Рэжым надзвычайнага становішча, уведзены ў Францыі пасля тэрактаў 13 лістапада 2015 года, будзе прадоўжаны яшчэ на тры месяцы — да мая. Такое рашэнне зацвердзіў сенат рэспублікі.
У падтрымку законапраекта аб прадаўжэнні рэжыму надзвычайнага становішча выказаліся 316 сенатараў, 28 членаў верхняй палаты парламента прагаласавалі супраць.
Выступаючы перад сенатарамі, міністр унутраных спраў падкрэсліў, што дзеянне надзвычайнага становішча не будзе бясконцым і яго ведамства ўжо цяпер разглядае перспектыву вяртання да звычайнага рэжыму бяспекі. “Што датычыцца працягласці, я, зразумела, кожны дзень рыхтуюся да выхаду з надзвычайнага становішча, прымаючы пэўныя меры”, — сказаў кіраўнік МУС.
Рэжым надзвычайнага становішча ўведзены ў Францыі з адабрэння парламента пасля парыжскіх тэрактаў 13 лістапада, калі ад рук радыкальных ісламістаў загінулі 130 чалавек і некалькі соцень атрымалі раненні. Асаблівае становішча было ўстаноўлена спачатку тэрмінам на 12 дзён і потым прадоўжана на тры месяцы. Тэрмін яго дзеяння да гэтага галасавання павінен быў закончыцца 26 лютага.
Магчымасць прадаўжэння надзвычайнага становішча раней неаднаразова выклікала ў Францыі крытыку прадстаўнікоў як правых, так і левых палітычных сіл. На думку праціўнікаў такога кроку, далейшае ўзмацненне рэжыму бяспекі, які абмяжоўвае правы грамадзян і грамадскія свабоды, бачыцца неапраўданым і немэтазгодным.