Ад песні да дывана

- 10:59Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Як выглядае паясковы дыван, што такое свабодная гладзь і колькі лорыкаў яна каштуе — аб гэтым і не толькі можна было даведацца, зазірнуўшы ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Днямі тут фінішаваў II Рэспубліканскі фестываль-конкурс праектаў вучняў “Нашчадкі традыцый”, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Спаборніцтва праводзілася з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання вучняў праз далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, вывучэння рэгіянальных традыцый і развіцця дзіцячай даследчай творчасці. У Мінску сабраліся 130 юных даследчыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, каб прадставіць свае праекты. 

— Выдатна, што гэты конкурс змог аб’яднаць дзяцей, педагогаў і бацькоў. На заключны этап паступіла 58 праектных работ. Мы вельмі ўдзячны педагогам, якія ўзначалілі творчыя калектывы і суправаджалі іх на ўсіх этапах работы. Мяркую, што ўдзел у такім мерапрыемстве — гэта добры старт для развіцця творчых здольнасцей, фарміравання крэатыўнага мыслення і даследчыцкіх кампетэнцый, — сказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка.   

У рамках праграмы былі прадстаўлены творчыя прэзентацыі лепшых даследчых праектаў у такіх намінацыях, як “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць: традыцыі і сучаснасць”, “Фальклорная творчасць: традыцыі і сучаснасць”, “Народная творчасць: традыцыі і сучаснасць (інтэграваныя праекты)”.

Свабодная гладзь

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна педагогі актыўна займаюцца праектнай дзейнасцю і любяць даследчыя праекты гэтак жа, як і мастацкія. 

— Праектная тэхналогія сёння вельмі папулярная, бо дзеці акунаюцца ў работу, шукаюць неабходную інфармацыю, робяць яе аналіз, — адзначыла метадыст цэнтра Іна Генадзьеўна Лойка. 

— Усё пачынаецца з ідэі. Вядома ж, спачатку важна ўбачыць менавіта тое, што будзе цікава дзецям. Як правіла, тэма выбіраецца па запытах вучняў. Напрыклад, сёлетні праект “Свабодная гладзь” беларускіх прастораў” з’явіўся дзякуючы іншаму праекту “Беларускі касцюм. Ад вытокаў да сучаснасці”, калі дзяўчынкі займаліся вышыўкай на вялікіх роставых касцюмах. Тады дзеці зацікавіліся пытаннем, што такое традыцыйная беларуская вышыўка. Так і з’явілася гіпотэза для новага праекта — ці з’яўляецца свабодная гладзь традыцыйнай вышыўкай? Мы пачалі гэта даказваць. Дзеці збіралі інфармацыю. Мы наведалі музей нашага раёна, дзе знайшлі вышыўку свабоднай гладдзю. А яшчэ пазнаёміліся з майстрыхай Зінаідай Мікалаеўнай Абразоўскай з вёскі Вялень Пухавіцкага раёна. Мы паехалі да яе ў экспедыцыю і ўбачылі, што ўвесь дом упрыгожаны вышыўкай свабоднай гладдзю. У выніку мы зразумелі, што можам назваць вышыўку свабоднай гладдзю традыцыйнай, бо галоўнае вызначэнне традыцыі — гэта яе працягласць, — расказала кіраўнік народнай студыі “Мар’інка” Ларыса Мікалаеўна Гняўчынская. 

Цікава, што ў Ларысы Мікалаеўны адзін з любімых спосабаў навучання — метад “роўны — роўнаму”. На занятках дзеці ацэньваюць адно аднаго. Педагог і сама заахвочвае дзяцей: у канцы заняткаў за добрую працу яна выдае вучням “лорык” (бал ад яе імя). А ў канцы месяца дзіця, якое набрала найбольшую колькасць “лорыкаў”, атрымлівае цікавы прыз. Для Ларысы Мікалаеўны важнае значэнне маюць глыбокае вывучэнне матэрыялу і апора на традыцыі. Дзіця пры гэтым павінна разумець сэнс таго, што робіць. Тады і вынік працы будзе максімальна паспяховым.

Традыцыі ткацтва

Праект “Мары дзіўныя, утканыя ў ніці. Гродзенскі паясковы дыван” вельмі цікавы тым, што прысвечаны малавядомай і мала даследаванай мясцовай традыцыі Гродзеншчыны. 

— Мы самі выпадкова пра яе прачыталі. Паясковыя дываны рабіліся толькі ў адным рэгіёне Гродзенскай вобласці, які знаходзіўся на мяжы Беларусі з Польшчай. Паясковых дываноў захавалася вельмі мала. Вось у Музеі старабеларускай культуры НАН Беларусі ёсць адзін, і з 2008 года яшчэ адзін з’явіўся ў музеі Гродна. Для нас гэта было радасным адкрыццём, і мы, акрамя тэарэтычнай работы, правялі даследчую. Зрабілі свой невялікі дыванок з дваццаці паяскоў, — адзначыла кіраўнік народнай студыі “Суквецце талентаў” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Марына Аляксееўна Камінская. — Ткацтва сёння — гэта рэч ад дзяцей вельмі далёкая. Таму да нас прыходзяць і застаюцца толькі тыя, хто душой прымае гэтую справу. Такія дзеці і самі вельмі зацікаўлены ў захаванні беларускіх традыцый.

Гурт “Вербіца” 

— Ідэя праекта ўзнікла пасля таго, як мы з дзецьмі пабывалі на свяце ў суседнім пасёлку і пачулі, як жанчыны спявалі аўтэнтычныя песні. Тады я прапанавала навучэнцы напісаць працу на гэтую тэму. Ёй ідэя спадабалася, і вось мы разам пачалі даследаванне, — расказвае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Хоцімска Наталля Іванаўна Хрушчова. — У хоры, які ўзяты для вывучэння, сёння спявае 8 жанчын ад 70 гадоў і больш. Яны спяваюць песні з лексічнымі і акцэнталагічнымі асаблівасцямі менавіта Хоцімскага раёна. Гэта традыцыі, якія засталіся жанчынам ад іх мам і бабуль і будуць перадавацца маладому пакаленню. Праектам “Народны аўтэнтычны гурт “Вербіца” мы хацелі паказаць, якая ў нас багатая спадчына. Трэба яе несці ў масы, каб дзеці ведалі, чым займаліся нашы продкі.

Настасся ЧАРКАНАВА. 
Фота аўтара.