Незважаючы на тое, што тэрміны правядзення Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 былі перанесены, падрыхтоўка да нацыянальнага чэмпіянату праходзіць у тым жа рэжыме. Аб асаблівасцях сёлетняга спаборніцтва, аб тым, як некаторыя ўдзельнікі будуць выконваць заданні не на пляцоўцы конкурсу, а дома, як маштабна дапамагаюць у арганізацыі чэмпіянату прадпрыемствы і арганізацыі, што сабой уяўляе прамысловы дызайн, — расказваюць эксперты WorldSkills Belarus.
Удзел у конкурсе дыстанцыйны
У гэтым годзе на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства будзе прадстаўлена секцыя InclusiveSkills для падлеткаў з асаблівасцямі развіцця. Калі ў сезоне 2018 года ўдзельнічалі канкурсанты з асаблівасцямі слыху, то цяпер удзельнікамі чэмпіянату стануць навучэнцы з асаблівасцямі слыху, зроку і апорна-рухальнага апарату. Для навучэнцаў гэтай катэгорыі будзе павялічана колькасць прафесійных кампетэнцый. Калі на мінулым нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills для ўдзельнікаў такой катэгорыі былі прадстаўлены дзве кампетэнцыі — “Тэхналогія моды” і “Вэб-дызайн і распрацоўка”, то ў гэтым годзе гэты пералік будзе дапоўнены яшчэ дзвюма кампетэнцыямі — “Графічны дызайн” і “Сістэмнае адміністраванне”.
Графічны дызайн прадстаўляе эксперт выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа В.В.Маркава. Вікторыя Віктараўна пачала працаваць у каледжы ў той час, калі там у 1997 годзе, дзякуючы дырэктару ўстановы А.А.Бахановічу, быў створаны першы ў нашай краіне Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Увесь гэты час яна працуе ў такіх вучэбных групах. Акрамя таго, у каледжы створаны інтэграваныя групы, дзе разам са здаровымі навучэнцамі вучацца падлеткі з асаблівасцямі ў развіцці. Такія захады ў рабоце з такой катэгорыяй навучэнцаў былі прыняты пад эгідай канцэпцыі аб развіцці інклюзіўнай адукацыі. Мала таго, з мінулага года ў каледжы па ініцыятыве дырэктара ўстановы адукацыі А.А.Бахановіча і пры падтрымцы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Г.У.Купцовай у якасці эксперымента былі адкрыты вучэбныя групы дыстанцыйнага навучання, куды ўвайшлі навучэнцы, якія не могуць вочна прысутнічаць на занятках, а здольны вучыцца дыстанцыйна, знаходзячыся дома. З гэтай мэтай у навучальнай установе ўстаноўлены магутны сервер, дзе знаходзяцца спецыяльныя праграмы для правядзення відэаканферэнцый і адукацыйныя рэсурсы для рэалізацыі вучэбных праграм у дыстанцыйнай форме. Выкладчыкі актыўна працуюць над стварэннем метадычнай дапамогі для дыстанцыйнага навучання. У працэсе такога навучання навучэнцы каледжа выконваюць заданні, якія размешчаны на гэтай адукацыйнай платформе і адпраўлены ім па інтэрнэце. Потым яны дасылаюць вынікі сваёй работы. У працэсе дыстанцыйнага навучання выхаванцы атрымліваюць кваліфікацыю “аператар электронна-вылічальных машын” спецыяльнасці “Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын” 5 разраду. Для такой катэгорыі падлеткаў у якасці прадмета па выбары было арганізавана навучанне па камп’ютарнай графіцы. Навучэнцам прыйшоўся даспадобы гэты занятак, і яны з цікавасцю вывучаюць розныя графічныя рэдактары, вучацца маляваць, ствараць віртуальныя аб’екты і тым самым развіваюць свой эстэтычны густ, мастацтва малявання. Калі была агучана ідэя паказаць свае здольнасці на пляцоўцы WorldSkills секцыі InclusiveSkills, навучэнцы з радасцю выказалі жаданне паўдзельнічаць. Але стаяла пытанне аб тым, як забяспечыць прысутнасць на рэспубліканскім конкурсе такіх удзельнікаў. Даставіць іх у Мінск немагчыма з-за іх фізічных асаблівасцей. Акрамя таго, падлеткі такой катэгорыі не змаглі б працаваць на пляцоўцы спаборніцтва, бо ім патрэбен асаблівы рэжым з дадатковым перапынкам і спецыяльнымі ўмовамі на рабочым месцы. Таму паступіла прапанова ад кіраўніцтва каледжа Міністэрству адукацыі і непасрэдна РІПА адкрыць новую кампетэнцыю “Графічны дызайн” у секцыі InclusiveSkills і паказаць, што можна дыстанцыйна рыхтаваць спецыялістаў сярод падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі і тым самым рэалізаваць іх правы на працу і паўнавартаснае жыццё. Па кампетэнцыі “Графічны дызайн” вядзецца падрыхтоўка спецыяліста, які займаецца афармленнем навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваючы розныя сродкі камп’ютарнай графікі. Улічваючы тое, як імкліва развіваецца камп’ютарызацыя нашага грамадства, відавочна, што гэты напрамак вельмі актуальны. Работа па графічным дызайне можа ўключаць афармленне рэкламнай прадукцыі, распрацоўку фірменнага стылю, макетаў упаковак для розных відаў прамысловай прадукцыі і прадуктовых тавараў, распрацоўку буклетаў, афармленне — дызайн кніг, часопісаў, газет, рэкламнай прадукцыі. У працэсе навучання ў падлеткаў развіваюцца мастацкі густ, вобразнае мысленне, крэатыўнасць, уменне ўвасабляць ідэю ў рэальнасць, пачуццё стылю, успрыманне колераў, навыкі малявання. У час спаборніцтва будуць устаноўлены маніторы, на якіх будуць трансліравацца заданні, і будзе ўстаноўлены стэнд з вынікамі працы. Плануецца, што каледж будуць прадстаўляць 3—4 чалавекі, магчыма, у гэтай кампетэнцыі выступяць прадстаўнікі і іншых навучальных устаноў.
