Аб’ёмы здабычы нафты будуць замарожаны

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнікі расійскіх нафтавых кампаній на сустрэчы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным падтрымалі ініцыятыву па замарозцы аб’ёмаў здабычы на ўзроўні студзеня 2016 года.

У нарадзе з Прэзідэнтам Расіі прынялі ўдзел кіраўнікі кампаній “Раснафта”, “Лукойл”, “Башнафта”, “Сургутнафтагаз”, “Татнафта”, “Газпрамнафта”, а таксама “Незалежнай нафтавай кампаніі”.
У пачатку сустрэчы Уладзімір Пуцін паведаміў кіраўнікам нафтавых кампаній, што міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак практычна ўжо дамовіўся аб стабілізацыі здабычы нафты на міжнароднай арэне. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў: “Наша задача — захаваць устойлівасць нафтавай галіны Расіі, забяспечыць яе паступальнае развіццё і рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў”.
Як паведаміў журналістам па выніках сустрэчы міністр энергетыкі Расійскай Федэрацыі Аляксандр Новак, кампаніі падтрымалі ініцыятыву стабілізацыі здабычы, паколькі гэта дае прадказальнасць для ўдзельнікаў рынку.
Аляксандр Новак таксама паведаміў, што рашэнне аб стабілізацыі здабычы нафты публічна падтрымалі 15 краін-экспарцёраў, таму нават без Ірана гэта будзе эфектыўна, хоць для краіны магчымы індывідуальныя ўмовы. “У Ірана на сённяшні дзень асаблівая сітуацыя, паколькі ён на самых нізкіх узроўнях сваіх аб’ёмаў здабычы, таму да яго, на мой погляд, можна было б падысці індывідуальна, з асобным рашэннем”, — адзначыў ён.
Паводле слоў міністра, канчатковае рашэнне аб стабілізацыі здабычы нафты можа быць прынята ў сакавіку. Фарматы яшчэ трэба будзе абмеркаваць. Галоўнае — маніторынг дамоўленасцей. “Ініцыятыва яшчэ абмяркоўваецца. Шмат краін выказаліся ў падтрымку, далей мы будзем разам з іншымі краінамі — членамі АПЕК і не АПЕК дагаворвацца, каб сустрэцца ў сакавіку і разгледзець магчымасць прыняцця канчатковага рашэння”, — сказаў Аляксандр Новак.
Ён падкрэсліў, што стабілізацыя здабычы нафты не ставіць задачай павысіць цэны больш за $50—60 за барэль. Гэта зноў прывядзе да залішняга прапанавання. “Калі захаваць прапанаванне на ўзроўні студзеня, гэта азначае, што прапанаванне не будзе павялічвацца. А попыт у любым выпадку будзе павялічвацца. За кошт гэтага лішак у больш кароткі тэрмін знікне з рынку”, — сказаў міністр.
Цана на нафту маркі Brent па выніках 2015 года знізілася на 49,6 працэнта, а з пачатку 2016 года ўпала на 15 працэнтаў да прыкладна $33 за барэль. Сярэдняя цана нафты маркі Urals па выніках студзеня — лютага 2016 года склала $29,69 за барэль. У 2015 годзе сярэдняя цана на Urals у студзені — лютым склала $51,81 за барэль.
Цяпер вядуцца перагаворы аб магчымасці замарозкі здабычы нафты вядучымі краінамі — экспарцёрамі гэтай сыравіны. Так, 16 лютага ў сталіцы Катара Досе міністры нафты Саудаўскай Аравіі, Катара, Венесуэлы, што ўваходзяць у АПЕК, і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак правялі перагаворы па пытаннях паляпшэння цэнаснай сітуацыі на нафтавым рынку. Бакі выказаліся за гатоўнасць захаваць у сярэднім у 2016 годзе здабычу нафты на ўзроўні студзеня бягучага года, калі іншыя краіны — вытворцы нафты далучацца да гэтай ініцыятывы.
Напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на даныя трэйдынгавых кампаній паведаміла, што краіны — члены АПЕК знізілі здабычу нафты ў лютым на 280 тысяч барэляў у суткі. Здабыча нафты значна ўпала ў Іраку, Нігерыі і ў ААЭ. Разам з тым Іран і Саудаўская Аравія зніжаць здабычу нафты пакуль не настроены. Так, Саудаўская Аравія захавала аб’ёмы здабычы на ўзроўні студзеня, Іран павялічыў здабычу на 200 тысяч барэляў у суткі.