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Яўгенія Філімонава.

“У 2018 годзе прадугледжваецца будаўніцтва 4 млн кв.м жылля, у тым ліку 900 тысяч кв.м з дзяржпадтрымкай. Пры гэтым для забеспячэння жыллём 7 тысяч 29 мнагадзетных сем’яў плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 562,6 тысячы кв.м. У 2017 годзе для 4 тысяч 359 мнагадзетных сем’яў быў прадугледжаны ўвод 281,2 тысячы кв.м. Гэты напрамак застаецца прыярытэтным у жыллёвым будаўніцтве”, — расказала Яўгенія Філімонава.

Пры будаўніцтве жылля з дзяржпадтрымкай у 2018 годзе плануецца асвоіць Br562 млн па ўказе № 240 аб адрасным субсідзіраванні ў жыллёвым будаўніцтве, Br119,83 млн складуць ільготныя крэдытныя рэсурсы.

Адрасныя дзяржаўныя субсідыі з’яўляюцца важным механізмам дзяржпадтрымкі будаўніцтва жылля, у тым ліку для мнагадзетных сем’яў. Памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў сем’ям з трыма непаўналетнімі дзецьмі роўны стаўцы рэфінансавання плюс 2 працэнты, з чатырма і больш непаўналетнімі дзецьмі — стаўцы рэфінансавання плюс 3 працэнты, з трыма і больш дзецьмі да 23 гадоў, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, — стаўцы рэфінансавання плюс 2 працэнты. Сем’ям з чатырма і больш дзецьмі асноўны доўг будзе пагашаны на 100 працэнтаў, з трыма сумесна пражываючымі дзецьмі ва ўзросце да 23 гадоў — на 95 працэнтаў, дзецям-сіротам — на 35 працэнтаў, маладым сем’ям пры нараджэнні аднаго і двух дзяцей — 10 працэнтаў і 20 працэнтаў адпаведна.

Усяго на адраснае субсідзіраванне ў жыллёвым будаўніцтве ў 2017 годзе было прадугледжана асваенне Br209 млн. Па стане на 22 снежня 2017 года ў рамках указа № 240 заключана каля 3 тысяч крэдытных дагавораў на агульную суму Br141,663 млн. Цяпер у гэтым механізме фінансавання ўдзельнічаюць Беларусбанк, Белінвестбанк, БПБ-Ашчадбанк, Белаграпрамбанк. Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам прынялі каля 5 тысяч рашэнняў аб прадастаўленні адрасных субсідый.