Конкурсная пляцоўка — міні-вытворчасць
— Наша конкурсная пляцоўка — гэта міні-вытворчасць: ад ідэі да гатовага прадукту, — расказвае выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну галоўны эксперт кампетэнцыі “Тэхналогія моды” Наталля Іванаўна Юхневіч. — Поспех любой вытворчасці ў многім залежыць ад якасці матэрыялаў і абсталявання. Калі на папярэдніх спаборніцтвах конкурсная пляцоўка абсталёўвалася прыладамі ўстаноў адукацыі і швейных прадпрыемстваў Мінска, то ўпершыню абсталяванне на сёлетні чэмпіянат нам паставіць фірма “Элфорт”, якая займаецца абсталёўваннем падобных конкурсных пляцовак у Расіі і прадстаўляла сваё швейнае абсталяванне і паслугі на міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Казані ў 2019 годзе. Таксама “Элфорт” абавязаўся прадаставіць на конкурсную пляцоўку манекены менавіта той фірмы-вытворцы, якая з’яўляецца асноўным пастаўшчыком на чэмпіянатах сусветнага ўзроўню.
Ёсць папярэдняя дамоўленасць аб аснашчэнні нашай пляцоўкі адмысловымі фальцпрэсамі, якія дазволяць удзельнікам хутчэй выканаць праклейванне дэталей вырабу і такім чынам сэканоміць час для іншых, больш складаных аперацый. Акрамя абсталявання, арганізатарамі чэмпіянату кожнаму ўдзельніку прадастаўляюцца яшчэ і матэрыялы, як асноўны, так і аздабленчы, падкладачны, з якіх будзе вырабляцца швейны выраб. Як заўсёды, пастаўку матэрыялаў нам арганізуе канцэрн “Беллегпрам”. У гэтым годзе на чэмпіянат прадаставіць свае тканіны прадпрыемства канцэрна ААТ “Камволь”. Менавіта з тканін гэтага прадпрыемства ствараліся вырабы і на міжнародным конкурсе ў Казані. Хочацца выказаць шчырую падзяку такім арганізацыям, як ААТ “Элема”, ААТ “Гранітэкс”, Аршанскі льнокамбінат, якія неаднаразова дапамагалі ў аснашчэнні пляцоўкі “Тэхналогія моды” Рэспубліканскага чэмпіянату WorldSkills Belarus. Дзякуючы прадастаўленаму абсталяванню і матэрыялам, удзельнікі конкурсу будуць набліжаны да рэальнай вытворчасці, а моладзь, якая наведае нашу пляцоўку ў конкурсныя дні, зможа лепш зразумець работу канструктараў, тэхнолагаў швейнай вытворчасці, убачыць, з якімі новымі тканінамі і на якім сучасным абсталяванні сёння працуе аператар швейнага абсталявання, натхніцца ідэямі маладых мадэльераў і швачак — і, магчыма, выбера ў будучыні менавіта швейную справу.
Нязменным партнёрам WorldSkills Belarus застаецца навукова-вытворчае прадпрыемства “Лакшмі”, якое з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій і дае базавую аснову для конкурснага асартыменту адзення, выкананую ў сістэме САПР “Аўтакрой”, якая ўсталявана ў нашых навучальных установах, і таму канкурсантам лёгка з ёй працаваць. Падчас чэмпіянату кожны ўдзельнік уносіць мадэльныя змены ў прадстаўленую базавую аснову згодна са сваім эскізам і далей стварае лякалы, па якіх будзе выконвацца максімальна рацыянальны раскрой мадэлі. Па рэгламенце конкурсу 13 гадзін адведзена нашым удзельнікам на распрацоўку і выраб мадэлі жаночага жакета на падкладцы. У швейнай справе важным застаецца не толькі якасць, але і хуткасць пашыву вырабу. Таму па сусветных стандартах конкурсу WorldSkills кожны модуль выконваецца ў абмежаваным часе і, калі ўдзельнік не справіўся з заданнем, ён губляе балы. Той, хто набраў больш за 700 балаў, пацвярджае свой высокі прафесіяналізм.
Хто ты, дызайнер прамысловасці?
Яўген Леанідавіч Юруць, эксперт па кампетэнцыі “Тэхналогія прамысловага дызайну”, выпускнік БНТУ, магістр тэхнічных навук, працуе загадчыкам тэхналагічнага аддзялення філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”.
Як расказаў Я.Л.Юруць, кампетэнцыя “Тэхналогія прамысловага дызайну” першы раз з’явілася на чэмпіянатах Hi-Tech Расійскай Федэрацыі, а потым увайшла ў асноўную лінейку спаборніцтваў WorldSkills. Наша краіна паступова пачала далучацца да ўдзелу ў гэтай кампетэнцыі, і свой карысны вопыт Беларусь атрымала ў Казані на міжнародным чэмпіянаце. Спаборніцтва яшчэ раз пацвердзіла, што гэтая кампетэнцыя актуальная, цікавая і вельмі патрэбная. Калі зазірнуць у гісторыю, то прафесія “Прамысловы дызайнер” з’явілася яшчэ ў XIX стагоддзі. Прычынай гэтага стала прамысловая рэвалюцыя, калі спатрэбіліся кваліфікаваныя работнікі, якія займаліся б праектаваннем уніфікаваных і зручных вырабаў для вялікай колькасці насельніцтва. Такім чынам, зараджалася масавая вытворчасць, дзе менавіта прамысловым дызайнерам адводзілася роля распрацоўшчыкаў, праекціроўшчыкаў і стваральнікаў аб’ектаў. На сённяшні дзень прамысловы дызайн выкарыстоўваецца не толькі ў масавай, але і ў дробнасерыйнай вытворчасці, ім займаюцца прыватныя прадпрыемствы і індывідуальныя распрацоўшчыкі.
Адметна, што прафесія дызайнера звязана не толькі з распрацоўкай, але і з вырабам прадукту. Дызайнер не можа толькі прыдумваць пэўныя вырабы: ён павінен усведамляць, як гэта будзе выраблена. Большасць прамысловых дызайнераў не толькі распрацоўваюць, але і вырабляюць першыя прататыпы. Іншы раз трэба вырабіць велізарную колькасць узораў, каб выбраць самы зручны. У свеце існуе шмат лабараторый, студый, майстэрань, дзе прамысловыя дызайнеры калабарыруюцца і не проста нешта праектуюць і прыдумляюць, але і вырабляюць і адпрацоўваюць навыкі.
Кампетэнцыю “Тэхналогія прамысловага дызайну” можна падзяліць на 2 вялікія напрамкі: творчы і тэхнічны. Да інжынернай часткі можна аднесці веды па матэрыялазнаўстве, тэхналогіі і канструяванні. Таму што без ведання таго, як будзе вырабляцца выраб, з якога матэрыялу і якія ўласцівасці мае гэты матэрыял, якія павінны быць тэхнічныя ўмовы эксплуатацыі, гэтыя вырабы немагчыма правільна стварыць.
Творчая частка больш шырокая, яна дазваляе рабіць унікальныя рэчы. Гэта формаўтварэнне, крэатыўнасць, колераперадача аб’екта (каларыстыка). Важна памятаць пра тое, што выраб павінен быць эрганамічным, адпавядаць усім эксплуатацыйна-функцыянальным характарыстыкам аб’екта.
Яўген Леанідавіч расказаў пра змест задання, якое трэба выканаць на конкурснай пляцоўцы. Удзельнікі ў 1-м модулі займаюцца скетчынгам (маляванне эскізаў). Канкурсанты прыдумваюць той аб’ект, які ад іх хоча заказчык. Яны малююць яго такім чынам, каб уся інфармацыя аб гэтым аб’екце была максімальна зразумелая ўсім. Яны выкарыстоўваюць сучасныя тэхнікі скетчынгу і малюнак выконваюць уручную. 2-і модуль называецца “Чорная скрыня”. Гэта таямнічае заданне, якое дазваляе выключыць магчымасць падрыхтоўкі да яго ўдзельнікаў і праверыць іх творчыя і крэатыўныя здольнасці. 3-і модуль мае на ўвазе мадэляванне ў трохмерных праграмах (Fusion 360). Рыхтуецца канструктарская дакументацыя, вырабляюцца неабходныя разлікі нагрузак, каб праверыць, на колькі гэты выраб працаздольны. Такім чынам, да канца гэтага модуля ўдзельнікі прадстаўляюць свой пэўны праект. Задача наступнага, 4-га, модуля заключаецца ў тым, што трэба не толькі прыдумаць аб’ект, але і добра яго паказаць заказчыку і спажыўцу. Называецца гэты модуль візуалізацыяй. Удзельнікі ствараюць прыгожыя ролікі для прасоўвання ўласнага тавару, раскрыцця яго функцыяналу і для таго, каб зацікавіць спажыўцоў. Апошні, 5-ы, модуль — гэта непасрэдна прэзентацыя, дзе ўдзельнікі не проста паказваюць свой відэаролік, але і расказваюць пра свой выраб, а таксама адказваюць на пытанні і тым самым зацікаўліваюць спажыўцоў у прасоўванні свайго тавару.
Ала КЛЮЙКО.