Ад пасяджэння дзяржсавета чакаюць эфектыўнасці і практычных вынікаў

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое мае адбыцца, павінна быць эфектыўным і даць практычныя вынікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі старшыня ВДС Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

“Гэта вельмі важнае мерапрыемства. Гэта і сустрэча прэзідэнтаў адзін на адзін, і шырокі фармат перагавораў, прыняцце рашэнняў. Парадак дня сфармуляваны. Я даўно ўжо не сустракаў такіх прапрацаваных пытанняў практычнага характару: развіццё машынабудавання, сельскай гаспадаркі, АПК у цэлым, іншыя праблемы і палітычнага, і знешнепалітычнага характару, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба падрыхтаваць мерапрыемства, каб мы хаця б на крок рушылі наперад у адносінах практычнай тэмы, каб была эфектыўнасць ад гэтага мерапрыемства”.

Прэзідэнт адзначыў існуючую традыцыю праводзіць паралельна з гэтым палітычным форумам важныя практычныя мерапрыемствы. У дадзеным выпадку гэта будзе IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. “Сустрэнуцца галоўныя асобы ў нашых дзяржавах — губернатары. Гэта вельмі важна. Абмяняюцца думкамі, абмяркуюць праблемы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Вы ведаеце, што яшчэ не было таго, каб я не прымаў губернатараў з Расіі, якія сюды прыязджаюць. Мы з імі абмяркоўваем пытанні, якія можам вырашыць сумесна. Практычна з усімі рэгіёнамі Расіі ў нас праграмы па развіцці машынабудавання, сельскай гаспадаркі, іншых напрамкаў”.

Рыгор Рапота згадзіўся з меркаваннем кіраўніка беларускай дзяржавы аб важнасці правядзення разам з ВДС такіх мерапрыемстваў, як Форум рэгіёнаў. “Адно падмацоўвае другое. Тыя тэарэтычныя і прававыя рэчы, якія мы абмяркуем на Вышэйшым дзяржсавеце, будуць замацаваны ў ходзе кантактаў і бізнесу, і прадстаўнікоў рэгіёнаў. Гэта сапраўды вельмі добра”, — падкрэсліў ён.