У Польшчы ўлічылі масавыя акцыі пратэсту і прынялі рашэнне адмовіцца ад поўнай забароны абортаў, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на адпаведную заяву міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслава Говіна.
Паводле слоў міністра, кансерватыўны ўрад краіны не будзе падтрымліваць поўную забарону абортаў. Пры гэтым, паводле яго слоў, найбольшы ўплыў на прыняцце гэтага рашэння аказалі выступленні жанчын, якія рэгулярна на працягу месяцаў праводзілі акцыі пратэсту, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з будучымі заканадаўчымі змяненнямі.
Як адзначаецца, цяпер у Польшчы жанчына можа легальна зрабіць аборт толькі ў некаторых выпадках. Напрыклад, гэта магчыма, калі цяжарнасць пагражае жыццю будучай маці або дзіця было зачата ў выніку згвалтавання. Новая ініцыятыва ўлад ставіла за мэту забараніць любыя віды абортаў па ўсёй краіне і ўвесці крымінальную адказнасць для парушальнікаў у выглядзе пяці гадоў зняволення.