«Аддай цяпло душы і сэрца людзям, і яны адплацяць табе тым жа». Як працуюць педагогі ляхавіцкай школы № 1

- 9:00Главная, Образование

 У кожнага з нас свае ўспаміны аб школьным жыцці. Але самы галоўны ўспамін назаўсёды звязаны з імёнамі любімых педагогаў. Мы памятаем асобныя моманты, звязаныя з урокамі, пазакласнымі мерапрыемствамі, суботнікамі, паездкамі і паходамі. Для настаўніка ж з усяго гэтага складваецца жыццё.

Творча, натхнёна, вынікова працуюць педагогі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці. Іх вучні паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ (набіраюць больш за 90 і нават 100 балаў), усвядомлена выбіраюць прафесію, многія ідуць па слядах сваіх настаўнікаў, паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Трэнажорка для розуму

Развеяць стэрэатып, што матэматыка — сухая і сумная навука, дзе няма месца творчасці і фантазіі, а ёсць толькі формулы, тэарэмы і лічбы, імкнецца настаўніца матэматыкі Алена Іванаўна Высоцкая.

— Нідзе не адчуваеш такую асаблівую энергетыку, як у школе, побач з дзецьмі, якія растуць і развіваюцца на тваіх вачах, і ты зараджаешся ад іх самымі пазітыўнымі эмоцыямі, — адзначае педагог. — Работа з дзецьмі дазваляе не толькі перадаваць ім веды і вопыт, але і вучыцца ў іх, разві­ваць свой эмацыянальны інтэлект і крэатыў­насць.

У сваёй дзейнасці Алена Іванаўна прытрымліваецца шэрага прынцыпаў. Яна лічыць, што навучэнцу неабходна адда­ваць не толькі пэўную суму ведаў, але і часцінку сваёй душы. Дрэнны вучань не ёсць дрэнны чалавек. Кожнае дзіця мае права разліч­ваць на ўвагу, клопат і любоў. Важна ствараць на ўроках сітуа­цыю поспеху, каб вучань мог пра­явіць сябе з лепшага боку, а таксама парадавацца за поспех свайго таварыша.

Зацікавіць дзяцей матэматыкай — справа няпростая. Многае залежыць ад таго, як паста­віць нават відавочнае пытанне, і ад таго, як прыцягнуць усіх навучэнцаў у абмеркаванне той ці іншай праблемы. Творчая актыўнасць навучэнцаў, поспех урока цалкам залежаць ад метадаў і прыёмаў, якія выбірае настаўнік.

— Цікавасць да матэматыкі ў навучэнцаў 5—6 класаў знаходзіцца на ўзроўні дапытлівасці. Гэтая цікавасць вельмі лёгка ўзнікае — дастаткова прынесці на ўрок новы наглядны дапаможнік, прапанаваць задачу з арыгінальнай умовай, паведа­міць які-небудзь факт з гісторыі навукі. Цікавасць школьнікаў 7—8 класаў накіравана на змест прадметаў і адрозніваецца большай устойлівасцю. Тут упершыню адзначаецца імкненне да пераадолення цяжкасцей, да рашэння больш складаных задач. Навучэнцы крытычна ставяцца да працэсу навучання. У 9—11 класах пачынаюць сказвацца прафесійныя інта­рэсы, якія ўплываюць на пазнавальную цікавасць увогуле і на вучэбную да асобных прадметаў. У сувязі з гэтым мэтанакіраванасць навучэнцаў да вывучэння патрэбных ім прадметаў становіцца больш усвядомленай і валявой, што прыводзіць да лепшага разумення значэння аб’екта цікавасці, — тлумачыць А.І.Высоцкая.

Каб павысіць матывацыю школьнікаў, педагог звяртае ўвагу на недахопы ў іх ведах, кідае вучням інтэлектуальны выклік, паказвае матэматычныя фокусы, прыводзіць цікавыя матэматычныя факты, звесткі з гісторыі матэматыкі, выкарыстоўвае забаўляльныя заданні.

Алена Іванаўна пераканана, што кожнага вучня на сваім узроўні можна навучыць матэматыцы.

— Калі навучэнец лічыць, што той ці іншы матэрыял яму не патрэбен, то ён яго і не засвоіць, нават не будзе прыкладаць асаблівых намаганняў. Калі ж вучань пераканаецца, што гэта яму неабходна, то ён будзе слухаць на ўроку і яшчэ праявіць ціка­васць пасля яго, — гаворыць педагог. — Вучні з матэматычным складам розуму атрымліваюць задавальненне ад задачы проста таму, што яна прыгожая. Усім жа астатнім трэба патлума­чыць, навошта трэба ра­шаць задачы ці прыклады, чаму гэта карысна: колькі грошай неабходна зарабіць, каб купіць кватэру? Колькі трэба набыць цэглы для будаўніцтва дома? Даводзіцца пераконваць, што матэматыка — гэта гімнастыка для розуму і развіцця здольнасцей, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Вучні А.І.Высоцкай дэманструюць высокія вынікі на ЦЭ і ЦТ. Больш за 90 балаў набралі сёлета Сяргей Павел і Улад Паўлаў.

— Такіх вынікаў могуць дасягаць толькі працаздольныя лю­дзі, якія сапраўды добра разбіраюцца ў матэматыцы, любяць яе, разумеюць асаблівасці навукі, а не проста валодаюць добрай памяццю і тэхнікай зубрэння. Сістэма работы па падрыхтоўцы школьнікаў уключае напрацоўку ведаў, збор інфармацыі, прарэшванне тэстаў, ліквідацыю недахопаў і іх адпрацоўку, — адзначае педагог.

Адзін раз убачыць і зрабіць

Настаўніца біялогіі Лілія Мечыславаўна Маслоўская паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху — амаль штогод яе выхаванцы становяцца пераможцамі ў раёне. Дзевяцікласнікі актыўна выбіраюць біялогію для павышанага ўзроўню вывучэння ў профільных класах на старшай ступені, а выпускнікі дэманструюць высокія вынікі на ЦЭ і ЦТ.

Актывізаваць пазнавальную дзей­насць навучэнцаў, узмацніць іх цікавасць і матывацыю, наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з навучэнцамі педагогу на розных этапах вучэбнага працэсу дазваляюць актыўныя метады навучання. Так, эмацыянальна афарбаваць пачатак урока можа прагляд відэасюжэта, пастаноўка праблемнага пытання, чытанне верша альбо прытчы, біялагічныя казкі. У якасці размінкі педагог прапаноўвае займальныя заданні: крыжаванкі, загадкі. Яны прызваны высветліць веданне вучнямі асноўных паняццяў і тэрмінаў. Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў настаўніца стварае праблемныя сітуацыі на аснове выказванняў і фактаў: “Прадоўжы рад”, “Знайдзі памылку”, “Правільнае ці няправільнае сцвярджэнне”. Прапаноўвае навучэнцам пракаменціраваць выказванні: “Умеранае спажыванне ежы — маці здароўя” (М.Ламаносаў), “Хто не любіць прыроду, той не любіць чалавека” (Ф.Дастаеўскі).

Настаўніца пераканана, што лепш ­адзін раз убачыць, чым сем разоў па­чуць, але яшчэ важней — хаця б адзін раз зрабіць. Тады, акрамя ведаў, з’яўляецца ўменне. А калі зрабіць некалькі разоў, развіваецца навык. Таму на ўроках прыярытэт надаецца менавіта практычнай накіраванасці дзейнасці вучня. З гэтай мэтай ладзяцца лабараторныя доследы і эксперыменты, праводзяцца практычныя работы, арганізоўваюцца экскурсіі.

Кантроль ведаў вучняў часта право­дзіцца ў форме тэстаў. Кожны вучань сам выбірае заданні на пэўную колькасць балаў, працуе ў індывідуальным тэмпе. Настаўніца выступае ў ролі кансультанта для тых, каму патрэбна дапамога, стварае камфортны псіхалагічны клімат.

Для стымулявання творчай актыўнасці педагог выкарыстоўвае крэатыўныя заданні (“Гідра і медуза кішачнаполасцевыя. Якія асаблівасці іх будовы і жыццядзейнасці вы б узялі для стварэння фантастычнай істоты?”), метад параўнання, метад эўрыстычнага даследавання (“Даследуй прымаўку “Без кораня і палын не расце” альбо “Патрэбен як паветра”), метад гіпотэз (“Чаму вясной з’яўляюцца пупышкі на дрэвах?”). Вучні Л.М.Маслоўскай атрымліваюць творчыя дамашнія заданні. Напрыклад, напішыце сачыненне ад імя кветкі альбо насякомага “Як мне пашанцавала” альбо стварыце кветку, якая б спадабалася большасці насяко-
мых.

— За курс школы вучні павінны запомніць больш за 900 паняццяў па біялогіі, больш за 600 фактаў, каля 350 азначэнняў. Аблегчыць працэс запамінання дапамагаюць мнеманічныя прыёмы (прыём фанетычных асацыяцый, мнемічных фраз ці слоў, прыём лагічных асацыя­цый), — расказвае педагог. — Прыво­джу прыклады з жыцця спачатку даступнай мовай, а потым уводжу складаныя біялагічныя паняцці і тэрміны, выкарыстоўваю мультыборд, наглядны матэрыял — гербарныя экзэмпляры, муляжы. Дарэчы, некалькі гадоў назад кабінет біялогіі школы быў аснашчаны найноўшым абсталяваннем.

Даследчая дзейнасць дапамагае павысіць матывацыю школьнікаў. Пад кіраўніцтвам педагога Лізавета Рабцэвіч даследавала амялу белую: вывучыла колькасць, ступень і прычыны паражэння дрэў. Ксенію Граблюк зацікавіў бурак сталовы (падкормка яго рознымі ўгнаеннямі, аналіз на нітраты і г.д.). Вікторыя Навіцкая вывучала біялагічна актыўныя дабаўкі, якія паляпшаюць якасць прарастання насення цынерарыі.

— Больш як дваццацігадовы вопыт работы ў школе дае мне магчымасць сцвярджаць, што кожнага вучня можна навучыць працаваць творча. Чым глыбей настаўнік пазнае асобу дзіцяці, тым эфектыўней яго педагагічны ўплыў, тым лепш адчувае сябе дзіця ў педагагічным працэсе, які ўспрымаец­ца ім не як штосьці чужое яму, а як само жыццё, — адзначае Лілія Мечыславаўна.

Цяпло сэрца

З году ў год поспехаў дасягаюць навучэнцы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Мікалаеўны Сідор, якая ўжо 24 гады працуе ў школе. Яны дэманструюць высокі ўзровень ведаў, з’яўляюцца дыпламантамі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”.

Перад сабой педагог ставіць задачу заха­піць дзяцей, запаліць іх творчасцю, навучыць вучыцца, не проста ведаць і ўмець, а карыстацца гэтымі ведамі на карысць сабе і іншым, развіць у дзецях крэатыўнасць, духоўнасць, імкненне да поспеху.

— А.Разанаў паўтараў такую фразу: “Нельга навучыць, можна толькі навучыцца”, і я ўпэўнілася, што гэта сапраўды так, — гаворыць педагог. — Калі дзеці не маюць жадання вучыцца, ты не дастанеш веды са сваёй галавы і не ўкладзеш ім. Таму першае, што спрыяе выніку, — гэта жаданне і імкненне дзяцей, іх вялікі патэнцыял. А зацікаўліваю я іх не толькі ўрокамі. У школе дзейнічае фальклорны калектыў “Кужалёк”, якім я кірую, арганізаваны факультатыўныя заняткі, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы да ЦЭ. І яшчэ: калі ў рабоце дзяцей зацікаўлены бацькі, то і вынікі будуць добрымі.

На сваіх уроках Наталля Мікалаеўна імкнецца стварыць развіццёвую адукацыйную прастору, у якой галоўная роля адводзіцца менавіта вучню. Вучань і настаўнік на ўроку — суразмоўнікі, супрацоўнікі, сутворцы. Педагог выкарыстоўвае сучасныя асобасна арыентаваныя адукацыйныя тэхналогіі. У практыку работы ўключана праблемнае навучанне, інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення. Апошняя прыцягнула ўвагу настаўніцы тым, што павышае цікавасць да актыўнага ўспрымання вучэбнага матэрыялу старшакласнікамі, вырашае задачы інфармацыйнай адукаванасці.

Пры адборы дыдактычнага матэрыялу да заняткаў па беларускай мове Н.Сідор арыентуецца на тэксты з этнакультуразнаўчай тэматыкай (гісторыя Ляхавіччыны, характар, звычаі, традыцыі, асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў і інш.), якія спрыяюць фарміраванню ­этнакультурнай кампетэнцыі вучняў і ўплываюць на выхаванне высокадухоўнай асобы.

У 6—7 класах адным з самых складаных раздзелаў з’яўляецца словаўтварэнне і арфаграфія. Тэксты этнакультуралагічнай накіраванасці выкарыстоўваюцца на кожным этапе навучання словаўтварэнню (азнаямлення з новым матэрыялам, замацавання, паўтарэння, падагульнення і сістэматызацыі вывучанага). Школьнікі вучацца выяўляць адзінкі марфемікі і словаўтварэння ў словах з тэксту, класіфікаваць паводле асноўных прымет, параўноўваць і супастаўляць моўныя з’явы, рабіць абагульненні і вывады, канструяваць словы прапанаваных мадэляў і выкарыстоўваць іх ва ўласным маўленні. Напрыклад, пры замацаванні ведаў пра паняцці марфемікі педагог прапаноўвае такія заданні: прачытайце тэкст, дайце яму загаловак, выпішыце з тэксту аднакаранёвыя словы, вызначце назоўнікі, утвораныя суфіксальным спосабам.

