Ад праектнай дзейнасці — да бізнес-кампаніі: вопыт ліцэя Жабінкі

- 11:11Образование

Пачалі з праектнай дзейнасці — дараслі да бізнес-кампаніі: вопыт ліцэя Жабінкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сучасная адукацыя — гэта не толькі веды, атрыманыя ў класе, а найперш развіццё асобы, здольнай мысліць, ствараць і дзейні­чаць, — лічыць дырэктар установы Ганна Кулагіна. — На працягу навучальнага года ліцэісты актыўна займаюцца праектнай дзейнасцю, у тым ліку ў рамках навуковага таварыства. Дзякуючы ёй старшакласнікі вучацца прымяняць веды на практыцы, бачыць сувязі паміж рознымі прадметамі, планаваць, аналізаваць і рашаць рэальныя задачы, што складае аснову прадпрымальніцтва. Творчы пошук пераконвае: свет можна змяніць!

Вынікі праектнай дзейнасці ліцэісты паспяхова прэзенту­юць на навукова-практычных канферэнцыях і не толькі. Так, сёлетнія выпускніцы Ксенія Бондар і Кацярына Кечко падрыхтавалі праект “Мікразеляніна: суперфуд ці маркетынгавы ход”, даказаўшы, што Жабінка — гэта тэрыторыя здароўя, а моладзь задае экатрэнды. Ксенія і Кацярына вырошчвалі мікразеляніну без хімічных дабавак і атрымалі выдатныя вынікі. Нядзіўна, што праект апынуўся ў ліку лепшых на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Фіналістам гэтага спаборніцтва стаў таксама праект выпускніцы Настассі Максімчук “#НЯЦУКАР” з распрацоўкай дыетычнага меню для людзей з цукровым дыя­бетам і наборам мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў з такім дыягназам. А выпускніцу Лізавету Галоўчык зацікавіла ароматэрапія як бізнес-ідэя.

— Вытворчасць эфірных масел можа стаць асновай паспяховага бізнесу, бо яны станоўча ўплываюць на фізічны і эмацыянальны стан чалавека, — упэўнена сённяшняя студэнтка БДМУ, якая ў рамках праекта вывучала хімічны склад эфірных масел, метады іх экстракцыі, распаўсюджанасць, прымяненне ў медыцыне і ўплыў на спажывецкія запыты з улікам сучасных wellness-трэндаў.

— Гэты праект падштурхнуў да стварэння ў верасні бізнес-кампаніі “Сусвет водару” для арыентацыі актыўных, ініцыятыўных і мэтанакіраваных ліцэістаў на прадпрымальніцкую дзейнасць, запатрабаваную сучаснай эканомікай, — гаво­рыць Ганна Кулагіна. — Цікавасць да прадпрымальніцтва ў мола­дзі заканамерная, бо яно не толькі дазваляе рэалізаваць уласныя здольнасці і творчы патэнцыял, навучыцца ставіць мэты і дася­гаць іх, але і забяспечвае нядрэнны дабрабыт.

За прыгожай назвай бізнес-кампаніі стаіць важная экалагічная і сацыяльна значная ідэя. Сутнасць праекта заключаецца ў стварэнні аромасашэ і духоў з кветак, якія ўтылізуюцца ў кветкавых магазінах. Але ў ліцэі вырашылі падарыць раслінам другое жыццё. Эксперыментальнай пляцоўкая для гэтага стала мясцовая фермерская гаспадарка “Еваленд”, дзе з вучнямі па­дзяліліся неабходнымі ведамі.

— У аснове работы — метад анфлеражу, калі водарныя кампаненты (напрыклад, пялёсткі і лісце лаванды ці ружы) змяшчаюцца на тлушч, які ўбірае ў сябе іх пахі, — расказвае Ганна Кулагіна. — Атрыманая сумесь выкарыстоўваецца для вырабу сашэ, аўтамабільных араматызатараў і духоў. У адрозненне ад сінтэтычных аддушак, натуральныя кампаненты не выклікаюць алергіі, прыемна пахнуць і карысныя для здароўя.

Ліцэістам удалося стварыць унікальныя водары ручной работы са сваёй гісторыяй і ўласным настроем. Праект атрымаў не толькі высокую экспертную ацэнку, але і падтрымку мясцовых жыхароў, якія ахвотна купляюць прадукцыю ліцэйскай бізнес-кампаніі.

— Сёлета з’явіўся асаблівы, юбілейны водар, прымеркаваны да 85-годдзя рэгіёна, 55-годдзя з моманту прысваення Жабінцы статусу горада і 10-годдзя, як ён стаў горадам-спадарожнікам ­Брэста, — заўважае дырэктар. — Удзельнікі бізнес-кампаніі стварылі арыгінальны водар Жабінкі, які ўтрымлівае свежасць ранішняй расы над Мухаўцом, тонкія ноткі квітнеючай ліпы і мяты, якія сімвалізуюць чысціню і мала­досць, і лёгкі драўнінны акорд, што нагадвае аб прамысловай і культурнай гісторыі горада.

У водары захаваны настрой Жабінкі, дзе беражліва адносяцца да мінулага, цэняць сучас­насць і ствараюць будучыню.

У бізнес-кампаніі займаюцца старшакласнікі незалежна ад профілю навучання. Сёння над новымі водарамі шчыруюць пад кіраўніцтвам дырэктара дзесяцікласніцы Ульяна Дзенісюк і Ганна Бутрым. Да праектнай дзейнасці вучняў пабуджае супрацоўніцтва з саветам маладых вучоных пры галіновым міністэрстве і ўдзел у Фестывалі навукі ў Мінску.

Ганна Кулагіна спадзяецца, што ліцэй, дзе атрымліваюць веды 116 хлопчыкаў і дзяўчынак, з цягам часу стане пляцоўкай для развіцця прадпрымальніцкай думкі, бізнес-праектаў і стартапаў таленавітай моладзі Жабінкаўшчыны.

— Няхай водар поспеху вучняў стане часткай агульнага натх­нення і руху наперад! — падагульняе дырэктар.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