Ад ідэі — да прыбытку

- 11:05Адукацыйная прастора

Лялькі-траўніцы, крэатыўныя шпакоўні, сувеніры з керамікі і тратуарная плітка — школьныя бізнес-кампаніі Віцебскага раёна пашыраюць асартымент.

— Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Віцебскім бізнес-цэнтрам мы рэалізавалі ініцыятыву “Стварэнне і развіццё школьнага эколага-арыентаванага бізнесу ў раёне як фактар устойлівага эканамічнага развіцця рэгіёна ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні”, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльнай работы Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Іда Сітнікава. — Гэты праект ажыццявіла Праграма развіцця ААН пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза, а выканаўцам выступіла Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя праекта, безумоўна, паспрыяла пашырэнню доступу сельскай моладзі да бізнес-адукацыі, авалоданню навыкамі бізнес-планавання, вядзення ўласнага бізнесу.

Установы адукацыі раёна распрацавалі 25 бізнес-ідэй, з якіх шляхам конкурснага адбору было вылучана 12 самых цікавых і перспектыўных. Абавязковай умовай арганізатараў конкурсу была экалагічная накіраванасць будучай бізнес-кампаніі, значная ўвага звярталася на актыўны ўдзел навучэнцаў у праекце, яго прыбытковасць, запатрабаванасць і малазатратнасць. Школьнікаў і педагогаў пазнаёмілі з асновамі бізнес-планавання. Абарона бізнес-планаў, прэзентацыя адпаведных праектаў прайшлі паспяхова і далі старт рабоце. Сёння большасць разлікаў прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў поўнасцю апраўдаліся: іх прадукцыя дастойна канкурыруе на мясцовым рынку тавараў і паслуг дзякуючы невялікаму кошту, арыгінальнаму дызайну і гарантавана высокай якасці. Напрыклад, стваральнікі бізнес-кампаніі з Далжанскай сярэдняй школы прапануюць набыць лекавыя травы, чаі і фітачаі, блізкая па напрамку дзейнасці “Зялёнай крамы” з Воранаўскай сярэдняй школы: лялькі-траўніцы, падушкі для сну, дэкаратыўныя ўпрыгажэнні і венікі для лазні. Навучэнцы Альгоўскага ясляў-сада — базавай школы спецыялізуюцца на выпуску глінянай керамікі. Брэндам Кіраўскай сярэдняй школы сталі размаляваныя экалагічнымі фарбамі шпакоўні і сінічнікі. Акрамя дызайнерскіх, прадаюцца і звычайныя птушыныя домікі і кармушкі. Юныя бізнесмены адразу тлумачаць пакупнікам: калі трэба набыць домік, дзе птушкам будзе камфортна, варта аддаць перавагу класіцы — наўрад ці птушкі ацэняць мастацкае афармленне жытла. А вось як арыгінальны элемент ландшафтнага дызайну, упрыгажэнне прысядзібнага ўчастка яркія і прывабныя вырабы кіраўчан многім прыйшліся даспадобы. З моманту запуску бізнес-праекта старшакласнікі змаглі зарабіць больш за 250 рублёў пры кошце аднаго крэатыўнага птушынага катэджа 5 рублёў, у выпадку аптовага продажу прадугледжаны зніжкі. Аднак попыт на шпакоўні хоць і стабільны, але сезонны: яго пік якраз прыпадае на люты. Выйсце школьнікі бачаць у асваенні новага асартыменту — размаляваных паштовых скрынь і кухарскіх дошак.

— Рэалізацыяй аднаго праекта справа не абмяжоўваецца, — падкрэсліла Іда Сітнікава. — Развіваюцца дзеючыя школьныя бізнес-кампаніі, расце колькасць новых як у Віцебскім, так і ў іншых раёнах вобласці. Ім дадзена “зялёнае святло” і аказваецца велізарная падтрымка, у тым ліку нарматыўная.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.