Ад юнага партызана да рэктара інстытута: дачка – пра няпросты і плённы шлях Віктара Пузікава

- 11:05Новости

Ад юнага партызана да рэктара інстытута — прафесар Віктар Мітрафанавіч Пузікаў аставіў дастойны след на выкладчыцкай ніве і перадаў любоў да прафесіі сваім дзецям, якія сёння працуюць у БДУ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Родам з дзяцінства

Дацэнт філалагічнага факультэта БДУ Вольга Прыемка, дачка Віктара Мітрафанавіча, адзначае, што памяць аб бацьку беражліва захоўваецца як у сям’і, так і ва ўстановах адукацыі, у станаўленне і развіццё якіх ён унёс свой уклад. Цяжкае ваеннае дзяцінства, складаныя пасляваенныя гады не зламалі, а толькі загартавалі яго дух. Гэта быў чалавек мужны, смелы, цярплівы і мудры.

Амаль 45 гадоў выкладаючы філасофію ў беларускіх УВА, ён кіраваўся годнай уласнай жыццёвай філасофіяй — не шкадаваць сіл дзеля выхавання маладога пакалення беларусаў, будучыні роднай краіны. Выхоўвання ў духу патрыятызму і любові да Радзімы.

Віктар Пузікаў вырас у невялікай вёсцы Масцішча Сіроцінскага (зараз Шумілінскага) раёна на Віцебшчыне. Калі пачалася вайна, быў 12-гадовым падлеткам, але сядзець склаўшы рукі не стаў. Калі ў суседняй вёсцы Обаль была створана падпольная камсамольская арганізацыя “Юныя мсціўцы”, па меры сваіх дзіцячых сіл дапамагаў старэйшым юнакам і дзяўчатам. Сур’ёзных спраў яму не даручалі, але не раз стаяў у каравуле, пакуль у хаце адбываліся сходы падпольшчыкаў. А яшчэ разам з малодшым братам збіраў і хаваў у схронах зброю, якую яны знаходзілі на месцах нядаўніх баёў.

Калі напрыканцы 1943 года фашысцкія акупанты сагналі вясковую моладзь, каб адпра­віць да лініі фронту на земляныя работы, юны Віктар змог збегчы з пункта збору. Яго баць­ка разу­меў, што ворагі хлопца ў спакоі не пакінуць, і параіў яму ісці ў лес да партызан. Народныя мсціўцы спачатку не асаб­ліва хацелі браць у атрад худзень­кага падлетка, які выглядаў значна маладзейшым за свой узрост. Але Віктар змог завая­ваць іх давер, расказаўшы пра свае схроны са зброяй. Так ён стаў байцом партызанскага атрада імя К.Я.Варашылава брыгады імя У.І.Леніна. І хутка партызаны ўпэўніліся, што, нягледзячы на юны ўзрост, ён вельмі кемлівы і самастойны.

У жыцці педагога было шмат узнагарод, але першымі сталі медалі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”

Спачатку хлопец быў разведчыкам атрада. Пад выглядам сіраты-жабрака ха­дзіў па населеных пунктах, дзе збіраў інфармацыю аб ворагу і перадаваў сувязным міны і ўзрыўчатку. Ён выдатна ведаў мясцовы лес, і неўзабаве яму даверылі стаць правадніком партызанскіх падрыўных груп, якія выконвалі баявыя заданні. Не раз даво­дзілася ўдзельнічаць у сутычках з ворагам. Аднойчы побач узарвалася граната, узрыўной хваляй юнага партызана адкінула ўбок, але ён не быў паранены, літаральна ні царапіны. Не без гордасці гаварыў таварышам па атрадзе, што ён удачлівы. Але, на жаль, у далейшым яму больш так не пашанцавала. Калі вясной 1944 года вораг пачаў заціс­каць партызан у кола акружэння і яны вымушаны былі пайсці на прарыў, хлопец атрымаў раненне ў галаву. Асколак міны прабіў яму патыліцу.

Пасля аперацыі доўга ля­чыўся ў партызанскім шпіталі. Урач паставіў юнака на ногі, але да канца жыцця ў патыліцы заставаўся невялікі кавалачак міны і ніхто не браўся яго дастаць. Віктар Пузікаў марыў уліцца ў рады Чырвонай Арміі, працягнуць зні­шчаць ворага, але ні юны ўзрост, ні стан здароўя яму гэтага не дазволілі. Вярнуўся ў родную вёску і працягнуў у Обальскай школе вучобу, якую на некалькі гадоў перапыніла вайна.

Па словах Вольгі Прыемка, яе бацька ўсё жыццё з вялікай павагай успамінаў дырэктара школы і сваіх настаўнікаў, якія ў цяжкія пасляваенныя гады імк­нуліся пракласці дзецям шлях да ведаў. Педагогамі тады былі ў асноўным франтавікі, былыя партызанкі. Сёння цяжка нават уявіць, як нялёгка ім было. За школьныя парты селі дзеці з пакалечанымі вайной лёсамі, іх трэба было не толькі навучыць, але і адагрэць сваёй душэўнай цеплынёй.

