Ад космасу да медыцыны: чым яшчэ здзівіў Фестываль навукі?

- 11:04Актуально

У краіне створана шмат магчымасцей для рэалізацыі моладзі, а яе любое пачынанне і ўклад у навуку будуць высока ацэнены і дазволяць Беларусі развівацца. На гэтым падчас ура­чыс­тага адкрыцця Фес­тывалю навукі, які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук, акцэнтавала ўвагу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Беларусь уваходзіць у пералік краін з развітой навукай, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Калі бачыш столькі маладых людзей, якія прадстаўляюць свае навуковыя распрацоўкі, і столькі моладзі сярод наведвальнікаў, становіцца відавочным, што ў краіны ёсць будучыня і яна вельмі светлая і прагрэсіўная.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі нагадала, што ў свой час у краіне былі не толькі захаваны ўсе навуковыя школы, якія дзейнічалі на той момант, але і створаны новыя. Дзякуючы такому падыходу, Беларусь уваходзіць у пералік краін, якія займаюцца ядзернымі распрацоўкамі, космасам, вывучэннем Антарк­тыкі.

— У нас праводзіцца сур’ёзная работа, а зна­чыць, маладым навукоўцам ёсць куды прыходзіць, — падкрэс­ліла Наталля Пяткевіч. — Таму звяртаюся да ўсіх маладых людзей: прыходзьце ў навуку, ад яе сёння многае залежыць!

Пра тое, што ў любой краіне менавіта навука з’яўляецца падмуркам для развіцця грамадства і эканомікі, нагадаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

— У нас выбудавана дзейсная сістэма падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, — дадаў А.Іванец. — Пачынаючы са школы, нашы дзеці з міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў прывозяць медалі самай высокай вартасці. Сёлета яны чарговы раз пацвер­дзілі, што Беларусь — краіна інтэлектуальная. Пасля гэтыя дзеці становяцца лаўрэата­мі спецыяльных фондаў Прэзідэнта па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, маладымі вучонымі, прыхо­дзяць у навуку. Сёння на фес­тывалі мы ўбачылі сучас­насць і будучыню нашай краіны.

Фестывальная пляцоўка Міністэрства адукацыі была прадстаўлена навуковай дзейнасцю 26 УВА. Разам з імі свае работы прэзентавалі Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр. На ўсіх лакацыях маладыя вучоныя прадстаўлялі ўнікальныя праекты і распрацоўкі.

Цікавымі ідэямі на Фестывалі навукі падзяліліся пачынаючыя навукоўцы.

Напрыклад, студэнткі 3 курса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Аліна Несцяровіч і Дар’я Палячок, якія вучацца на новай спецыяльнасці “Урбаналогія і сіці-менеджмент”, папулярызуюць геаграфічныя інфармацыйныя сістэмы — ГІС-тэхналогіі. Дзяўчаты зацікавіліся гэтым кірункам, калі ён з’явіўся ў раскладзе заняткаў.

— Сэнс ГІС-тэхналогій у тым, што спачатку на карту кропкава наносім вызначаныя аб’екты, пасля чаго на аснове атрыманых даных складаем атласы, экскурсіі ці выбіраем іншую форму падачы інфармацыі, — тлумачыць Аліна Несцяровіч. — Па выніках работы выпускаем буклеты, у якіх прадстаўлены нашы ідэі.

Асаблівую папулярнасць у маладых навукоўцаў БрДУ імя А.С.Пушкіна атрымала стварэнне экскурсійных вэб-дадаткаў. ­Адзін з апошніх прысвечаны Брэсту і той яго тэрыторыі, якая ахоўваецца. Пасля прэзентацыі ідэі дадаткам зацікавіліся спецыяліс­ты Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і ўзялі сабе ў работу.

— На сваім YouTube-канале мы вучым школьнікаў, настаўнікаў і студэнтаў УВА ствараць экскурсіі і вэб-дадаткі па адпаведных тэмах, — дадае Дар’я Палячок. — Нам прыходзіць многа водзываў са школ, ад педагогаў, якія дзякуюць за тое, што мы дапамагаем вучыць дзяцей новаму.

Распрацоўка студэнтаў Брэс­цкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна — адно са 145 дасягненняў навуковай мола­дзі, якія былі прадстаўлены на лакацыі “100 навацый маладых вучоных”. Тут жа сваім унікальным праектам — настольна-ролевай гульнёй, пабудаванай на аснове работ віцебскага фалькларыста, этнографа і краязнаўца Мікалая Нікіфароўскага, — па­дзялілася студэнтка 3 курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валерыя Мя­дзведзева.

