Аб жыццёвых каштоўнасцях на ўроках літаратуры

- 8:53Педагагічная майстэрня

Адукацыя знаходзіцца ў самым цэнтры вырашэння праблем, якія звязаны з развіццём асобы і грамадства ў цэлым. А сучасная школа, у сваю чаргу, выконвае дзяржаўны заказ — падрыхтоўку эрудзіраваных, творчых, інтэлектуальна і фізічна развітых навучэнцаў, якія засвоілі і ўсвядомілі нормы маралі, традыцыі свайго народа, маюць сваю лінію жыцця ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі і інтарэсамі грамадства. Што з’яўляецца першапачатковым: грунтоўная сістэма ведаў па прадмеце, выхаваная асоба, якая добра разумее нормы паводзін у грамадстве, або чалавек, які творча падыходзіць да вырашэння пэўных задач? Безумоўна, гэтыя паняцці непарыўныя.

Часцей за ўсё ў педагагічнай практыцы пад сацыялізацыяй маецца на ўвазе школьная сацыялізацыя, калі вучань паспяхова адчувае сябе ў школьным асяроддзі, не стварае сваёй вучобай і паводзінамі праблем. У такой сітуацыі мы, педагогі, супакойваемся і лічым, што сацыялізацыя ідзе паспяхова. Але вядома шмат прыкладаў, калі выдатнікі ў дарослым жыцці менш паспяховыя, чым нізкаматываваныя вучні. У школьным жыцці неабходны паслухмянасць, стараннасць, уменне дзейнічаць па ўзоры, падатлівасць, часцей механічнае засваенне ведаў, знешняе кіраўніцтва (пастаноўку мэты і планаванне выконваюць настаўнікі і бацькі). А ў дарослым жыцці патрэбны ініцыятыва, актыўнасць, творчасць, абдуманасць паводзін, рашучасць, прынцыповасць, пачуццё абавязку, мэтанакіраванасць, самастойнасць. Адным словам, патрабаванні карэнным чынам адрозніваюцца.

Праблема паспяховай сацыялізацыі чалавека і якасці яго далейшага жыцця вельмі актуальная. Увесь час паўстаюць пытанні: як стварыць умовы для правільнай адаптацыі вучняў у дарослым жыцці? Якія каштоўнасныя арыенціры прывядуць яго да поспеху? Як дапамагчы зрабіць яму правільны выбар? Якім павінен быць настаўнік сучаснай школы, калі ў яго на ўроках сядзіць вучань, якому наканавана ў будучыні займацца палітычным, эканамічным і навуковым развіццём сваёй краіны?

Імкненне жыць у камфортных умовах, стварыць добрую сям’ю, быць запатрабаваным, карыстацца павагай людзей, мець сродкі для рэалізацыі сваіх патрэб — зразумелае жаданне кожнага чалавека. Менавіта пра гэта мараць нашы навучэнцы. Але як пракласці дарогу да поспеху? Што і хто дапаможа ў гэтым? Як у пагоні за шчасцем не страціць чалавечае аблічча? Безумоўна, даць жаданае настаўнік не можа, а вось стварыць умовы, павесці па дарозе да поспеху зможа, дзякуючы правільнаму падбору форм і метадаў работы і ўзаемадзеяння з вучнямі.

Галоўны вынік, на які я як настаўнік беларускай мовы і літаратуры арыентуюся, — стварэнне спрыяльных умоў для фарміравання падчас заняткаў пэўных каштоўнасцей у вучняў. Дзейсным сродкам выхавання і фарміравання каштоўнасных арыенціраў на ўроках беларускай літаратуры з’яўляюцца асобы аўтараў: М.Гусоўскага, Ф.Скарыны, А.Міцкевіча, К.Каліноўскага, В.Быкава і іншыя.

Так, у 9 класе пры вывучэнні літаратуры перыяду Адраджэння я праводжу ўрок “Асветніцкая праграма першадрукара. Зварот Ф.Скарыны да Бібліі”. Раблю экскурс у час, калі жыў Скарына. Выкарыстоўваю групавую форму работы. Кожнай групе прапаноўваю падрыхтаваць да ўрока матэрыял і звесткі, якія раскрываюць шматграннасць таленту і жыцця нашага суайчынніка. Урок суправаджаецца прэзентацыяй. У выніку ствараецца карта, якая адлюстроўвае мясціны, дзе бываў Ф.Скарына. Акрамя таго, вучні спрабуюць прачытаць старонкі з факсімільнага выдання Бібліі ў перакладзе аўтара. Ім таксама прапаноўваецца віртуальная экскурсія ва ўніверсітэты, у якіх вучыўся Скарына, — Кракаўскі, Падуанскі. Пры гэтым падкрэсліваецца прага чалавека таго часу да ведаў, так званае “блуканне па ўніверсітэтах”. Адзначаючы дасягненні Скарыны ў кнігадрукаванні, вучні прыходзяць да разумення, што славуты палачанін быў гуманістам, асветнікам, перакладчыкам, мастаком, батанікам. Ён быў яскравым прыкладам вольнай, актыўнай і ўсебакова развітой асобы. Школьнікі спрабуюць апісаць такога чалавека, які знайшоў бы сваё значнае месца ў нашым часе, адзначаюць ролю кожнага з нас у гісторыі.

