Абапіраючыся на практыку добрасуседства і ўзаемнасці

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Наглядальнікі сямі краін запрошаны на вучэнні “Захад-2017”. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства абароны.

“Абапіраючыся на практыку добрасуседства і ўзаемнасці, у рамках венскага дакумента 2011 года АБСЕ “Аб мерах умацавання даверу і бяспекі”, а таксама двухбаковых дамоўленасцей аб дадатковых мерах умацавання даверу і бяспекі на мерапрыемства запрошаны наглядальнікі ад сямі краін: Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Для назірання запрошаны прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Міністэрстве абароны Беларусі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, такіх як ААН, АБСЕ, НАТА, АДКБ, СНД, МКЧК.

Акрамя таго, правядзенне вучэнняў будуць асвятляць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з дзясяткаў краін свету.

Грамадзяне Беларусі змогуць атрымліваць поўную, дакладную і своечасовую інфармацыю аб вучэннях са сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку з “Белорусской военной газеты. Во славу Родины”, інтэрнэт-партала Міністэрства абароны, спецыяльнага сайта, створанага на час правядзення вучэнняў, выпускаў навін, а таксама эфірных тэлепраграм “Арсенал”, “Анфас”, рэспубліканскіх тэлеканалаў.

У Мінабароны таксама адзначылі, што для поўнага, дакладнага і своечасовага інфармавання грамадскасці аб вучэннях “Захад-2017” назіранне за вучэннямі арганізоўваецца ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі дагаворамі.