Аддаюць сэрцы дзецям

- 11:18Адукацыйная прастора, Рознае

На Брэстчыне падвялі вынікі ІІ Абласнога конкурсу сярод прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння прэстыжу і аўтарытэту прафесійнай замяшчальнай сям’і, прапаганды сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, распаўсюджвання пазітыўнага вопыту прафесійнага сямейнага клопату, — расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра сацыяльна-педагагічнай работы, аховы дзяцінства і спецадукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Н.В.Фяцісава. — У адборачным этапе спаборніцтва ўдзельнічалі прафесійныя замяшчальныя сем’і — пераможцы раённых (гарадскіх) конкурсаў: 18 прыёмных сем’яў і 13 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У фінал выйшлі 6 удзельнікаў: прыёмныя сем’і Камінскіх з Драгічыншчыны, Лепясевіч з Піншчыны і Платніцкіх са Століншчыны, ДДСТ Біруковых з Баранавіч, Мазалеўскіх з Івацэвіччыны і Пятроўскіх з Брэста.

— Сёння на Брэстчыне налічваецца 437 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваецца 625 дзяцей, і 42 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе знайшлі новых бацькоў 280 хлопчыкаў і дзяўчынак, — адзначыла на адкрыцці фіналу конкурсу старшыня журы і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык. — Галоўная ідэя конкурсу — паказаць, што кожнае дзіця павінна жыць у сям’і. Хочацца, каб цёплыя дзіцяча-бацькоўскія адносіны панавалі і на сцэне, і дома.

Конкурс уключаў 5 заданняў: “Адзін дзень з жыцця сям’і”, “Візітоўка”, “Сямейныя таленты”, “Вясёлая сямейка” і “Відэапытанне”. Дамашняе заданне “Адзін дзень з жыцця сям’і” ўяўляла сабой троххвілінны паказ мультымедыйнай прэзентацыі з відэаролікам, якія адлюстроўвалі важныя моманты жыцця сям’і, традыцыі і захапленні, умовы для навучання і выхавання дзяцей, захавання іх здароўя, падрыхтоўкі да самастойнага жыцця.

Падчас “Візітоўкі” ўдзельнікі прадстаўлялі сем’і ў творчай форме, паказвалі эмблему, дэвіз і сямейны абярэг. Пры выкананні задання “Сямейныя таленты” мамы, таты і дзеці спявалі, танцавалі, чыталі вершы, жартавалі. Заданне “Вясёлая сямейка” ўключала невялікі тэатральны паказ з камедыйным сюжэтам, у аснове якога ляжаў сямейны канфлікт і спосаб яго вырашэння. “Відэапытанне” дазволіла ўдзельнікам прадэманстраваць творчыя ідэі і прафесійную кампетэнтнасць у складаных педагагічных сітуацыях.

Па выніках конкурсу лепшым дзіцячым домам сямейнага тыпу стаў дом Мазалеўскіх аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, а лепшай прыёмнай сям’ёй прызнана сям’я Платніцкіх аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама. Пераможцы атрымалі дыпломы абласнога ўпраўлення адукацыі і каштоўныя падарункі.

Акрамя таго, у рамках конкурсу, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, была арганізавана выстава творчых работ выхаванцаў прыёмных сем’яў і ДДСТ, іх “Кнігі жыцця” і фірменных страў у выглядзе выпечкі. За арганізацыю выставы дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага і Лунінецкага райвыканкамаў, а таксама адміністрацыя Маскоўскага раёна Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.