У пятніцу ў Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі С.А.Маскевіча з в’етнамскай дэлегацыяй кіраўнікоў і супрацоўнікаў структурных падраздзяленняў Універсітэта Бінь Зыёнг, якія ўпершыню наведалі Беларусь. Візіт в’етнамскіх калег узначаліў рэктар універсітэта, прафесар, акадэмік Каа Ван Фыёнг. З беларускага боку гасцей сустракалі рэктар БДУ С.У.Абламейка, начальнікі ўпраўленняў галіновага міністэрства.
— Наша супрацоўніцтва настолькі цеснае і прадукцыйнае, што ваш візіт мы ўспрымаем як чарговы крок у далейшых дзелавых і сяброўскіх зносінах, — адзначыў на пачатку сустрэчы Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Сёння нашы намаганні павінны быць скіраваны на пашырэнне і ўзмацненне сувязей паміж нашымі ўніверсітэтамі, непасрэдна паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Таму візіт нашых калег з вядомага в’етнамскага ўніверсітэта стаў пацвярджэннем узаемнай зацікаўленасці ў сумесных дзеяннях.
Рэктар в’етнамскага ўніверсітэта Каа Ван Фыёнг расказаў, што навучальная ўстанова створана больш за 15 гадоў назад. За гады існавання прыватны Універсітэт Бінь Зыёнг стаў адной з вядучых навучальных устаноў В’етнама, дзе сёння вучыцца больш за 25 тысяч студэнтаў. Палова з іх атрымоўвае веды па дыстанцыйнай сістэме з выкарыстаннем нацыянальных тэлеканалаў. Такая форма найбольш прымальная для той часткі маладых людзей, якія жывуць у аддаленых правінцыях Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
Універсітэт Бінь Зыёнг вядзе падрыхтоўку кадраў на некалькіх адукацыйных узроўнях, у тым ліку на сярэднім прафесійным, на ўзроўні каледжа, вышэйшым узроўні, па бесперапыннай і пасляўніверсітэцкай адукацыі. В’етнамскі ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў для самых розных сфер дзейнасці. Так, у прыватнасці, у навучальнай установе адкрыта 15 факультэтаў, сярод якіх факультэты электронікі, філалогіі, інфарматыкі, архітэктуры і іншых. За час існавання УВА былі падрыхтаваны тысячы спецыялістаў. Універсітэт вельмі цесна супрацоўнічае з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі іншых краін, у тым ліку Расіі, ЗША, Кітая, Японіі. Ужо больш за тры гады Універсітэт Бінь Зыёнг узаемадзейнічае з БДУ.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік С.У.Абламейка з’яўляецца Ганаровым членам Навуковага савета в’етнамскага ўніверсітэта. У рамках міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва ў мінулым годзе быў створаны Беларуска-В’етнамскі інавацыйна-адукацыйны і навукова-тэхналагічны цэнтр. Беларускае аддзяленне цэнтра функцыянуе на базе БДУ, а в’етнамскае — на базе Універсітэта Бінь Зыёнг і кампаніі Venture Capital & Equity Investment Holding Inc.
Як заўважыў С.У.Абламейка, галоўнай мэтай такога цэнтра з’яўляецца развіццё сувязей паміж краінамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры, што, безумоўна, спрыяе ўмацаванню кантактаў паміж Беларуссю і В’етнамам. Рэктар расказаў, што ў час візіту дэлегацыі БДУ ў Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам, які адбыўся вясной гэтага года, паміж двума ўніверсітэтамі было падпісана Пагадненне аб стварэнні лабараторыі прымянення інфармацыйных тэхналогій у медыцыне, што пашырыць перспектывы міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі.
Па словах кіраўніцтва в’етнамскага ўніверсітэта, ёсць намер наладзіць сувязь з БДУ і па такім кірунку, як стварэнне сумесных вытворчасцей, якія стануць практычным увасабленнем навуковых праектаў.
На сустрэчы вялася гаворка аб адкрыцці філіяла факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ на базе Універсітэта Бінь Зыёнг. Па словах кіраўнікоў універсітэтаў дзвюх краін, ужо вядзецца работа па фарміраванні кадравага складу гэтай структуры, распрацоўваюцца вучэбныя праграмы.
— Прыемна адчуваць, што паміж нашымі краінамі ў сферы адукацыі ўсталяваны вельмі цесныя адносіны, — заўважыў С.А.Маскевіч. — І на гэты раз мы намецілі канкрэтныя дамоўленасці ў адукацыйнай галіне, якія плануем ажыццявіць у самы бліжэйшы час. Хачу заверыць абодвух кіраўнікоў універсітэтаў, што з боку Міністэрства адукацыі заўсёды будуць падтрыманы сумесныя праекты, якія скіраваны на развіццё эканомік абедзвюх краін, на ўзмацненне сяброўскіх адносін паміж імі.