Адчуваць сябе як дома

- 14:22Актуально, Апошнія запісы

Гэтымі днямі Рэспубліку Беларусь наведала дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. У іх ліку былі намеснік міністра адукацыі КНР Хаа Пін, рэктары вядучых кітайскіх універсітэтаў. Члены камісіі сустрэліся з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А.Жураўковым і першым намеснікам міністра адукацыі нашай краіны В.А.Богушам.

— Мы рады вітаць у Беларусі такую прадстаўнічую дэлегацыю, якая прыбыла з Кітайскай Народнай Рэспублікі, асабліва калі бачыш сярод гасцей знаёмыя твары, — зазначыў у час сустрэчы Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Я неаднаразова бываў у Кітаі, наведаў шэраг кітайскіх універсітэтаў, сустракаўся з іх рэктарамі і нават чытаў лекцыі кітайскім студэнтам.
Міністр адукацыі М.А.Жураўкоў адзначыў, што сёння Рэспубліка Беларусь разглядае Кітайскую Народную Рэспубліку як аднаго з асноўных стратэгічных партнёраў. За час шматгадовага супрацоўніцтва паміж краінамі склаліся трывалыя адносіны, якія прынеслі і прыносяць багаты плён як развіццю дзвюх краін у цэлым, так і непасрэдна іх адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай галіне.
— Мы з задавальненнем адзначаем, што нашы сяброўскія і дзелавыя стасункі ўмацоўваюцца з кожным годам, — заявіў Міхаіл Анатольевіч. — І мы маем шмат пацвярджэнняў гэтага. Сёння, напрыклад, у беларускіх універсітэтах навучаецца амаль дзве тысячы кітайскіх студэнтаў, імкліва павялічваецца колькасць аспірантаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі, пашыраецца абмен паміж студэнтамі і выкладчыкамі нашых навучальных устаноў.
На сённяшні дзень паміж універсітэтамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі дзейнічае больш за сотню прамых дагавораў, якія прадугледжваюць рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм, стварэнне навукова-даследчых лабараторый і цэнтраў, дзейнасць інавацыйных прадпрыемстваў і паркаў. На базе вядучых універсітэтаў Беларусі створаны тры Інстытуты Канфуцыя. У гэтым годзе на цэнтралізаваным тэсціраванні для паступлення ва УВА школьнікі будуць здаваць кітайскую мову, якая вывучаецца ў беларускіх школах.
— Як бачна, у нашай краіне сфарміраваўся вялікі інтарэс да вашай краіны, які з кожным годам узрастае, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч. — І, безумоўна, у час пасяджэння камісіі, якое праходзіць напярэдадні візіту кіраўніцтва КНР у Рэспубліку Беларусь, мы намецім шляхі далейшага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і будзем рухацца наперад па ўмацаванні нашых сувязей.
— Члены нашай дэлегацыі ўпершыню прыехалі ў Беларусь, але дух сяброўства адразу адчуваецца з боку нашых калег, таму мы выказваем вялікую ўдзячнасць за цёплую сустрэчу, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Хаа Пін. — Беларусь з’яўляецца адной з тых краін, з якой у Кітая склалася прадукцыйнае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, у тым ліку ў сферы адукацыі і навукі. Пры сустрэчы з нашымі землякамі — студэнтамі з Кітая — мы пачулі шмат цёплых слоў у адрас кіраўніцтва і выкладчыцкага складу беларускіх УВА. Нашым студэнтам вельмі камфортна ў Беларусі, і яны адчуваюць сябе як дома.
Хаа Пін падкрэсліў, што высокі ўзровень беларускіх УВА дае падставы для пашырэння супрацоўніцтва з беларускімі ўніверсітэтамі ў частцы павелічэння мабільнасці паміж студэнтамі і выкладчыкамі, у паслядыпломнай адукацыі і ў навуковай сферы.
М.А.Жураўкоў пацвердзіў, што ў супрацоўніцтве паміж краінамі ўжо ёсць шмат прыкладаў доўгатэрміновых адукацыйных і навуковых праектаў, якія сталі пацвярджэннем трывалых стасункаў паміж нашымі краінамі ў сферы адукацыі, навукі, інавацый. Разам з тым у гэтым супрацоўніцтве адкрываюцца новыя перспектывы. У час першага пасяджэння Беларуска-Кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі з боку рэктараў беларускіх універсітэтаў былі прапанаваны ідэі стварэння сумесных факультэтаў, навукова-даследчых цэнтраў, а таксама рэалізацыі іншых інавацыйных праектаў.

Ала КЛЮЙКО.