— За два гады вучня можна падрыхтаваць да ЦЭ на высокі вынік, аднак пры ўмове наяўнасці трывалай базы ведаў, — лі­чыць Наталля Мікалаеў­на. — Лепш за ўсё, каб мэтанакіраваная работа пачыналася з 5 класа. Вучні вядуць спецыяльныя сшыткі, у якіх запісваюць правілы з прыкладамі, што часцей за ўсё сустракаюцца на ЦЭ і дзе можна зрабіць памылкі. Як паказвае практыка, часта цяжкасці ў вучняў выклікаюць заданні на правапіс о, э, а ў беларускай мове, правапіс слоў іншамоўнага паходжання, на пастаноўку працяжніка (паміж дзейнікам і выказнікам, у бяз­злучнікавых сказах, у няпоўных сказах), на пастаноўку знакаў прыпынку ў складаных сказах, заданні па тэмах “Прыслоўе”, “Формы дзеяслова”.

Педагог ніколі не лічыцца з часам і жыве па прынцыпе “аддай цяпло душы і сэрца людзям, і яны адплацяць табе тым жа”. А самай вялікай узнагародай яна лічыць удзячнасць сваіх вучняў, як былых, так і цяперашніх.

У атмасферы даверу

З 1986 года вучыць школьнікаў гісторыі і грамадазнаўству Соф’я Іванаўна Шыбкоўская. Як прызнаецца настаўніца, сёлета яна выпускае ўжо дзяцей сваіх першых выпускнікоў.

У педагогіку Соф’я Іванаўна прыйшла ўсвядомлена. На яе прафесійны выбар вялікі ўплыў аказала класны кіраўнік Аляксандра Канстанцінаўна Емяльянчык, настаўніца Мядзведзіцкай сярэдняй школы. На яе дзяўчына імкнулася быць падобнай ва ўсім. І калі сама стала педагогам, у многіх сітуацыях думала, а як бы паступіла яе настаўніца, што б сказала. Ды і старэйшая сястра таксама была настаўніцай гісторыі.

— Плюс прафесіі настаўніка ў тым, што ў школе ніколі не бывае сумна, ты ніколі не чакаеш канца рабочага дня і не глядзіш на гадзіннік, каб хутчэй скончыўся ўрок, бо часу катастрафічна не хапае, — заўважае педагог. — Безумоўна, за гады работы было ўсялякае, але ў памяці часцей усплываюць радасныя моманты гордасці за сваю прафесію, дасягненні вучняў. А іх было нямала. Вось і сёлета выпускнік Віктар Сцепачоў атрымаў запаветныя 100 балаў па гісторыі Беларусі і 96 балаў па сусветнай гісторыі. Мэтанакірава­насць хлопца, высокая працаздольнасць, падтрымка сям’і і педагогаў прынеслі такі бліскучы вынік.

Сваёй першачарговай задачай С.І.Шыбкоўская лічыць навучыць дзяцей думаць і гаварыць, развіваць творчае, прадукцыйнае мысленне, наву­чыць арыентавацца ў вялізным патоку інфармацыі, аналізаваць мінулае і сучаснасць, рабіць высновы, мець свой пункт гледжання, фарміраваць даследчыя навыкі, уменне працаваць самастойна. Соф’я Іванаўна імкнецца паказаць сваім выхаванцам, што ва ўсіх падзеях ёсць логіка і заканамернасць. Яна вучыць дзяцей не проста механічна запамінаць матэрыял, а ўлічваць тое, што адно выцякае з другога: эканоміка цесна звязана з палітыкай і знаходзіць сваё адлюстраванне ў культуры. У засваенні матэрыялу на дапамогу прыходзіць карта.

Важна таксама стварыць на ўроку добразычлівую атмасферу, у якой пануе павага і давер, кожнае дзіця ўцягнута ў пазнавальную дзейнасць і да канца ўрока робіць няхай маленькае, але ўласнае адкрыццё, бачыць вынік прыкладзеных намаганняў.

Педагог заўважыла, што калі вучні самі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі атрымання ведаў, то гэтыя веды становяцца больш трывалымі. У рабоце Соф’я Іванаўна выкарыстоўвае адкрытую дыскусію, мазгавую атаку, гульні, калектыўнае ўзаеманавучанне, назіранні, доследы. Так, падчас дыскусіі вучні не толькі пашыраюць веды па той ці іншай тэме, але і вучацца кантраляваць свае эмоцыі, свае паводзіны, аналізаваць атрыманую інфармацыю, выказваць свае думкі, быць цярплівымі, карэктнымі, крытычнымі.

