Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня падпісаў Дэкрэт № 1, што прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Дэкрэт ад 2 красавіка 2015 года № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дэкрэтам удакладнены пералік перыядаў дзейнасці, на працягу якіх грамадзяне прызнаюцца ўдзельнікамі фінансавання дзяржаўных расходаў.
Так, да асоб, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, аднесены грамадзяне ў перыяд знаходжання ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту, праходжання альтэрнатыўнай службы, прымянення да іх прадугледжаных заканадаўчымі актамі мер па гарантаванні бяспекі, якія не давалі магчымасці ім удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку беспрацоўных або вучацца па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, будуць прызнавацца ўдзельнікамі фінансавання дзяржаўных расходаў толькі пры адсутнасці ўстаноўленых фактаў парушэння імі абавязкаў у галіне занятасці насельніцтва, а асобы, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, — пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю.
Таксама за мясцовымі Саветамі дэпутатаў або па іх даручэнні за мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі замацоўваецца права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Улічваючы неабходнасць дадатковага ўдакладнення пераліку асоб, якім належыць выплаціць збор за 2015 год з улікам прадугледжаных дэкрэтам змяненняў, тэрмін накіравання падатковымі органамі паведамленняў плацельшчыкам збору пераносіцца з 1 лістапада 2016 года на 20 студзеня 2017 года, а тэрмін выплаты збору — з 1 снежня 2016 года на 20 лютага 2017 года.