Ад кухара да мастака-мадэльера

- 12:44Выбар прафесіі

Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж — сучасная двухузроўневая ўстанова прафесійнай адукацыі з развітой матэрыяльна-тэхнічнай базай, адзін з лідараў у падрыхтоўцы па складаных і сумешчаных спецыяльнасцях — ад кухара да тэхніка-тэхнолага, ад цырульніка да мастака-мадэльера, ад слесара да тэхніка-механіка. З улікам запатрабаванасці ў рэгіёне каледж ажыццяўляе перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў.


— Унашай установы багатая і слаўная гісторыя. Сёння мы беражліва захоўваем традыцыі і памнажаем дасягненні ў справе навучання моладзі. Выкладчыкі і майстры каледжа не толькі перадаюць веды і развіваюць інтэлект навучэнцам, але і прывіваюць ім любоў да здаровага ладу жыцця і самаўдасканалення. Менавіта такой павінна быць сучасная адукацыя, — разважае дырэктар каледжа Ганна Бурэнь.

Да выбару спецыяльнасці маладое пакаленне падыходзіць даволі прагматычна, і гэта правільна. Абавязковы крытэрый выбару — працаўладкаванне: попыт на маладых спецыялістаў з дыпломам канкрэтнай установы адукацыі сведчыць аб узроўні прафесійнай падрыхтоўкі.

Не менш важна, каб і ўмовы навучання былі дастойнымі. Тут варта пільна прыгледзецца да матэрыяльна-тэхнічнай базы, параўнаць абсталяванне, на якім трэба будзе вучыцца, з тым, што выкарыстоўваецца ў сучаснай вытворчасці, каб пасля вучобы з дыпломам у кішэні не глядзець на незнаёмую тэхніку, нібы на касмічны карабель.

Для іншагародніх вырашальны фактар — прадастаўленне месцаў і камфортныя ўмовы пражывання ў інтэрнаце. Пажадана, каб вольны час быў багатым на падзеі, былі магчымасці для асабістага развіцця. Таму варта азнаёміцца з творчымі дасягненнямі навучэнцаў і гурткамі, аб’яднаннямі па інтарэсах, спартыўнымі секцыямі. Завітаць на стадыён, у спартыўную залу, бібліятэку, пацікавіцца меню ў сталоўцы, асартыментам у буфеце — таксама будзе не лішнім. Нарэшце, асобную ўвагу неабходна звярнуць на перспектывы працягу вучобы па выбраным кірунку на больш высокай ступені. Прыемна адзначыць, што хіміка-тэхналагічны каледж адпавядае ўсім пералічаным патрабаванням.

На дзённай форме каледж будзе праводзіць набор па 8 спецыяльнасцях і 18 кваліфікацыях узроўню прафесійна-тэхнічнай і па 4 спецыяльнасцях узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тут набываюць прафесіі будучыя швачкі, ткачы і размотчыкі шклоніткі, цырульнікі і майстры па манікюры, кухары і кандытары, прадаўцы, а таксама муляры і электрагазазваршчыкі, слесары-рамонтнікі, аператары атрымання бесперапыннага шкловалакна, рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў. На аснове базавай сярэдняй (з атрыманнем агульнай сярэдняй) адукацыі тэрмін навучання складае 3 гады, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 1 год.

— Абітурыентам, якія нацэлены на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мы прапануем 4 спецыяльнасці ў дзённай і завочнай формах навучання: “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”, — расказвае загадчык аддзялення падрыхтоўкі ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі Людміла Славінская. — Як бачыце, у нас вельмі разнапланавае аддзяленне. Падрыхтоўка па трох першых з названых спецыяльнасцей вядзецца на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а значыць, да нас прыходзяць мэтанакіраваныя і матываваныя навучэнцы. Дарэчы, амаль на 80% гэтыя групы складаюцца з нашых выпускнікоў, якія маюць адпаведныя рабочыя прафесіі. Будучых ратавальнікаў прымаем на базе агульнай сярэдняй адукацыі пасля папярэдняга адбору ў падраздзяленнях МНС. Абавязковае патрабаванне — моцнае здароўе і высокая фізічная падрыхтоўка. Практычна на ўсе спецыяльнасці ёсць конкурс, што дае магчымасць выбраць лепшых і атрымаць у выніку дасведчаных, запатрабаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў.

Да выбару спецыяльнасці маладое пакаленне падыходзіць даволі прагматычна. Абавязковы крытэрый — працаўладкаванне: попыт на маладых спецыялістаў з дыпломам канкрэтнай установы адукацыі сведчыць аб узроўні прафесійнай падрыхтоўкі.

Тэрмін навучання ў будучых тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, мастакоў-мадэльераў складае 1 год і 10 месяцаў, ратавальнікі вучацца 2 гады і 10 месяцаў. Вучэбныя праграмы прадугледжваюць падрыхтоўку на найноўшым абсталяванні як непасрэдна ў каледжы, так і на прадпрыемствах, дзе потым будуць працаваць маладыя спецыялісты. Такім чынам перыяд іх адаптацыі да ўмоў вытворчасці скарачаецца да мінімуму. Рэальнаму сектару эканомікі патрэбны высокакваліфікаваныя кадры, таму ў многіх выпадках атрыманыя ў каледжы веды, практычныя навыкі і ўменні збліжаюць рабочых з інжынерна-тэхнічнымі спецыялістамі.

Каледж арыентуецца найперш на рэгіянальны рынак, рыхтуе кадры пад запыты канкрэтных прадпрыемстваў, з якімі наладжана цесная сувязь. Напрыклад, на хіміка-тэхналагічнае аддзяленне паступаюць будучыя рабочыя і спецыялісты, якія потым працаўладкоўваюцца пераважна на ААТ “Полацк-Шкловалакно”. На прафесійны выбар уплывае гарантыя паспяховага працаўладкавання, а імкненне пачаць працоўную дзейнасць у калектыве гэтага вядучага галіновага прадпрыемства не ў апошнюю чаргу прадыктавана перспектывай атрымліваць дастойную заработную плату.

Высокую якасць прафесійнай падрыхтоўкі аддзяленне грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва і лёгкай прамысловасці забяспечвае ў выдатна абсталяваных вучэбных майстэрнях. Вырабленая там прадукцыя паспяхова рэалізуецца, асаблівым попытам яна карыстаецца ў пакупнікоў на абласных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах.

Аб прафесійным узроўні навучэнцаў, выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання красамоўна сведчаць вынікі іх удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Калекцыя дыпломаў шыкоўная, і кожны яе “экспанат” — гісторыя, вартая асобнай публікацыі. Напрыклад, летась на міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, што праводзіцца ў рамках Міжнароднай харчовай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа”, навучэнцы і выкладчыкі заваявалі 4 залатыя і 3 сярэбраныя медалі. Прычым гэта не адзінкавы поспех: у 2016 годзе з таго ж чэмпіянату палачане прывезлі 2 залатыя і 4 сярэбраныя медалі — дынаміка відавочная. Стабільна ўдала прадстаўнікі каледжа выступаюць і на міжнародным фестывалі прыгажосці “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу, міжнародных конкурсах цырульніцкага мастацтва “Ружа вятроў” і “Мінскі вернісаж”. Юныя майстры ўваходзяць у склад Лігі творчай моладзі Рэспублікі Беларусь.

З 2015 года ў каледжы рыхтуюць тэхнікаў па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый — сёлета якраз адбудзецца першы выпуск маладых спецыялістаў. Будучыя ратавальнікі з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на лепшы маладзёжны атрад аховы правапарадку па ўзаемадзеянні з падраздзяленнем па надзвычайных сітуацыях.

Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі вольнага часу навучэнцаў: выдатная спартыўная база, амаль 20 аб’яднанняў дадатковай адукацыі розных напрамкаў і спартыўных секцый — кожны можа выбраць занятак па душы. На рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах, фестывалях “Арт-вакацыі”, “Праз творчасць да майстэрства”, выставе-аглядзе тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледж штогод у лідарах.

Высокатэхналагічным абсталяваннем — ад японскай швейнай машынкі да 3D-прынтара — навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа не здзівіць. Затое як магнітам прыцягвае новая тэхніка будучых абітурыентаў. У шосты школьны дзень у рэсурсным цэнтры, кірункамі якога з’яўляюцца швейная вытворчасць, цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка, яблыку няма дзе ўпасці! Асабліва падабаюцца школьнікам не відэаролікі і выступленні агітбрыгад, а майстар-класы ад навучэнцаў каледжа: асабісты прыклад — краевугольны камень прафарыентацыйнай работы. Пазнаёміцца з дзіва-агрэгатам і правільна прывесці яго ў дзеянне, самому навучыцца заплятаць мудрагелістыя коскі, выпякаць смачныя булачкі — як гэтым не зацікавіцца! Прычым назіраецца тэндэнцыя: школьнікі прыходзяць у каледж разам з бацькамі і зноў жа разам на практыцы знаёмяцца з прафесіямі, пераймаюць вопыт майстроў, выпрабоўваюць тэхніку.

Менавіта хіміка-тэхналагічнаму каледжу Віцебшчына даверыла распрацоўку і пашыў касцюмаў для каманды ўдзельнікаў заключнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus—2018.

Сцежку ў рэсурсны цэнтр добра ведаюць тыя, хто прывык выглядаць прыгожа і эфектна. Плата за паслугі ў цырульні сімвалічная, а якасць работы гарантаваная. Акрамя таго, навучэнцы пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання актыўна займаюцца валанцёрствам. Кожную пятніцу — выезд у сацыяльны прытулак: маладыя цырульнікі робяць дзецям бясплатныя прычоскі і стрыжкі. Выдзелены час на бясплатнае абслугоўванне абароненых катэгорый насельніцтва на месцы, а для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей з абмежаванымі магчымасцямі арганізавана надомнае абслугоўванне. Месца павышанай увагі — хоспіс, дзе маладыя цырульнікі вучацца абслугоўваць людзей з цяжкім станам здароўя.

Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, якаснай, а ў шэрагу выпадкаў эксклюзіўнай і высокамастацкай атрымліваецца швейная прадукцыя, вырабленая ў каледжы. Сёлета ўстанова адукацыі пашырае набор па спецыяльнасці “Швачка”. А ў будучыні тут спадзяюцца аднавіць спецыяльнасць мадэльера-канструктара для швейнай прамысловасці.

— Навучыць прафесіі неабходна, але яшчэ больш важна навучыць думаць, як удасканальваць сваю работу, уключацца ў інавацыйную дзейнасць, — адзначае Ганна Станіславаўна. — Толькі так можна адаптавацца да зменлівых умоў сучаснай вытворчасці. На гэта як адзіны зладжаны механізм працуе ўвесь наш калектыў. Перад нашымі выпускнікамі штораз адкрываюцца перспектывы. Так, у сувязі з адкрыццём атамнай электрастанцыі ў Астраўцы там чакаюць спецыялістаў па профілі МНС, а гэта добрая зарплата, забяспечанасць жыллём, сацыяльны пакет.

Гісторыя каледжа штодня пішацца навучэнцамі і выпускнікамі, выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання. Яна непарыўна звязана з гісторыяй Полацка і Беларусі — і гэтая гісторыя дае надзею і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Таццяна БОНДАРАВА.