Ад пастуха да прафесара БДУ

- 16:19Культура

18 чэрвеня 2018 года — 105-годдзе беларускага літаратуразнаўца, крытыка, педагога, журналіста Ф.І.Куляшова

Беларускі народ даў свету не толькі выдатных пісьменнікаў, але і  таленавітых літаратуразнаўцаў, крытыкаў, педагогаў, журналістаў. Пачэснае месца сярод іх займае загадчык кафедры рускай класічнай літаратуры  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар  Фёдар Іванавіч Куляшоў.

Яго жыццёвы шлях пачаўся 18 чэрвеня 1913 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Вялікія Стралкі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Рана застаўшыся  без бацькоў, маленькі Федзя быў пастухом і парабкам. У 1925—1930 гадах  хлопчык выхоўваўся ў дзіцячых дамах у Бабруйску і Пірэвічах. У 1931—1933 гадах Фёдар Куляшоў працаваў літаратурным супрацоўнікам рагачоўскай газеты “Камунар” і ўласным карэспандэнтам газеты “Савецкая Беларусь”. Пасля заканчэння Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута ў 1935 ­годзе працаваў у школе выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Кіраў­ску. Потым Фёдар Іванавіч вучыўся завочна на аддзяленні мовы і літаратуры ў Ленін­градскім педагагічным інстытуце імя М.М.Пакроўскага (пазней стаў насіць імя А.І.Герцэна), які скончыў у 1944 годзе.

Па некаторых звестках, упершыню Ф.І.Куляшоў быў арыштаваны на непрацяглы час у 1935 годзе. А 26 красавіка 1938 года Фёдар Іванавіч зноў быў арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў зняволення і знаходзіўся ў Варкутлагу. Па іншых звестках, Фёдар Куляшоў быў арыштаваны 26 сакавіка 1939 года і асуджаны 26 мая 1939 года Мурманскім абласным судом на пяць гадоў папраўча-працоўных лагераў па артыкуле 58, пункце 10 Крымінальнага кодэкса РСФСР “За захаванне антысавецкай літаратуры (пры вобыску былі знойдзены раманы Б.Пільняка і Б.Ясенскага). За тры гады да яго смерці, 24 студзеня 1990 года, Ф.І.Куляшоў быў рэабі­літаваны Вярхоўным судом РСФСР.

У 1973 годзе, калі Фёдар Іванавіч пісаў аўтабіяграфію (“З майго мінулага”) і яшчэ не быў рэабілітаваны, ён не хацеў расказваць, што стаў ахвярай палітычных ­рэпрэсій, і прыдумваў іншыя біяграфічныя даныя. Таму мы чытаем: “Вясной 1935 года, скончыўшы двухгадовы педінстытут, я па ўласнай просьбе быў камандзіраваны ў Запаляр’е, дзе яшчэ ніколі не быў. З восені пачаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе Хібінагорска (Кіраўска) — у 5 — 10 класах. Працаваў і ў Апацітах. Завочна вучыўся ў Ленінградскім педінстытуце імя Герцэна. Водпуск праводзіў у Ленінградзе і Рагачове, Растове або Таганрогу.

Вайна застала ў Растове-на-Доне. Разам з сям’ёй (ён ажаніўся ў 1934 годзе. — Э.І.) прыйшлося эвакуіравацца на Усход. Апынуліся ў Міясе. Да лютага 1942 года знахо­дзіўся ў працоўнай арміі (з воінскага ўліку быў зняты яшчэ ў 1934 годзе), потым вярнуўся на настаўніцкую працу ў адну са школ Міяскага раёна. З лістапада 1943 года быў на пасадзе пісара ваенна-перасыльнага пункта ў Чэлябінску, а ў пачатку наступнага года (люты) быў залічаны  на працу ў Чэлябінскі механіка-машынабудаўнічы інстытут выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Вясной 1944 года здаў дзяржаўныя экзамены ў Ленінградскім педінстытуце імя Герцэна, які знаходзіўся ў эвакуацыі ў Кыштыме”.

Пасля вызвалення ў 1943 ­годзе Ф.І.Куляшоў выкладаў рускую мову і літаратуру ў Кундравінскай сярэдняй школе Міяскага раёна Чэлябінскай вобласці, з лютага 1944 года — у Чэлябінскім механіка-машынабудаўнічым інстытуце, а ў 1945—1950 гадах — у Кустанайскім настаўніцкім інстытуце. Ён самастойна падрыхтаваў і ў 1949 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Ранний Куприн” у Ленінградскім педінстытуце, а праз некалькі месяцаў яму прысвоілі вучонае званне дацэнта. Адзін навучальны год (1950/1951) Фёдар Іванавіч быў загадчыкам кафедры рускай літаратуры Кзыл-Ардынскага педінстытута (Казахская ССР). У 1951—1955 гадах працаваў дацэнтам кафедры рускай і ўсеагульнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў 1955—1961 гадах — на такой жа пасадзе ў Сахалінскім педінстытуце. У 1961 годзе Фёдар Іванавіч вярнуўся ў БДУ і працаваў там да 1990 года. У 1964 годзе стаў доктарам філалагічных навук, а ў 1965 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Тры гады (1966—1969) Ф.І.Куляшоў быў загадчыкам кафедры БДУ, а ў 1985—1990 гадах — кансультантам пры гэтай кафедры.

Такім чынам, Фёдар Іванавіч чатыры гады працаваў настаўнікам школы, а сорак шэсць гадоў — у вышэйшых навучальных установах Расіі, Казахстана і Беларусі, прычым два разы станавіўся загадчыкам кафедры рускай літаратуры ў Казахстане і Беларусі. Што тычыцца філалагічнага факультэта БДУ, то доктар філалагічных навук прафесар Ф.І.Куляшоў адпрацаваў у ім трэць стагоддзя і быў адным з самых паважаных прафесараў.

У гісторыю беларускай і рускай літаратуры Фёдар Іванавіч увайшоў перш за ўсё як вядомы літаратуразнаўца і крытык, які 56 гадоў працаваў на літаратурнай ніве, аддаючы гэтай справе ўсю цеплыню свайго сэрца.

Сфера навуковых ­інтарэсаў Ф.І.Ку­ляшова была ­дастаткова шматграннай. Гэта ­творчасць А.Купрына, Г.Дзяржаві­на, Я.Бара­­тынскага, М.Някрасава, У.Ка­ра­ленкі, Л.Талстога, ­Л.Андрэ­ева, В.Верасаева, М.Горкага, М.Лынь­­кова, І.Мележа, П.Пестрака, Я.Брыля, І.Навуменкі, І.Шамякіна, М.Ло­бана, І.Чыгрынава, Б.Сачанкі і інш.

Пад яго рэдакцыяй і з яго ўступным артыкулам выйшаў у Маскве збор твораў А.Купрына ў 10 тамах. Манаграфія Ф.Куляшова па творчасці А.Купрына была высока ацэнена крытыкай і навуковай грамадскасцю.

Аўтар гэтых радкоў акцэнтуе ўвагу чытачоў “Настаўніцкай газеты” на літаратуразнаўчых працах Ф.І.Куляшова пра беларускіх пісьменнікаў.

Адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў акадэмік АН БССР Віктар Каваленка адзначаў: “Пры несумненнай наяўнасці ў Ф.Куляшова значных поспехаў у навуковым асэнсаванні праблем рускай класічнай літаратуры (ім апублікаваны таксама нарысы творчасці Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага) ён усё ж асноўную ўвагу ў сваёй літаратуразнаўчай і крытычнай дзейнасці засяродзіў на вывучэнні гісторыі беларускай літаратуры, асабліва яе пасляваеннага перыяду. Манаграфіі “Міхась Лынькоў” і “Іван Мележ”, якія вызначаліся грунтоўнасцю ідэйна-эстэтычнага аналізу, за­мацавалі за ім аўтарытэт крыты­ка аб’ектыўнай пазіцыі і нестан­дартнага мыслення”.

У 1961 годзе выйшла ў свет кніга Ф.Куляшова “Міхась Лынькоў. Нарыс пра жыццё і творчасць”. Галоўны герой яго кнігі ў той час яшчэ не быў народным пісьменнікам Беларусі. Праз два гады, у 1963, выйшла новае выданне Фёдара Іванавіча “Міхась Лынькоў. Семінарый”, а ў 1979 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” — кніга “Міхась Лынькоў. Нарыс жыцця і творчасці. Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту”.

На думку Ф.Куляшова, літаратурна-творчая і асабістая, жыццёва-чалавечая, біяграфія Міхася Лынькова з’яўляецца тыповай для старэйшага пакалення савецкіх пісьменнікаў, што стаялі ля самых вытокаў новага мастацтва, новай літаратуры. Нельга не пагадзіцца з высновай Ф.І.Куляшова, што самабытны пісьменніцкі талент М.Лынькова няспынна ўдасканальваўся пад уплывам рускай літаратуры і старэйшых майстроў беларускага мастацкага слова.

У апошнія дзесяцігоддзі рассакрэчана большасць архіўных дакументаў па гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і мы па-новаму, па-іншаму ацэньваем многія гістарычныя падзеі таго перыяду, асабліва партызанскі рух і антыфашысцкае падполле на тэрыторыі Беларусі. На жаль, у час стварэння свайго рамана “Векапомныя дні” Міхась Лынькоў не ведаў пра гэта. І не трэба забываць, што ў той час гэта быў першы сур’ёзны мастацкі твор пра тыя гераічныя і адначасова трагічныя падзеі, і нельга сёння вініць Міхася Ціханавіча, што на самай справе не ўсё было так, як напісана ў яго рамане. Таму можна зразумець магчымы пункт погляду шэрага чытачоў “Настаўніцкай газеты”, не згодных сёння з высновай Ф.І.Куляшова, “што ваенна-гістарычны раман “Векапомныя дні” з’яўляецца найвялікшым пісьменніцкім подзвігам Міхася Лынькова, вяршыняй яго мастацкай творчасці”.

Фёдар Іванавіч, адзначаючы заслугі М.Ц.Лынькова перад беларускай літаратурай, падкрэсліў, што ён заўсёды імкнуўся выра­шыць у сваёй творчасці адну з вельмі складаных праблем, якія ставіла савецкая эпоха перад ­пісьменнікам, — знайсці гераічнае і высокае ў будзённым жыцці, стварыць прыватна-праўдзівы вобраз радавога савецкага працаўніка, што менавіта М.Лынькоў — адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, які ўвёў у літаратуру героя-рабочага, глыбока пранікнуў у яго псіхалогію, паказаў веліч яго спраў і маральную прыгажосць.

У 1968 годзе выйшла ў свет кніга Ф.І.Куляшова “Іван Мележ: літаратурная біяграфія”. У гэтым выданні ён усебакова разглядае творчасць вядомага беларускага празаіка, вызначае тэматычную накіраванасць пошукаў пісьменніка, меру ідэйнай значнасці яго твораў, характарызуе творчую манеру І.Мележа.

Трэба было дэталёва і скрупулёзна вывучыць творчасць Івана Мележа, каб зрабіць такія цікавыя і каштоўныя высновы: “З гадамі проза І.Мележа станавілася, несумненна, усё лепшай і лепшай. Яго творчасць рабілася ўжо рознабакова багатай па змесце, у жанравых адносінах. Ад апавяданняў пісьменнік ішоў да авалодання структурна больш развітымі эпічнымі формамі аповесці і рамана. І калі ў сваім першым вялікім творы “Мінскі напрамак” І.Мележ даў шырокі ахоп падзей, то раман “Людзі на балоце” дэманстраваў тонкае ўмельства мастака-псіхолага пранікаць у глыбіні чалавечага сэрца… Творчасць пісьменніка набыла вялікую эпічную маштабнасць, глыбіню мастацкага аналізу жыцця, свабоду і лёгкасць апавядальнай манеры. Майстэрства раманіста выявілася ва ўмелай лепцы чалавечых твараў, якія ў І.Мележа заўсёды індывідуальна розныя і вырастаюць пад яго пяром у складаныя нацыянальна-самабытныя характары і тыпы эпохі. Гэтае самабытнае, нацыянальнае ўласціва людзям палескіх балот — яно праяўляецца ў іх светаўспрыманні і псіхічнай прыродзе, у мове і знешнім выглядзе персанажаў, у асаблівым укладзе іх жыцця, у жанравых, бытавых малюнках і кала­рытных пейзажах спецыфічна беларускага Палесся”.

1964 год у творчай біяграфіі Ф.Куляшова азначыўся выхадам у свет кнігі “Эцюды аб прозе”. Літаратурна-крытычныя артыкулы, змешчаныя ў гэтым выданні, асвятляюць творчы шлях вядомых беларускіх пісьменнікаў: Піліпа Пестрака, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Міколы Лобана. Карыстаючыся багатым фактычным матэрыялам, Фёдар Іванавіч усебакова разглядаў ідэйна-мастацкія асаблівасці шэрага буйных твораў пасляваеннай прозы, падрабязна аналізаваў працу аўтараў над словам і вобразам, закранаў многія важныя пытанні тэарэтычнага характару, звязаныя з далейшым развіццём беларускай літаратуры.

У 1970 годзе ў Маскве выйшла ў свет брашура Ф.І.Куляшова “Современная белорусская проза”, у якой ён удзяліў увагу найбольш значным творам сучаснай беларускай прозы, раманам і аповесцям, прысвечаным тэме Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі Беларусі, а таксама кнігам пра нашых сучаснікаў. У гэтым выданні ёсць такія радкі: “В современной белорусской прозе — целое созвездие не похожих один на другого, разных по степени таланта писателей: Михась Лыньков, Иван Мележ, Янка Брыль, Василь Быков, Иван Шамякин, Алесь Адамович, Михась Стрельцов, Янка Скрыган, Филипп Пестрак, Алексей Кулаковский, Иван Науменко, Алексей Карпюк, Владимир Короткевич, Борис Саченко, Иван Чигринов, Вячеслав Адамчик, Иван Пташников, Микола Лупсяков, Микола Лобан, Владимир Домашевич, Аркадий Чернышевич, Владимир Карпов…

Поднявшись к высотам словесного искусства, они никогда не теряли живого ощущения своей кровной связи с трудовыми народными массами, которым они служили и служат по велению своего сердца и разума, “по мандату долга”… Белорусская литература вышла на магистральные пути всесоюзной и мировой литературы”.

Пра высокі прафесіяналізм бе­ларусазнаўца і літаратурнага кры­ты­ка Ф.І.Куляшова сведчыць яго кні­га літаратурна-крытычных артыкулаў пад назвай “Літаратурныя партрэты”(Мінск, 1983). Асаблівае месца ў творчай спадчыне Фёдара Куляшова займаюць яго літаратурна-крытычныя артыкулы пад назвай “У дарозе” (Мінск, 1988). На думку аўтара гэтых радкоў, не страціла сваёй актуальнасці наступная выснова аўтарытэтнага беларускага літаратурнага крытыка Віктара Каваленкі, зробленая трыццаць гадоў назад, за пяць гадоў да смерці Фёдара Іванавіча: “Кніга “У дарозе” нібы падагульняе пэўны этап у навуковай і практычнай дзейнасці Ф.Куляшова, але ў гэтым падагульненні ёсць працяг у будучыню, бо сённяшні час, як ніколі, скіроўвае ўсе творчыя імкненні чалавека ў заў­трашні дзень, дзе абяцаецца новы ўзровень барацьбы за дабро, справядлівасць, гуманізм і праўду”.

