Абыякавасць і грубасць у рабоце з заяўнікамі недапушчальныя

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Арганізацыям ЖКГ неабходна павысіць выканальніцкую дысцыпліну ў вырашэнні штодзённых праблем грамадзян. Аб гэтым заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў па выніках асабістага прыёму грамадзян.

“Ёсць праблемы з выканальніцкай дысцыплінай у арганізацыях ЖКГ. Часта пытанні не вырашаюцца на месцах, хоць для гэтага часам не патрэбны вялікія затраты, а толькі правільнае тэхнічнае рашэнне, якое трэба своечасова прымяніць. Інакш такіх зваротаў проста не было б. Вымушаны канстатаваць абыякавасць і грубасць работы з заяўнікамі ў некаторых выпадках. Гэта недапушчальна, паколькі сістэма ЖКГ — кліентаарыентаваная галіна. Людзі павінны атрымліваць якасныя паслугі, а работнікі сістэмы — гэта работнікі сферы паслуг”, — сказаў Аляксандр Церахаў.

З просьбай аб вырашэнні праблем на прыём да міністра прыйшлі 14 чалавек — жыхары Мінска і сталічнай вобласці. Іх звароты тычыліся капітальнага рамонту жылых дамоў, цеплавой мадэрнізацыі, водазабеспячэння, добраўпарадкавання, налічэння жыллёвых субсідый. Так, жыхарка Смалявіч Вольга Курыльчык паскардзілася на адсутнасць гарачай вады і слабы напор, а часам адсутнасць халоднай вады ў шматкватэрным двухпавярховым доме. Аляксандр Церахаў вывучыў пытанне і паабяцаў садзейнічаць хуткаму вырашэнню праблемы. У сувязі з гэтым зваротам міністр адзначыў неабходнасць укаранення службы 115 у рэгіёнах краіны.

Вольга Курыльчык падкрэсліла, што асабістыя прыёмы грамадзян кіраўнікоў высокага ўзроўню вельмі важныя для людзей. “Без такіх прыёмаў часам немагчыма дабіцца вырашэння праблемы. Прыходзяць адпіскі, у якіх не пазначаны канкрэтныя тэрміны”, — дадала яна.

На прыём да міністра з просьбай аб пераглядзе парадку налічэння платы за ЖКП прыйшла жыхарка Мінска, інвалід II групы. У яе кватэры зарэгістраваны, але не пражывае, працаздольны член сям’і. Паводле дзеючага заканадаўства, ільготы на аплату ЖКП у гэтым выпадку не прадугледжаны. Аляксандр Церахаў адзначыў, што гэтую норму ў найбліжэйшы час плануецца перагледзець.

У час прыёму заяўнікі атрымалі неабходныя растлумачэнні. У пісьмовым выглядзе ім будуць прадастаўлены адказы на пытанні, якія патрабуюць больш дэталёвага разгляду.