Ад тэорыі да практыкі

- 14:58Адукацыйная прастора

У беларускія школы вяртаецца дапрофільная падрыхтоўка. 

Міністр адукацыі Андрэй Іванец, знаходзячыся з візітам у Петрыкаўскім раёне, расказаў, што ведамствам распрацаваны новыя метадычныя ўказанні для ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: 

— На ўзроўні 8—9 класаў ва ўсіх школах з 1 верасня 2022 года дырэктары змогуць фарміра­ваць дапрофільныя класы. Гэта неабходна для таго, каб да моманту заканчэння дзявятага класа маладыя людзі маглі зрабіць выбар сваёй далейшай траекторыі навучання — на ўзроўні каледжа або на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Тады ў профільных 10—11 класах дзеці змогуць атры­маць дадатковыя паглыбленыя веды па выбраным прадмеце. Мы сёння шмат гаворым аб практыкаарыен­таванасці вышэйшай адукацыі і аб тым, што практычныя заняткі студэнтаў павінны пачынацца ўжо з першага курса. А такі варыянт магчымы толькі тады, калі пэўную тэарэтычную падрыхтоўку падлеткі атрымаюць у 10—11 класах. Той падыход, які зараз рэалізуецца ў нашых школах у межах няпрофільных класаў на трэцяй ступені адукацыі, а менавіта атрыманне рабочай прафесіі, будзе таксама працягнуты. Дзеці, якія не наведваюць факультатыўныя заняткі па профільных прадметах, павінны атрымліваць прафесію. Сёння ёсць магчымасць асвоіць больш чым 100 рабочых прафесій. Пры гэтым падрыхтоўка ажыццяўляецца або на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, там, дзе ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база і кадры, або на базе каледжаў.

Зробім пілотны праект сумесна з Міністэрствам культуры: каб школьнікі адзін дзень у месяц змаглі бясплатна наведаць любы музей нашай краіны. Я перакананы, што гэтая ініцыятыва будзе спрыяць папулярызацыі культуры ўвогуле.
                                                                                                                                     Андрэй Іванец.

Падчас візіту Андрэй Іванец пабываў у петрыкаўскім яслях-са­дзе № 5 і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 упраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі прадпрыемства “Беларуськалій”. Завітаў ён і ў гімназію Пет­рыкава. Гэтую навучальную ўстанову ў 2005 годзе адкрываў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Тут пра гэта ўспаміна­юць з гордасцю. Кажуць, што падарункам кіраўніка дзяржавы — вялікімі шашкамі і шахматамі — дагэтуль карыстаюцца. На перапынках у іх гуляюць усе: і вучні, і настаўнікі.

У гімназіі моцная вучэбна-матэрыяльная база. Тут створаны камфортныя ўмовы для навучання школьнікаў і прафесійнага ўдасканалення настаўнікаў. Дырэктар установы адукацыі Людміла Хільман расказала пра тое, што ў мінулым вучэбным годзе было пад­рыхтавана 11 пераможцаў абласнога этапу алімпіяды па вучэбных прадметах, адзін з іх — пераможца заключнага, рэспубліканскага, этапу. 

— Тры нашы навучэнцы — стыпендыяты спе­цыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — адзначыла Людміла Рыгораўна. — На базе гімназіі рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння працэсу навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Тэатральнаму калектыву “Купалінка” гімназіі прысвоена званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспуб­лікі Беларусь”. 

На базе Петрыкаўскай гімназіі прайшла дыялогавая пляцоўка з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна. Міністр расказаў пра змяненні, якія адбудуцца ў новым навучальным годзе. Вядома, гутарка зайшла і пра школьную форму. 

— Гэтая праблема надуманая, — лічыць Андрэй Іванец. — Яна часцей за ўсё ў галаве ў бацькоў, якія кажуць: “Чаму маё дзіця павінна быць такім, як усе?” Школьную форму вучань носіць год, а часам і два — пастаянна. Гэта нашмат танней, чым кожны дзень думаць, што надзець дзіцяці. Школа — гэта ўстанова, у якой ёсць свае правілы паводзін, і іх трэба прытрымлівацца. У гэтым навучальным годзе бацькам прапануецца набыць адзін з абавязковых элементаў адзення. Гэта можа быць камі­зэлька, пінжак, бомбер ці вадалазка. А значок ці эмблему трэба замаца­ваць на гэтым элеменце. У наступным годзе можна будзе даўкамплектаваць школьную форму іншым элементам. 

— На Гомельшчыне ёсць каму шыць гэтае адзенне, — далучыўся да гутаркі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Вельмі прыстойную форму вырабляюць “Камінтэрн”,  Жлобінская швейная фаб­рыка і фабрыка “8 Сака­віка”.

У дыялогу з педагогамі кіраўнік ведамства абмеркаваў тэму работы з адоранымі навучэнцамі, з баць­камі, пагаварылі і аб перспектывах адзінага экзамену і стварэнні профільных класаў. Сёння перад настаўнікамі стаіць задача не толькі выяўляць таленавітую і актыўную моладзь, але і далучаць яе да грамадскай дзейнасці. Яшчэ адна прапанова Анд­рэя Іванца — правядзенне агульнага дня музея:

— Зробім такі пілотны праект сумесна з Міністэрствам культуры: каб школьнікі адзін дзень у месяц змаглі бясплатна наве­даць любы музей нашай краіны. Калі мы прывядзём туды вучняў, заўтра яны прый­дуць паглядзець экспазіцыю ўжо з бацькамі. Важна зацікавіць дзяцей. Я перакананы, што гэтая ініцыятыва будзе спры­яць папулярызацыі музеяў і культуры ўвогуле. Гэтую ідэю можна будзе перанесці і на наведванне тэатраў.

_______________________________________________________________________________________________________

Міністр адукацыі азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці. Тут знаходзяцца па рашэнні суда шаснаццаць непаўналетніх дзяўчынак. Выхаванкі вучацца па праграме агульнай сярэдняй адукацыі і адначасова набываюць прафесію швачкі. Міністр агле­дзеў кабінеты, спартыўны блок, актавую залу, медпункт, спальныя карпусы, сталовую. У вытворчых майстэрнях пагутарыў з навучэнкамі, а ў кабінеце псіхолага размова зайшла пра спецыфіку рэабілітацыі дзяўчынак, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

_________________________________________________________________________________________________________

На сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю Петрыкаўскага раёна ўзнімаліся розныя актуальныя пытанні, якія тычацца сістэмы адукацыі ў цэлым. 

— Развіццё рэгіёнаў — вызначальны фактар развіцця нашай краіны, — падкрэсліў Андрэй Іванец.— У сувязі з гэтым стварэнне неабходных сацыяльных стандартаў з’яўляецца фактарам нумар адзін, які абумоўлівае развіццё таго ці іншага рэгіёна. Мы гэта выдатна разумеем. Таму да апошняга змагаемся за кожную школу, за кожны дзіцячы сад у малых населеных пунктах. Тут самы галоўны для нас крытэрый — забяспечыць высокі ўзровень адукацыі. Любое рашэнне аб закрыцці школы не можа быць прынята мясцовымі ўладамі без узгаднення з Міністэрствам адукацыі. І калі ўсё ж такі ўстанова перастае функцыя­наваць, мы забяспечваем працаўладкаванне ўсіх педагогаў і, бе­зумоўна, даём магчымасць працягнуць вучобу ўсім дзецям, якія вучыліся ў гэтай школе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.