Не хапала літаральна ўсяго. Так, у Обальскай школе пасля вайны на кожнага вучня быў адзін сшытак па ўсіх прадметах. Пісалі ў ім алоўкам, каб потым напісанае можна было сцерці і выкарыстаць паперу зноў. Але прага да ведаў была вялікая, бо ўсе разумелі: нарэшце наступіла новае, мірнае жыццё.

— Бацьку лёгка даваліся ўсе прадметы: і дакладныя, і гуманітарныя. Дырэктар школы Іван Фёдаравіч Волкаў настойліва раіў яму ехаць у Мінск і вучыцца далей. Гаварыў, што з яго выйдзе выдатны філосаф. Хто такі філосаф, тата не вельмі разумеў, але, як дырэктар сказаў, так ён і зрабіў. У 1948 годзе паступіў на філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — расказвае Вольга Віктараўна.

Машэраў сказаў: “Трэба!”

На апошнім курсе таленавіты хлопец атрымаў прапанову працягнуць навучанне і з радасцю яе прыняў. Скончыўшы аспірантуру, некалькі гадоў працаваў выкладчыкам на кафедры філасофскага факультэта БДУ, чытаў лекцыі ў Вышэйшай партыйнай школе. А потым спатрэбіўся спецыяліст яго профілю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі (сёння — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), і ён перайшоў туды. Спачатку быў выкладчыкам філасофіі, потым — загадчыкам кафедры філасофіі і права, пасля чаго стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце. Працаваў на гэтай пасадзе 11 гадоў.

Па словах Вольгі Віктараўны, бацька ўсім сэрцам быў прывязаны да Нархоза і не збіраўся яго пакідаць. Але напрыканцы 70-х гадоў шукалі кампетэнтнага і вопытнага кіраўніка ў новую УВА — Мінскі інстытут культуры (сёння — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў выклікаў Віктара Мітрафанавіча да сябе і як былы партызан былому партызану сказаў: “Трэба!” І той даў сваю згоду. Рэктарам гэтай УВА ён працаваў амаль 8 гадоў. Шмат зрабіў для таго, каб вывесці яе на дастойны ўзровень развіцця.

Віктар Пузікаў з’яўляўся аўтарам многіх навуковых работ па гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі, асветы і культуры беларускага народа. Быў кандыдатам філасофскіх навук, прафесарам. Абараніў дысертацыю, прысвечаную філасофскаму светапогляду Сімяона Полацкага. Дарэчы, здзейсніў нават навуковае адкрыццё: знайшоў рукапісы раней невядомых вершаў гэтага беларускага асветніка. За шматгадовую плённую працу Віктар Мітрафанавіч атрымаў званне заслужанага работніка вышэйшай школы Беларускай ССР. Нягледзячы на занятасць, яму хапала часу і на грамадскую дзейнасць. Быў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, Кастрычніцкага раённага Савета народных дэпутатаў Мінска.

Завяршыў свой прафесійны шлях у БДЭУ. Апошнія гады жыцця Віктар Мітрафанавіч працягваў выкладаць, нягле­дзячы на цяжкую хваробу. За дзень да сваёй смерці ў чэрвені 2001 года яшчэ прымаў у студэнтаў экзамен. Лёс адмераў яму 72 гады. І ён годна пражыў кожны з іх.

Па прыкладзе бацькі

Віктар Мітрафанавіч і яго жонка Вера Аляксандраўна, дарэчы, таксама педагог, выгадавалі траіх дзяцей. І ўсе яны звязалі свой прафесійны шлях з педагогікай. Вольга Прыемка выкладае на філалагічным факультэце БДУ ўжо больш 30 гадоў, спецыялізуецца на беларускім фальклоры, дацэнт, кандыдат філалагічных навук. Каля 50 гадоў вучыць беларускую моладзь і яе старэйшы брат Уладзімір Пузікаў. Ён прафесар, доктар эканамічных навук, зараз выкладае ў Інстытуце бізнесу БДУ. Амаль 35 гадоў сумяшчаў работу ў банкаўскай сферы і выкладанне ў БДЭУ другі брат, Аляксандр Пузікаў, — дацэнт, кандыдат эканамічных навук.

— Бацькі ніколі не нацэль­валі нас на тое, што мы павінны стаць педагогамі. Асноўным патрабаваннем было атрыманне якаснай адукацыі. Я і Ула­дзімір скончылі БДУ, Аляксандр — Маскоўскі інстытут народнай гаспадаркі імя Г.В.Пля­ханава, — дзеліцца Вольга Віктараўна. — А ў тым, што пайшлі ў педагогіку, безумоўна, вялікую ролю адыграў прык­лад бацькі. Ён шчыра лічыў, што настаўнік — самая лепшая і паважаная прафесія. І сам быў выдатным яе прадстаўніком. Ён быў упэўнены, што нават баць­коўская адказнасць перад дзецьмі не такая высокая, як адказ­насць настаўніка перад вучнем. А аўтарытэт педагогаў з’яўляўся для яго недатыкальным.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара