Сёння развіццё STEAM — адзін з асноўных трэндаў у сусветнай адукацыі. На першы погляд, абрэвіятура здаецца грувасткай і складанай, але калі разабрацца, то ўсё вельмі празрыста: S — science, T — technology, E — engineering, A — art, M — mathematics, або прыродазнаўчыя навукі, тэхналогія, інжынернае майстэрства, творчасць, матэматыка. Гаворачы простай мовай, гэта методыка, што аб’ядноўвае дысцыпліны, якія становяцца самымі запатрабаванымі ў сучасным свеце.
Ні для каго не сакрэт, што для таго, каб быць паспяховым у большасці прафесій, неабходна інтэграцыя максімальнай колькасці навыкаў. Але як падрыхтаваць да гэтага дзяцей, якіх зараз вучаць па праграмах, дзе сувязь паміж прадметамі відаць толькі вельмі ўжо ўзброеным вокам? Правільна! У гэтым можа дапамагчы менавіта STEAM.
Гэтая методыка першапачаткова прадугледжвае змяшанае асяроддзе навучання і паказвае вучням, як навуковы метад можа быць прыменены да штодзённага жыцця. STEAM — гэта адзін з напрамкаў рэалізацыі праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці ў школе і па-за ёй. Тут вучэбны план заснаваны на ідэі навучання дзяцей з прымяненнем міждысцыплінарнага і прыкладнога падыходу. Замест таго каб вывучаць асобна кожную з пяці дысцыплін, STEAM інтэгруе іх у адзіную схему навучання.
Акрамя сувязей прадметаў з рэальным жыццём, гэты падыход адкрывае магчымасць для творчасці вучня. Перад ім ставіцца задача, якую неабходна вырашыць. Адзінага правільнага рашэння няма, вучню даецца поўная свабода творчасці. З дапамогай такіх заданняў дзіця не проста генерыруе цікавыя ідэі, але і адразу ўвасабляе іх у жыццё. Такім чынам яно вучыцца планаваць сваю дзейнасць, зыходзячы з пастаўленай задачы і існуючых рэсурсаў, што абавязкова спатрэбіцца яму ў рэальным жыцці.
Таксама адным з асноўных пастулатаў STEAM-адукацыі з’яўляецца парнае навучанне ў невялікіх групах. Так, напрыклад, на занятках па робататэхніцы двое вучняў працуюць за адным камп’ютарам і збіраюць адзін канструктар. Гэта зроблена зусім не для эканоміі вучэбных матэрыялаў. Такі падыход дапамагае дзецям вучыцца працаваць у камандзе, развіваць навыкі зносін, работы ў групе.
Чаму STEAM такі запатрабаваны менавіта зараз? Праблемы з пагаршэннем якасці адукацыі ў галіне дакладных навук, матывацыяй студэнтаў, колькасцю і якасцю педагогаў з’яўляюцца глабальнымі. Гэта праблема рынку, таму што работадаўцы гатовы добра плаціць спецыялістам, але школьнікі і студэнты не хочуць такія прадметы выбіраць у якасці асноўных. Менавіта таму STEAM-адукацыя або навукова-тэхнічная творчасць моладзі становіцца прыярытэтнай у краінах, дзе развіваюць высокатэхналагічную вытворчасць. Вострую неабходнасць у навукова-інжынерных кадрах разумее як дзяржава, арыентаваная на тэхналагічны прагрэс і рост інавацыйнай эканомікі, так і ІТ-кампаніі, якія адчуваюць кадравы “голад”.
Шмат у якіх краінах STEAM-адукацыя ў прыярытэце, таму што ў найбліжэйшай будучыні ў свеце і, натуральна, у Беларусі будзе рэзка не хапаць ІТ-спецыялістаў, праграмістаў, інжынераў, спецыялістаў высокатэхналагічных вытворчасцей і інш. У аддаленай будучыні з’явяцца прафесіі, якія зараз нават уявіць цяжка, усе яны будуць звязаны з тэхналогіяй і высокатэхналагічнай вытворчасцю на стыку з прыродазнаўчымі навукамі. Асабліва будуць запатрабаваны спецыялісты бія- і нанатэхналогій. Спецыялістам будучыні патрабуецца ўсебаковая падрыхтоўка і веды з самых розных адукацыйных галін прыродазнаўчых навук, інжынерыі і тэхналогіі.
Многія могуць сказаць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Так, канечне, STEAM падобна на методыкі, якія выкарыстоўваліся раней. Можна сказаць, што філасофія STEAM-адукацыі заснавана на старых добрых падыходах навучання дзяцей прафесіям на ўроках працы, хіба што змяніліся інструменты і спосабы навучання. Так вучні, акрамя фізікі і матэматыкі, вывучаюць робататэхніку, праграмаванне, пакуль канструююць і праграмуюць уласных робатаў. На занятках выкарыстоўваецца спецыяльнае тэхналагічнае лабараторнае і вучэбнае абсталяванне, такое як 3D-прынтары, сродкі візуалізацыі і інш.
Эфектыўнасць і запатрабаванасць гэтай методыкі пацвярджаецца выкарыстаннем STEAM у многіх краінах. Напрыклад, Аўстралія, Кітай, Вялікабрытанія, Ізраіль, Карэя, Сінгапур, ЗША праводзяць дзяржаўныя праграмы ў галіне STEAM-адукацыі. У Расіі таксама разумеюць гэтую праблему — адкрываюць цэнтры тэхнічнай падтрымкі адукацыі, у якіх часткова вырашаюцца задачы прыцягнення навучэнцаў да інжынернай справы і робатабудавання. Актыўна ўцягваюцца бізнес-кампаніі для рэалізацыі праектаў прадметна-арыентаванага навучання дзяцей і студэнтаў, што пацвярджае правільнасць гэтай стратэгіі ў адукацыі. У Казахстане з 2015 года таксама ажыццяўляецца рэформа сярэдняй школьнай адукацыі. У ЗША дзейнічае нацыянальная праграма па падрыхтоўцы 100 000 настаўнікаў у галіне STEAM за найбліжэйшыя 10 гадоў.
У Ізраілі была запушчана пілотная ініцыятыва: у дадатак да выніковага экзамену, які здаюць школьнікі пасля заканчэння школы, яны праводзяць абавязковую даследчую работу. Такую навуковую работу школьнікі робяць пад кіраўніцтвам цьютара — студэнта або кандыдата навук з універсітэта. Таксама з 2015 года ў нацыянальнай адукацыйнай праграме Ізраіля ўстаноўлена: 70% часу школьнікі вучацца традыцыйна, а 30% часу адводзіцца на даследаванні.
А што ж у гэты час адбываецца са STEAM-адукацыяй у Беларусі? Яна развіваецца не так хутка, як хацелася б, але таксама не стаіць на месцы. Зараз узмоцненым укараненнем STEAM займаюцца ў асноўным па асабістай ініцыятыве, а найбольшае распаўсюджванне яна атрымлівае ў сферы дзіцячай дадатковай адукацыі. Самымі яркімі прадстаўнікамі, якія ўкаранілі гэтую сістэму ў свае курсы навучання, з’яўляюцца гурткі робататэхнікі.
Мы, супрацоўнікі “Школы робататэхнікі”, пачалі ўкараняць STEAM тры гады назад. Ужо тады мы былі ўпэўнены, што гэтая інавацыйная сістэма — новае слова ў адукацыі. Наша вучэбная праграма, якую мы складалі самастойна, грунтуючыся на распрацоўках Lego, пастаянна паляпшаецца. Яна адаптавана пад асаблівасці нашай сістэмы адукацыі, пераклікаецца з ёй. Самы лепшы доказ эфектыўнасці нашай работы — поспехі на міжнародных спаборніцтвах. Самым прэстыжным з іх з’яўляецца Сусветная алімпіяда робатаў (WRO). Напрыклад, у першы год работы “Школы робататэхнікі” мы павезлі лепшых вучняў з усёй Беларусі ў Сочы, дзе праходзілі гульні WRO-2015. Нашы дзеці правялі сур’ёзную работу і ва ўсіх катэгорыях змаглі выступіць дастойна, заняўшы пазіцыі ў верхняй палове турнірнай табліцы. А ўжо другая для нас алімпіяда, якая прайшла ў Досе (Катар), дала зразумець, што была праведзена работа над памылкамі: удзельнікі з Беларусі спыніліся за крок ад п’едэстала, заняўшы 4-е месца ў адной з катэгорый і значна ўзняўшыся ў іншых. Зараз мы з заміраннем сэрца чакаем трэціх для Беларусі спаборніцтваў, якія пройдуць у Індыі. Вучні “Школы робататэхнікі” і многіх іншых гурткоў па ўсёй краіне рыхтуюцца да адборачных спаборніцтваў, якія пройдуць 15—16 кастрычніка. Мы спадзяёмся, што нашы дзеці прадэманструюць першакласныя ўменні і навыкі і зоймуць заслужаныя месцы ў тройцы лідараў.
Больш шырокае распаўсюджванне STEAM у Беларусі можа паспрыяць таму, што многія з дзяцей выберуць шлях вучонага, вынаходніка або захопяцца праграмаваннем, а наша адносна невялікая краіна ўмацуе лідарскія пазіцыі ў сферы ІТ.
Вадзім КРУЧКОЎ,
начальнік вучэбна-метадычнага аддзела “Школы робататэхнікі”.