Сістэма работы педагога ўключае элементы традыцыйнага навучання з новымі адукацыйнымі тэхналогіямі. На ўроках настаўніцы арганічна спалучаюцца праблемнае навучанне, тэхналогіі візуалізацыі, тэхналогіі калектыўнай мыследзейнасці, інфармацыйныя тэхналогіі, даследчая дзейнасць.

Асалода і натхненне

25 гадоў працуе ў роднай школе, якую калісьці скончыла сама, настаўніца рускай мовы і літаратуры Інеса Раманаўна Маневіч.

— Што прывяло мяне ў прафесію? — разважае Інеса Раманаўна. — Шчыра прызнаюся, што настаўніцай быць я не думала, але так распарадзіўся лёс. Пасля заканчэння школы, а я вучылася ў класе з паглыбленым вывучэннем рускай мовы і літаратуры, паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Калі атрымала дыплом, прыехала дадому і прыйшла працаваць у школу. Дарэчы, мама ў мяне таксама настаўніца. І з цягам часу я зразумела, што мне падабаецца працаваць з дзецьмі і ў школе я застануся надоўга. У рабоце прыцягвае найперш узаемадзеянне з выхаванцамі, разуменне таго, што, калі яны дасягаюць поспеху, у гэтым ёсць і твой уклад. Асабліва прыемна бачыць вынікі сваёй работы ў старшых класах. Летась выпускніца школы Вікторыя Навіцкая на ЦЭ атрымала 98 балаў, а сёлета па 90 балаў у Таццяны Кучук і Ганны Буйкевіч, 92 — у Таццяны Беляновіч. Гэта прыносіць сапраўдную асалоду.

“Каб мець права вучыць, трэба пастаянна вучыцца самому, каб выхоўваць кагосьці, трэба выха­ваць сябе”— гэтыя словы сталі педагагічным крэда настаўніцы. На ўроках Інесы Раманаўны поўнасцю адсутнічае дзяленне на настаўніка, які ведае ўсё, і вучня-аб’екта, якому неабходна ўзяць ад педагога падрыхтаваныя веды. Настаўніца бачыць у кожным дзіцяці асобу, з павагай ставіцца да кожнага, размаўляе з ім як з дарослым і не прыніжае гонару вучня. І.Р.Маневіч лі­чыць, што трэба часцей хва­ліць дзіця, нават калі ў таго не ўсё атрымліваецца, і не варта асу­джаць яго пры ўсіх вучнях за дрэнныя ўчынкі. Педагог ніколі не саромеецца прызнаць сваю памылку. А таму на занятках пануе атмасфера ўзаемаразумення, сумеснай творчасці. Важным лічыць педагог прыходзіць у калектыў з добрым настроем.

— Калі бярэш дзяцей з 5 класа, вядзеш іх да выпуску, то пранікаеш­ся іх інтарэсамі, бачыш матывацыю. На першых этапах варта захапіць вучня сваімі прадметамі і падтрымліваць матывацыю на працягу навучання. Напрыклад, пачаць урок рускай мовы з раскрыцця значэння таго ці іншага слова, паглыбіцца ў яго этымалогію. Гэта дапамагае і папоўніць лексічны запас школьнікаў, і па­збегнуць арфаграфічных памылак. Лепшаму запамінанню матэрыялу садзейнічае займальная фразеалогія, мнеманічныя прыёмы, — адзначае педагог.

Аснова методыкі настаўніцы пры падрыхтоўцы да ЦЭ — выкладанне праз табліцы, алгарытмы, схемы, бо гэта дазваляе структураваць матэрыял, сэканоміць час. Спачатку ідзе засваен­не тэарэтычных ведаў вучнямі, потым шматразовае паўтарэнне, замацаванне на практыцы і абавязковы паэтапны кантроль. Ну і, безумоўна, падтрымка вучня на розных этапах работы.

Урокі педагога не абыхо­дзяцца без узроўневай дыферэнцыяцыі (павялічваецца аб’ём заданняў, якія выконваюцца, іх разнастайнасць), метаду праектаў, які эфектыўны пры праверцы дамашняга задання, пры выкананні творчых заданняў, метаду візуалізацыі (складанне кластараў), у сярэднім звяне — гульнявых тэхналогій, інсцэніравання баек, драматычных твораў, ролевых гульняў. Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі дазваляе зрабіць тлумачэнне матэрыялу настаўніцай больш яркім і даступным. Карыстаюцца вучні і мабільнымі прыладамі, часцей для праверкі сваіх ведаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара