Ад паведамлення ведаў — да авалодання ўменнямі

- 12:20Дадатковая адукацыя

Сёння кардынальна змяніўся змест адукацыі. І мы, педагогі, адыходзім ад паведамлення ведаў да іх здабычы самімі навучэнцамі і авалодання ўменнямі. Тэхналогія цьютарскага суправаджэння стала метадычнай асновай дзейнасці і педагогаў дадатковай адукацыі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Найбольш актыўна выкарыстоўвае гэтую тэхналогію Надзея Андрэеўна Петручэня, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны даследчык”.

Перавагі цьютарства

У традыцыйным разуменні адукайцыйнай прасторы акцэнт робіцца на навучанне. Цьютарства ж дазваляе стварыць адкрытую адукацыйную прастору для навучэнцаў, не абмяжоўваючы яе самастойнасць, а пашыраючы яе магчымасці. Усе кампаненты сістэмы навучання ў нашым цэнтры творчасці накіраваны на развіццё інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу.

Найважнейшае адрозненне ўстаноў адукацыі і дадатковай адукацыі якраз у тым, што навучанне ў школе ў першую чаргу задавольвае дзяржаўны (сацыяльны) заказ на пэўны ўзровень ведаў, сарыентавана на дасягненне адукацыйных стандартаў навучанасці. Ва ўстанове ж дадатковай адукацыі дзеці навучаюцца галоўным чынам па інтарэсах, акцэнт у навучанні робіцца на задавальненне і актывізацыю пазнавальнай цікавасці ў кожнага з іх. Кожнае дзіця можа самастойна выбраць від заняткаў і педагога.

Па сутнасці, цьютар — гэта педагог, які забяспечвае распрацоўку і суправаджэнне індывідуальных адукацыйных праграм навучэнцаў, арганізоўвае працэс індывідуальнай работы з імі па выяўленні, фарміраванні і развіцці іх пазнавальных інтарэсаў, суправаджае працэс фарміравання іх асобы, дапамагае навучэнцам разабрацца ў поспехах, няўдачах, сфармуляваць асабісты заказ да працэсу навучання, паставіць мэты на будучыню.

Абагульняючы вопыт работы педагога дадатковай адукацыі Надзеі Андрэеўны Петручэні, трэба адзначыць, што праектная і даследчая дзей-насць з’яўляецца адным са шляхоў вырашэння названых вышэй задач.

Арганізацыя такой дзейнасці навучэнца на аснове яго адукацыйнага запатрабавання адпавядае педагагічнай традыцыі, калі адукацыя матывавана даследаваннем. Аптымальным варыянтам уключэння даследчай дзейнасці ў адукацыйны працэс з’яўляецца індывідуальная адукацыйна-даследчая праграма па тэхналогіі цьютарскага суправаджэння.

Даследчымі крокамі

Асноўная задача цьютара ў модулі “Даследаванне” ажыццяўляецца праз індывідуальныя і групавыя кансультацыі. У цьютарскай рабоце на гэтым этапе можна вылучыць тры крокі. На першым кроку задачай цьютара з’яўляецца дапамога навучэнцу ў выбары тэмы даследчай работы праз усведамленне ўласнай пазнавальнай цікавасці. Цьютар дапамагае сфармуляваць тэму даследавання. На другім кроку, калі тэма даследчай работы вызначана і навучэнец выходзіць у самастойную даследчую дзейнасць, цьютар пры неабходнасці арганізоўвае яму кансультацыі. Асноўнай задачай цьютара на трэцім кроку з’яўляецца арганізацыя рэфлексіі навучэнца наконт яго дзейнасці ў даследаванні.

Авалоданне навучэнцамі культурнымі спосабамі дзейнасці — творчасцю, даследаваннем, праектаваннем — з’яўляецца асновай для пабудовы і карэкціроўкі індывідуальнага профілю адукацыі, рэалізацыі індывідуальнай вучэбнай праграмы.

Праграма аб’яднання па інтарэсах Ганцавіцкага РЦ ДЮТ “Юны даследчык. КМЦ (кансультатыўна-метадычны цэнтр): цьютарскае суправаджэнне” прызначана для навучэнцаў 7—11 класаў, якія займаюцца праектнай і даследчай дзейнасцю. Асноўная мэта КМЦ — праз арганізацыю кансультацый для педагогаў спрыяць паспяховаму вырашэнню праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у іх пры арганізацыі і суправаджэнні даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Асноўныя задачы праграмы аб’яднання заключаюцца ў фарміраванні ў навучэнцаў навыкаў самастойнай работы, умення аналізаваць, кантраляваць, ацэньваць і карэкціраваць яе вынікі, што спрыяе фарміраванню адукацыйных кампетэнцый. У аснове работы па праграме ляжаць індывідуальныя кансультацыі па суправаджэнні праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў, а таксама іх удзел у конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.

Рэалізацыя праграмы не абмежавана часавымі рамкамі работы аб’яднання і месцам арганізацыі даследчай работы навучэнца. У часавых адносінах праграма даволі аб’ёмная, што дазваляе юнаму даследчыку ажыццявіць эўрыстычныя пробы. Гэты метад прадугледжвае адмаўленне ад рэпрадукцыі гатовых ведаў, асноўваючыся на здабычы і пошуку новай інфармацыі, а праблема развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў з дапамогай эўрыстычнага метаду навучання з’яўляецца сёння адной з найбольш актуальных. Даследчая дзейнасць дае магчымасць раскрыцца дзіцяці. Для яго вельмі важны момант фарміравання цікавасці да самаразвіцця, асэнсавання праблемных пытанняў з усвядомленай асабістай пазіцыі.

Пераможны эфект

Эфектыўнасць выкарыстання тэхналогіі цьютарскага суправаджэння ў рабоце аб’яднання па інтарэсах “Юны даследчык” пацвярджаецца перамогамі навучэнцаў у раённых, абласных і міжнародных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.

Н.А.Петручэня арганізоўвае работу аб’яднання з верасня 2014 года. За гэты час у партфоліа дасягненняў навучэнцаў набралася звыш трыццаці ўзнагарод, з іх — 12 дыпломаў міжнародных конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый. Самымі яркімі перамогамі міжнароднага ўзроўню ў 2015—2016 гадах сталі дыпломы пераможца за 1-е месца ў ХІІІ Усерасійскім і за 2-е месца ў ХІІІ Міжнародным дыстанцыйных конкурсах для школьнікаў і педагогаў “ТЫ — ГЕНІЙ!” (Лізавета Бусел), дыплом І ступені за перамогу ў Міжнародным завочным конкурсе творчых работ студэнтаў і навучэнцаў старшых класаў “Журналіст у медыяпрасторы Беларусі і Расіі: арыенціры творчага пошуку” (Лізавета Бусел), дыпломы ІІ і ІІІ ступені VIII і ІХ міжнародных маладзёжных навукова-практычных канферэнцый “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” (Вадзім Піваварчык і Кацярына Бараноўская). Дыпломы ІІ і ІІІ ступені рэспубліканскіх конкурсаў творчых работ, якія арганізоўваюцца Інстытутам тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла, атрымалі Ягор Муха і Ірына Сімановіч.

Студзень 2017 года стаў знамянальным для навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Юны даследчык” Ганцавіцкага РЦДЮТ Кацярыны Бараноўскай, Вікторыі Цыган і Міхаіла Лосіка. На міжнародных конкурсах яны заваявалі шэсць 1-х месцаў: 3 дыпломы за 1-я месцы ў ХХХ Усерасійскім і 3 дыпломы за 1-я месцы ў ХХХ Міжнародным дыстанцыйных конкурсах для школьнікаў і педагогаў “ТЫ — ГЕНІЙ!”.

Навукова-даследчая работа Кацярыны Бараноўскай “Праваслаўная царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны: за праўду і веру” была прадстаўлена ў намінацыі “Лепшая даследчая работа”. Электроннай прэзентацыяй у намінацыі “Салют, Перамога! Прысвячаецца 70- годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў” была прадстаўлена работа Вікторыі Цыган “Бессмяротны полк заклікае да памяці”. Відэа-ролік Міхаіла Лосіка “Пасланне першай настаўніцы Таццяне Віктараўне Бурмака” прадстаўлены ў намінацыі “Мая першая настаўніца”. Аргкамітэтам міжнароднага конкурсу дыпломам “За лепшую арганізацыю творчасці дзяцей” узнагароджана і Надзея Андрэеўна Петручэня, навуковы кіраўнік юных даследчыкаў.

Дыплом І ступені ў Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па грамадазнаўстве 25— 26 лютага 2017 года — выдатны вынік двухгадовай творчай дзейнасці Кацярыны Бараноўскай сумесна са сваім навуковым кіраўніком. Кацярына Бараноўская — другі стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі, якога падрыхтавала Надзея Андрэеўна.

Аб’яднанне па інтарэсах “Юны даследчык” стала цэнтрам работы з адоранымі дзецьмі, якія рэалізоўваюць свае здольнасці і імкненні па-за навучальнымі ўстановамі. Трэба адзначыць цеснае супрацоўніцтва педагога з навуковым таварыствам навучэнцаў гімназіі Ганцавіч (дырэктар Іна Уладзіміраўна Бараноўская), дзе развіццю адоранасці дзяцей адміністрацыя ўдзяляе асаблівую ўвагу, таму невыпадкова асноўны кантынгент юных даследчыкаў гімназісты.

Работа аб’яднання па інтарэсах “Юны даследчык” адзначана дыпломамі абласнога ўпраўлення адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У 2015 годзе ва Усерасійскім дыстанцыйным конкурсе для педагогаў у намінацыі “Лепшы педагагічны вопыт” работа педагога адзначана дыпломам ІІІ ступені. На працягу трох гадоў па запрашэнні арганізатараў Надзея Андрэеўна Петручэня з’яўлялася членам міжнароднага журы маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа”.

Такім чынам, можна зрабіць выснову: цьютарскае суправаджэнне — адукацыйная тэхналогія, што адпавядае патрабаванням сённяшняга дня, у рамках якой ажыццяўляецца фарміраванне і рэалізацыя індывідуальных адукацыйных траекторый, прафесійных проб і сацыяльных практык будучых выпускнікоў школ. Прымяненне яе ў сістэме дадатковай адукацыі сёння асабліва актуальнае.

Галіна КРУПЕНІЧ,
метадыст Ганцавіцкага РЦДЮТ.