Вучні сталеюць, іх чакае дарослае жыццё. Напрыканцы вывучэння курса літаратуры ў 11 класе сумесна з настаўніцай рускай мовы я правяла інтэграваны ўрок “Вобраз жанчыны ў рускай і беларускай літаратуры”. У школе дзеці вывучаюць шмат твораў, у цэнтры якіх знаходзіцца вобраз жанчыны. Мне ні ў якім выпадку не хочацца прынізіць ролю мужчыны ў нашым жыцці, наадварот, я стаўлю перад сабой мэту гендарнага выхавання, — праблему, характэрную для нашага грамадства, — а таксама фарміравання павагі да жанчыны і разумення яе прызначэння на зямлі. Урок суправаджаўся прэзентацыяй, праводзіліся міжпрадметныя сувязі з выяўленчым мастацтвам, музыкай, гісторыяй. У цэнтры ўвагі былі асобы розных эпох: Е.Полацкая, Жанна Д’Арк, М.Складоўская-Кюры, С.Кавалеўская, Г.Паўлава, Кацярына ІІ, М.Манро, літаратурныя гераіні. Мы разважалі пра ролю гэтых жанчын, іх лёс. Цікавымі і спрэчнымі былі думкі юнакоў і дзяўчат. Яны пазнаёміліся з вядомымі карцінамі знакамітых мастакоў, якія малявалі жанчын. У канцы ўрока быў створаны своеасаблівы партрэт сучаснай жанчыны — прыгожай, спагадлівай, мяккай, цярплівай да недахопаў блізкіх, клапатлівай, вынослівай, разумнай, адукаванай, тактоўнай. Было ўзнята пытанне рэалізацыі прафесійных намаганняў сучасных жанчын. Але прыйшлі да высновы, што галоўны абавязак жанчыны на зямлі — быць маці.

У сучасным грамадстве, каб быць паспяховым, важна ўмець валодаць мовай, весці гутарку, дамаўляцца. Пры гэтым выключнае значэнне мае ўзровень адукаванасці асобы, уменне слухаць і чуць суразмоўцу. З 8—9 класа я пачынаю размаўляць з вучнямі пра сілу слова, пра майстэрства валодання ім, праводжу мерапрыемствы, якія дазваляюць акунуцца ў гісторыю красамоўства, адкрыць сакрэты поспеху людзей пэўных прафесій. Такім чынам, хачу прапанаваць матэрыял, які настаўнікі могуць выкарыстоўваць падчас правядзення тыдняў беларускай мовы і літаратуры ў якасці ўводнай часткі да школьнага або гімназічнага конкурсу даследчых работ вучняў, да Дня роднай мовы. Уключэнне ў заняткі дадзенага матэрыялу паспрыяе развіццю маўленчых кампетэнцый вучняў, іх грамадска-патрыятычнаму выхаванню, прафарыентацыі.

Арганізацыйны момант

Сёння мы пагаворым пра сілу слова, пра майстэрства валодання ім. У сучасным грамадстве вельмі вялікая роля надаецца ўменню валодаць мовай, весці гутарку, дамаўляцца, пры гэтым выключнае значэнне мае ўзровень адукаванасці асобы, уменне слухаць і чуць суразмоўцу. Наша мерапрыемства дазволіць акунуцца ў гісторыю красамоўства, прыадкрыць сакрэты поспеху ў некаторых прафесіях.

Паведамленне тэмы і фармулёўка задач мерапрыемства

Калі займаешся нейкай справай, лепш ведаць, з чаго ўсё пачыналася. Задачы нашага мерапрыемства: пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення прамоўніцкага мастацтва, акрэсліць дзейнасць сусветна вядомых залатавустаў, вызначыць прафесіі, дзе майстэрства валодання словам мае выключную ролю, прадэманстраваць асабістыя навыкі валодання словам.

