Абавязацельствы па ўсёабдымнай ацэнцы рызык і бяспекі станцыі выконваюцца

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Беларускі бок дакладна выконвае свае добраахвотныя абавязацельствы адносна правядзення ўсёабдымнай ацэнкі рызык і бяспекі Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца (стрэс-тэстаў), і цесна супрацоўнічае з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскай групай рэгулятараў ядзернай бяспекі. Аб гэтым заявіў, адказваючы на пытанне польскага інфармацыйнага агенцтва РАР, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

У прыватнасці, у Дзмітрыя Мірончыка пацікавіліся, на якім этапе знаходзіцца супрацоўніцтва Беларусі і Еўракамісіі па тэме стрэс-тэстаў БелАЭС і калі чакаюцца вынікі. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў: “Цяпер на падставе вынікаў праведзеных стрэс-тэстаў БелАЭС рэгулюючым органам у сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Беларусі (Дзяржатамнаглядам) завяршаецца работа па падрыхтоўцы нацыянальнага даклада. Менавіта гэты дакумент у адпаведнасці з еўрапейскай спецыфікацыяй будзе апублікаваны, перакладзены на англійскую мову і перададзены ў Еўракамісію, як гэта неаднаразова пацвярджаў беларускі бок”.

Тэрміны і парадак партнёрскай праверкі беларускага даклада аб стрэс-тэстах еўрапейскімі экспертамі яшчэ ўзгадняюцца бакамі. Беларускі бок разлічвае абмеркаваць гэтае пытанне з еўрапейскімі партнёрамі на бягучым тыдні ў Вене, дзе сваю работу адкрые 61-я сесія Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ.