Абраны 45-ы прэзідэнт

- 10:03Інфармацыйная гадзіна

У ЗША 8 лістапада прайшлі ўсеагульныя выбары, на якіх амерыканцы выбіралі 45-га кіраўніка дзяржавы. Новым Прэзідэнтам ЗША стаў Дональд Трамп.

Згодна з вынікамі нацыянальнага галасавання ў ЗША, як паведамляюць інфармагенцтвы, Дональд Трамп атрымаў 48 працэнтаў галасоў амерыканцаў і 288 галасоў выбаршчыкаў пры мінімальна неабходных 270.

Як інфармуе CNN, Хілары Клінтан прызнала паражэнне на выбарах і павіншавала Дональда Трампа з перамогай па тэлефоне. Дональд Трамп у сваю чаргу заявіў аб гатоўнасці супрацоўнічаць з палітычнымі апанентамі ў краіне і пацвердзіў, што Хілары Клінтан у тэлефоннай размове з ім прызнала сваё паражэнне.

Дзеючы Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўжо сустрэўся з выбраным новым прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Палітыкі размаўлялі ў Белым доме крыху больш за гадзіну.

Размова ішла як аб унутранай, так і знешняй палітыцы ЗША. Паводле слоў Барака Абамы, цяпер Амерыцы важна аб’яднацца, каб процістаяць праблемам, што ўзнікаюць.

Паведамляецца, што Дональда Трампа суправаджала яго жонка Меланія, якая пагутарыла з цяперашняй першай лэдзі.

Такія сустрэчы дзеючага і выбранага прэзідэнтаў — даўняя традыцыя ў Злучаных Штатах Амерыкі. Аднак на гэты раз была адменена цырымонія сумеснага фатаграфавання.

Па меркаванні некаторых аналітыкаў, перамога Дональда Трампа на выбарах Прэзідэнта ЗША прывядзе да значных змяненняў у свеце.

Так, кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка, адзначае, што “трэба чакаць змянення да лепшага існуючых на сусветнай арэне адносін, сур’ёзнай перакройкі міжнароднага парадку дня”.

Такую выснову, па яго меркаванні, можна зрабіць, не толькі грунтуючыся на перадвыбарных абяцаннях Дональда Трампа, але і на яго асобасных якасцях. “Гэта чалавек моцны, рашучы, які літаральна стварыў сябе і свой лёс, прагматычны і паспяховы бізнесмен, — сказаў эксперт. — Выбраны Прэзідэнт ЗША — чалавек з новымі поглядамі, ён стане чысцільшчыкам аўгіевых стайняў, якія дасталіся яму ў спадчыну ад папярэднікаў. Ад яго чакаецца адыход ад шаблонаў, аздараўленне сітуацыі і ў Штатах, і за іх межамі”.

На думку Сяргея Мусіенкі, магчымы карэкціроўкі пазіцыі ЗША адносна сітуацыі ва Украіне і Сірыі. “Ад рэалізацыі дакладнай прагматычнай палітыкі ЗША будзе лягчэй усяму свету. І Беларусі ў тым ліку”, — лічыць палітолаг.

“Дональд Трамп — чалавек з вялікай энергетыкай, харызмай, які ўмее павесці за сабой людзей. Падтрымка на выбарах — гэта мандат даверу ад народа. Дональд Трамп выкарыстоўвае гэты мандат у інтарэсах сваёй краіны, ён можа шмат зрабіць для вырашэння існуючых у ЗША ўнутраных праблем”, — адзначае Сяргей Мусіенка.