Уступнае слова настаўніка

Прамоўніцкае мастацтва (красамоўства) — гэта мастацтва публічнага выступлення з мэтай пераканання. У ім гарманічна спалучаюцца рыторыка, прыёмы акцёрскага майстэрства і псіхалагічныя тэхнікі. Як асобны від мастацтва яно ўзнікла ў антычнай Грэцыі. Ні адна іншая старажытная культура не ўдзяляла такой увагі мастацтву валодання словам. Прамоўніцкае мастацтва вучыць таму, як зрабіць звычайную мову запамінальнай, пераканаўчай.

Гутарка з вучнямі

Уважліва прачытайце выказванні, прысвечаныя сіле слова, паразважайце над іх сэнсам: “Слова адлюстроўвае думку: незразумелая думка — незразумелае і слова” (В.Р.Бялінскі); “Мова даецца многім, але мудрасць абраным” (Катон); “Чытаючы аўтараў, якія добра пішуць, прывыкаюць добра гаварыць” (Вальтэр); “Красамоўства ёсць мастацтва пакараць розум” (Платон); “Прамоўніцкае мастацтва немагчыма, калі прамоўца не авалодаў дасканала прадметам, аб якім хоча гаварыць” (Цыцэрон). Якія выказванні вам найбольш спадабаліся? Чаму?

Паведамленне настаўніка

У кожнага народа — свае прамоўніцкія традыцыі. З таго самага дня, калі першы прамоўца імкнуўся пераканаць у сваёй праўдзівасці першага слухача, пераканаць не сілай, а словам, сэнсам, логікай і дасягнуў свайго, бярэ пачатак прамоўніцкае майстэрства і рытарычнае мастацтва. Мы вядзём адлік навукі аб красамоўстве з часоў старажытных грэкаў, але не трэба забываць пра іншыя традыцыі і народы. Кожная культура, якая імкнулася да самавыяўлення, нарадзіла сваіх залатавустаў, якія ў розны час станавіліся пісьменнікамі, паэтамі, палітыкамі, імператарамі, рэвалюцыянерамі, філосафамі, ваеннымі ці прадпрымальнікамі. Іх імёны застаюцца ў нашым сэрцы, нягледзячы на тое, што нас раздзяляюць сотні ці тысячы гадоў.

Адным з першых, хто ўвайшоў у гісторыю прамоўніцтва, быў Цыцэрон. Калі гаварыць пра яго, то нам патрэбна вярнуцца ў далёкае мінулае — у І стагоддзе да нашага часу. Цыцэрон паходзіў з небагатай сям’і, што жыла ў невялікім горадзе Арпіне (прыкладна за сто кіламетраў ад Рыма). Яго бацька марыў аб добрай адукацыі для сваіх дзяцей, аб іх будучай палітычнай кар’еры. У Рыме хлопчык вучыўся красамоўству, грэчаскай мове і юрыспрудэнцыі ў лепшых настаўнікаў. Ён пераканаўча, бліскуча і паспяхова вёў судовыя справы. Цудоўна валодаў грэчаскай мовай, цікавіўся філасофіяй, дыялектыкай — мастацтвам спрэчак і аргументацыі. Актыўна займаўся палітыкай. Напісаў сачыненне “Аб дзяржаве”. Не прымаў метадаў улады Цэзара, таму падчас яго кіравання сышоў з палітычнай арэны. Памёр вельмі трагічна. Яго адсечаныя рукі і галава былі выстаўлены перад усім народам. Гэта была галава лепшага пісьменніка “залатога стагоддзя”.

Разглядаем з вучнямі знакамітыя выказванні Цыцэрона: “Папера не чырванее, папера ўсё сцерпіць”, “Дамоклаў меч”. Гісторыя ўзнікнення апошняга наступная: Дамокл зайздросціў Дыянісію, у той жа час лісліва ставіўся да яго. Жадаючы яго правучыць, Дыянісій загадаў пасадзіць Дамокла на яго месца, пры гэтым да столі прымацавалі на конскім воласе востры меч. Гэты меч быў сімвалам небяспекі, якая пагражала ўвесь час (старажытнагрэчаскі міф). Вучні тлумачаць, як зразумелі выказванне Цыцэрона: “Калі грыміць зброя, законы маўчаць”.