— Распрацоўка створана ў тэхніцы эд’ютэймент (навучанне праз гульню), — тлумачыць В.Мядзведзева. — Дзякуючы нашай ідэі, гульцы адпраўляюцца ў забаўляльнае падарожжа, даследуючы Віцебск ХІХ—ХХ стагоддзяў. Падчас падарожжа яны ўзаемадзейнічаюць з рэальнымі гістарычнымі персанажамі.

Пералічваючы перавагі гульні, студэнтка ВДУ імя П.М.Машэрава назвала падпарадкаванне ­адзінай сюжэтнай лініі, спалучэнне ў ёй рэальных гістарычных падзей і прыдуманых гульнявых сітуацый.

— Нашу гульню можна выкарыстоўваць у турыстычнай сферы, — дадае малады вучоны. — Тэматыка і афармленне робяць яе незвычайным і прывабным спосабам вывучэння гісторыі роднага краю.

Цікавай па сваім напаўненні стала тэматычная пляцоўка “Універсітэт будучыні”. Тут на працягу ўсяго фестывальнага дня навукова-папулярныя лекцыі чыталі маладыя выкладчыкі вядучых універсітэтаў краіны. А каб гасцям мерапрыемства было прасцей сарыентавацца, “Універсітэт будучыні” быў падзелены на тэматычныя блокі.

У першым дэманстраваліся найбольш значныя дасягненні маладых вучоных УВА, а таксама праекты навучэнцаў і выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. На другой пляцоўцы арганізавалі выставу новых падыходаў да навучання, майстар-класы і квізы. Іх праводзілі не толькі прадстаўнікі ўніверсітэтаў і Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, але і супрацоўнікі ААТ “БелАЗ” і “Нафтан”. Самай цікавай для школьнікаў стала трэцяя пляцоўка — дыялогавая. Тут можна было задаць любыя пытанні.

Дарэчы, навучэнцы школ змаглі прыняць удзел у больш чым 40 майстар-класах, вучыліся кіраваць беспілотнымі лятальнымі апаратамі, праходзілі квесты і спрабавалі сябе ў розных кірунках дзейнасці — вырабе керамікі, бірулек і інш. Заўсёды актуальная для школьнікаў тэма выбару прафесіі, таму яны з задавальненнем абмяркоўвалі з маладымі вучонымі перспектывы паступлення на тыя ці іншыя спецыяльнасці.

Штогод на фестывалі вызначаюцца галоўныя пляцоўкі. Сёлета імі сталі “Космас”, “Медыцына”, “Смак навукі”, “Лабараторыя” і інш. Паслухаць лекцыі пра космас, а таксама паглядзець праз шматлікія тэлескопы на неба і паспрабаваць заўважыць на ім касмічныя аб’екты было вельмі многа жадаючых. Тых, хто цікавіцца медыцынай і хацеў паслухаць лекцыі пра стаматалогію, анкалогію, хваробы крыві і даведацца, над стварэннем якіх вакцын і лекаў працуюць у нашай краіне, было не менш.

Вучоныя, якія прадстаўлялі кірунак па экалогіі, прапаноўвалі абмеркаваць пытанні перапрацоўкі адходаў, ачысткі вады і паветра, тэму ультрафіялетавага выпраменьвання. Прырода нашай краіны, а таксама даследаванне Арктыкі і Антарктыкі таксама знайшлі адлюстраванне ў дыялогу з гасцямі фестывалю. А на пляцоўцы ATOM TEAM, якую арганізаваў інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі “Рас­атам”, расказвалі аб прарыўных даследаваннях і распрацоўках у галіне выкарыстання энергіі мірнага атама.

— Сёння наша моладзь працуе па ўсіх прарыўных навуковых напрамках, — сказаў старшыня савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. — У межах Фестывалю навукі была арганізавана выстава-конкурс “100 навацый маладых вучоных”, на якой былі прадстаўлены актуальныя распрацоўкі па шасці напрамках. У гэтым го­дзе конкурс прайшоў ужо трэці раз, на ім было прадстаўлена 145 праектаў, каля 60% якіх — распрацоўкі вучоных НАН. Ёсць праекты з сістэмы Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Акадэміі МУС. Наша моладзь цікавіцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, біятэхналогіямі. Інжынерныя спецыяльнасці таксама атрымліваюць развіццё, як і гуманітарная навука.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА