Аб гэтым заявіў старшыня савета кіраўнік апарату Савета Міністраў Аляксандр Турчын на першым пасяджэнні савета ў абноўленым складзе.
Аляксандр Турчын нагадаў, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва — адзіны ў краіне савет, які створаны пры прэзідэнце, адсюль і высокі ўзровень адказнасці органа. Больш за 60 працэнтаў складу — гэта новыя ў савеце людзі.
Савет па развіцці прадпрымальніцтва будзе больш цесна ўзаемадзейнічаць з урадам. “Мая пасада кіраўніка апарату Савета Міністраў дае магчымасць працаваць з міністрамі, віцэ-прэм’ерамі, звяртацца да прэм’ер-міністра. Лічу, што праблемныя пытанні, якія патрабуюць хуткага вырашэння, будуць больш аператыўна абмяркоўвацца з урадам”, — растлумачыў Аляксандр Турчын.
Сярод прыярытэтаў работы савета — адраджэнне саветаў па развіцці прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. “Мы павінны ведаць, што хвалюе прадпрымальнікаў на месцах, каб разумець, якія рашэнні трэба прымаць наверсе. Савет не павінен стаць рафінаваным органам”, — заявіў Аляксандр Турчын. Як правіла, менавіта малы і сярэдні бізнес дапамагаюць у рэгіёнах ствараць рабочыя месцы, забяспечваць занятасць і паступленне падаткаў у бюджэт.
Задачай Савета па развіцці прадпрымальніцтва таксама будзе ўдасканаленне заканадаўства. “Многія дакументы па бізнесе прыняты, іншыя — у высокай ступені гатоўнасці. Тым не менш жыццё не стаіць на месцы, заўсёды ёсць магчымасці для ўдасканалення”, — удакладніў старшыня савета. Акрамя таго, савет будзе працаваць са зваротамі прадпрымальнікаў для вырашэння канкрэтных пытанняў.
Аляксандр Турчын асобна папрасіў членаў савета больш актыўна працаваць у рэгіёнах, у тым ліку з мясцовымі структурамі па развіцці прадпрымальніцтва, пры неабходнасці ўдзельнічаць у пасяджэннях абласных, раённых выканаўчых камітэтаў. Гэта дапаможа ў вырашэнні праблем бізнесу, якія ўзнікаюць на рэгіянальным узроўні.
Прапануецца таксама праводзіць пасяджэнні савета не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. “Збірацца трэба не толькі ў Мінску ва ўрадзе або на іншай пляцоўцы, але і ў абласных, вялікіх раённых цэнтрах, праводзіць там пасяджэнні нашага савета, каб бачыць сітуацыю з развіццём прадпрымальніцтва ў кожным рэгіёне”, — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 кастрычніка Указ № 370 “Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва”. Дакумент прадугледжвае павышэнне ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва за кошт надзялення яго шэрагам дадатковых паўнамоцтваў. Да кампетэнцыі савета цяпер будзе адносіцца разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, што аказваюць уплыў на парадак і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Больш за тое, савет зможа ўносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства непасрэдна ў Міністэрства эканомікі і ўрад. Гэтыя прапановы будуць з’яўляцца абавязковымі для разгляду.
Члены савета змогуць удзельнічаць у рабоце грамадска-кансультатыўных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры рэспубліканскіх органах дзяржкіравання і іншых арганізацыях, падпарадкаваных ураду, мясцовых органах улады. Практыка паказвае, што менавіта на такіх пляцоўках шляхам дыскусій і абмену думкамі выпрацоўваюцца, а потым і прымаюцца найбольш эфектыўныя рашэнні па рэгуляванні бізнес-сферы.