У беларускай гісторыі таксама былі адукаваныя людзі, якія пакінулі след як майстры слова. Адзін з іх — Кірыла Тураўскі, аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў ХІІ ст. Сучаснікамі ён быў названы Залатавустам. Адзначаецца добрая адукаванасць Кірылы, асабліва ў багаслоўі. Ён ведаў мовы, у тым ліку грэчаскую. Быў пастрыжаны ў манахі, прыняў подзвіг стоўпніцтва. На думку даследчыкаў, да літаратурнай спадчыны Кірылы належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казанні, каля 30 спавядальных малітваў, дзе выявіліся яго духоўныя перажыванні. Кірыла Тураўскі першым у беларускай філасофскай і навукова-філалагічнай традыцыі найбольш поўна сфармуляваў першараднае значэнне кніжных ведаў для жыцця чалавека.

Вусныя выказванні вучняў

А зараз вы прадэманструеце сваё ўменне валодаць словам. Вам прапанаваны карткі з тэмамі для выказванняў. За 3 хвіліны вы павінны прадумаць сваё выступленне на 40 секунд. Пераможцам будзе той, хто на беларускай мове лаканічна, лагічна і пераканаўча раскрые сваю тэму. Тэмы для выказванняў: “Гонар нашай краіны”, “Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы”, “Наша сямейная традыцыя”, “Якой была кніга раней”, “Кароткія прамовы заўсёды больш змястоўныя і здольны выклікаць моцнае ўражанне” (Максім Горкі). (Аб’яўляюцца вынікі спаборніцтва.)

Прафарыентацыя вучняў

У гімназіі вы вучыце тое, што ў дарослым жыцці спатрэбіцца ў абранай прафесіі. Вашы бацькі працуюць у розных сферах, многія з іх паспяховыя і нават знакамітыя людзі. Для нашай сустрэчы вашы аднакласнікі знялі відэасюжэты пра ролю прамоўніцкага майстэрства ў прафесіі іх бацькоў. Зараз мы маем унікальную магчымасць пачуць іх выказванні і пажаданні. (Праглядаюцца відэаматэрыялы, якія былі зроблены вучнямі і іх бацькамі, аб ролі майстэрства валодання словам у розных прафесіях.) Сярод прафесій, поспех у якіх залежыць ад майстэрства валодання словам, назавём дыпламата, настаўніка, экскурсавода, рыэлтара, журналіста, тэле- і радыёвядучага, спецыяліста ў галіне гандлю і г.д. У якіх яшчэ прафесіях, на вашу думку, спатрэбіцца навык валодання словам? Чаму?

Выступленні вучняў з праектамі

Месяц назад вы атрымалі тэмы для праектаў. Вы павінны былі дакладна вывучыць матэрыял, супаставіць і прааналізаваць яго, скласці прэзентацыю і выступленне. Аб’екты вашых даследаванняў былі розныя і адлюстроўвалі розныя сферы дзейнасці чалавека.

Тэмы выступленняў: “Мастацтва беларускай графікі”, “Арнаментальнае мастацтва Беларусі”, “Гісторыя транспарту ў Беларусі”, “Малыя архітэктурныя кампазіцыі ў сучасным Мінску”. (Выступленні вучняў — 7 хвілін. Іх ацэньвае журы.)

Падвядзенне вынікаў

Яшчэ некалькі гадоў назад вы з цяжкасцю разумелі, як можна зацікавіць суразмоўцу і зрабіць гэта, выказваючы сваю думку па-беларуску. Мне здаецца, што сёння вы атрымалі асалоду ад гучання нацыянальнай мовы, мілагучнай, еўрапейскай, багатай на прыгожыя запамінальныя словы. Вы прадэманстравалі свае здольнасці ў абароне праектаў, у выступленні перад публікай.

Я спадзяюся, што наша гімназія ў будучыні будзе ганарыцца вамі. Любіце і беражыце мову, узбагачайце свой слоўнік. Цыцэрон, Цэзар, Гамер, Канфуцый, Кірыла Тураўскі — гэта вялікія прамоўцы, чые словы ўплывалі на цэлыя народы і дзяржавы, і спіс гэтых асоб вельмі доўгі. Іх слова, аднойчы сказанае, запісанае або высечанае на камені, гучыць і сёння.

***

Сучасны настаўнік разумее, што, дзякуючы сістэмнай рабоце, ён павінен падрыхтаваць маладых людзей да таго, каб яны былі запатрабаванымі ў рэальным жыцці. Зразумела, асяроддзе, у якое трапіць выпускнік, мае тэндэнцыю хутка і дынамічна развівацца. У грамадстве расце канкурэнцыя, у якой, спадзяюся, маім вучням належыць атрымаць перамогу.

Вольга ГАЛОЎКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 42 Мінска
лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж.І.Алфёрава.