На выпускным вечары гучыць вальс, і прыгожыя пары танцуюць гэты класічны танец. На дыскатэках моладзь танцуе зусім па-іншаму, але ў такі святочны дзень, напэўна, у кожнай школе і гімназіі, у кожным горадзе і вёсцы захоўваецца традыцыя — усе танцуюць вальс.
Вось і для 22 выпускнікоў 11 класа гімназіі № 5 Гродна выпускны вечар пачаўся з вальса. Усяго ж у маладзёжнай сталіцы краіны, якой Гродна стала ў гэтым годзе, святочны выпускны вальс станцавалі 2100 выпускнікоў.
Гэта было свята музыкі і танцаў, любові і надзеі, бальных сукенак і элегантных касцюмаў — у вялікае дарослае жыццё адправіўся дружны, вясёлы, актыўны, таленавіты клас. Менавіта так сказала пра сваіх вучняў класны кіраўнік настаўніца матэматыкі Наталля Васільеўна Шамрэй.
— У гэтым выпуску тры чалавекі атрымалі залатыя медалі — Яна Малышка, Вікторыя Бойчык і Элізабэта Вышнікава. Многія адзначаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя дасягненні ў вывучэнні асобных прадметаў, — расказвае Наталля Васільеўна. — А яшчэ яны былі актыўнымі ва ўсіх справах: як валанцёры дапамагалі ветэранам педагагічнай працы, удзельнічалі ў навуковых і творчых мерапрыемствах.
Гімназію № 5 Гродна па праве можна назваць творчай. Тут дзеці развіваюць свае здольнасці ў харэаграфіі і выяўленчым мастацтве, музычным і тэатральным мастацтве. Сем аматарскіх калектываў гімназіі маюць званне “ўзорны”. З 2011 года ў гімназіі працуе філіял кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, наладжана супрацоўніцтва з каледжам мастацтваў, гуманітарным каледжам, абласнымі аддзяленнямі Саюза мастакоў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, драматычным тэатрам і тэатрам лялек, філармоніяй. Падтрымліваюцца сувязі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.
Выпускнікі гэтага года да 9 класа вучыліся ў класах з творчым ухілам. У 10 і 11 класах іх аб’ядналі ў адзін калектыў, дзе па групах на паглыбленым узроўні яны вывучалі матэматыку, біялогію, рускую і англійскую мовы, не расстаючыся з творчасцю.
Шчырыя словы падзякі за веды, падтрымку ва ўсіх справах выпускнікі выказалі сваім настаўнікам і бацькам, а ў канцы вечара запрасілі іх на танец.
— Усе нашы дзеці творчыя, — гаворыць дырэктар гімназіі Вольга Генадзьеўна Хітрушка. — Працаваць з імі складана, але цікава. Падрыхтоўку да выпускнога яны ажыццяўлялі самастойна, канечне, пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліны Чаславаўны Танкевіч. Дзеці самі пішуць сцэнарый, рыхтуюць творчыя нумары. Вось і вядучымі ўрачыстасці былі нашы выпускніцы Соф’я Протас і Арына Войтас.
Не засталіся ўбаку і бацькі. Яны падрыхтавалі сваім дзецям творчыя падарункі: праспявалі жартоўныя прыпеўкі, паказалі відэафільм аб школьных гадах сваіх дзяцей, чым выклікалі слёзы ў такіх ужо дарослых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Шмат добрых, натхняльных слоў прагучала ў гэты вечар для выпускнікоў. Першая настаўніца Анжаліка Віктараўна Былеўская выказала пачуцці ўсіх педагогаў і бацькоў простымі, але такімі важнымі словамі: “Мы вас любім! Мы ў вас верым!”
У добры шлях, выпускнік-2021!
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.