Далучаем малышоў да народнай культуры

- 14:40Адукацыйная прастора

У яслях-садзе №1 Ашмян Гродзенскай вобласці з верасня 2015 года рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Заняткі педагогі ўстановы праводзяць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Іх мэтай з’яўляецца далучэнне выхаванцаў да нацыянальных каштоўнасцей і культурных традыцый, выхаванне маральнасці, патрыятычных пачуццяў.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта шырока выкарыстоўваюцца ўсе віды фальклору (казкі, песенькі, прыказкі, прымаўкі ). У вуснай народнай творчасці захаваліся асаблівыя рысы беларускага характару, уласцівыя яму маральныя каштоўнасці, уяўленні пра дабро, прыгажосць, праўду, смеласць, працавітасць. Традыцыйным стала правядзенне народных і дзяржаўных свят Масленіца, Гуканне вясны, Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень Перамогі, “Калядныя забавы”, якія спрыяюць далучэнню дзяцей да народнай культуры.

Нашы выхаванцы наведваюць дзіцячую бібліятэку, краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча, краязнаўчы музей “Ашмяны: падзеі, людзі”, адкрыты ў сярэдняй школе № 2 Ашмян, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, помнік загінуўшым воінам, размешчаны ў гарадскім парку.

Для таго каб выхаваць паважлівыя адносіны ў дзяцей да працы людзей, важна ўзбагачаць іх уяўленні аб розных відах прафесій дарослых, аб ролі працы ў жыцці людзей, аб яе выніках. З мэтай пашырэння ўяўленняў дзяцей аб прафесіях бацькоў праводзім экскурсіі на прадпрыемствы. Нашы выхаванцы пабывалі ў сталярнай майстэрні, у цэху жалезабетонных вырабаў, гатовай прадукцыі прадпрыемства ААТ “Будаўнік”. У дашкольнай установе з’явіўся макет вуліцы Савецкай з прадпрыемствамі, якія на ёй размешчаны, муляжы прадукцыі Ашмянскага мясакамбіната, сыраробнага завода, хлебакамбіната.

Ключавым звяном у ходзе рэалізацыі праекта стала цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў, ва ўстанове прайшоў конкурс “Сям’я года”, свята “Сямейныя вячоркі”, падчас якога яны дзяліліся сямейным вопытам выхавання дзяцей.

Таццяна ЯНУШКЕВІЧ,
загадчык ясляў-сада №1 Ашмян Гродзенскай вобласці.