Аўтар гэтых радкоў сустракаўся з многімі выпускнікамі розных гадоў філалагічнага факультэта БДУ. Амаль усе яны адзначалі высокі прафесіяналізм прафесара і педагога Фёдара Іванавіча Куляшова і звярталі ўвагу на тое, што потым канспекты яго лекцый вельмі дапамагалі ім у педагагічнай працы. Адна з настаўніц выказала наступную думку: “Ёсць усе падставы назваць яго настаўнікам настаўнікаў”.

Былы аспірант прафесара Ф.І.Ку­ляшова, а сёння вядомы беларускі і рускі пісьменнік, літаратуразнавец і публіцыст Сямён Букчын нагадвае:

“Новое и существенное я узнал о Кулешове многие годы спустя. А началось с того, что в деревне Федоровка Рогачевского района, куда я приехал, кажется, в 1971 году для сбора сведений о фольклористке Елизавете Павловской и ее сыне, писателе В.Л.Кигне-Дедлове. Ко мне обратился довольно древний, но крепкий старик с вопросом, знаю ли я живущего в Минске “прахфесара” Кулешова. Старик оказался его двоюродным братом, но не виделись братья давно, еще с довоенных времен. Удивительной была реакция Федора Ивановича на это мое сообщение о его родственнике. Он промолчал, дав понять, что не желает развивать эту тему. В начале 90-х я несколько раз приходил к нему в дом-“доллар” на улице Кульман, где он жил вместе с семьей дочери. Умерла к тому времени Ольга Филипповна (жонка Фёдара Іванавіча. — Э.І.), отдавшая последние силы вытаскиванию мужа из инсульта. Но осталась афазия, он забывал слова и жутко злился, когда не мог подобрать нужное выражение, из-за чего собеседник не всегда понимал его. Жестокость судьбы была в том, что былого дара речи лишился великолепный лектор и жесткий остроумец. Вот тогда он мне рассказал, как остался сиротой после раскулачивания отца, как мальчиком попал в детский дом. Это была повесть о белорусском хлопчике, невероятным усилием воли преодолевавшим сложнейшие препятствия, сумевшим закончить Ленинградский пединститут имени Герцена (1935 год) и специально ­уехавшим работать школьным учителем далеко на север… Но и там его настигла карающая неизвестно за что рука “органов”. Будущий куприновед был осужден и попал в лагерь. Выпустили его в середине войны, после чего он в качестве преподавателя скитался по областным пединститутам, пока не очутился  на Сахалине. Там, работая в Южно-Сахалинском пединституте, начал заниматься Куприным. В начале 50-х приехал в Минск и стал работать в БГУ. Тень “лагерного провала” в его жизни преследовала долгие годы. Он боялся этой тени и скрывал ее. Вот почему, как мне представляется, он, всего два года назад защитивший докторскую (1964) и, безусловно, мечтавший о профессуре, посчитал нужным заявить о своей преданности советской власти через осуждение своих же студентов на том самом факультетском собрании, где обсуждалось заведенное КГБ дело “группы Хадеева”.

Фёдара Іванавіча Куляшова не стала 29 снежня 1993 года — на 81-м годзе жыцця. З таго часу прай­шло амаль чвэрць стагоддзя, але па-ранейшаму застаюцца актуальнымі яго радкі 35-гадовай даўнасці: “…Добра пісаць пра сучаснасць і ярка ўвасабляць яе, захоўваючы гістарызм яе ўспрымання, — значыць, пісаць і для будучыні, для вечнасці”.

Эмануіл ІОФЕ,
прафесар БДПУ імя Максіма Танка, доктар гістарычных навук.