Адказныя паводзіны — рэсурс здароўя

- 15:51Адукацыйная прастора

Тэма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі актуальная сярод моладзі. У сувязі з гэтым узрастае патрэба ў эфектыўнай прафілактычнай рабоце, накіраванай на забеспячэнне дзяцей і моладзі дакладнай інфармацыяй пра ВІЧ-інфекцыю.

У сярэдняй школе № 3 Навагрудка рэалізуецца праграма “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод вучняў I, II і III ступені навучання на аснове жыццёвых навыкаў”. Прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца з вучнямі 1—11 класаў з улікам узроставага развіцця, атрыманых ведаў і набытага жыццёвага вопыту.

Пры рэалізацыі гэтай праграмы выкарыстоўваюцца формы работы, якія забяспечваюць дзецям актыўны ўдзел у працэсе прафілактычнай падрыхтоўкі, стымулюючы іх творчую актыўнасць.

Настаўнікам, псіхолагам, сацыяльным педагогам належыць важная роля ў прафілактычнай рабоце з падлеткамі і моладдзю. Для гэтага выкладчыкі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень. У студзені 2019 года на базе нашай установы адукацыі праведзена пасяджэнне метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў. Так, К.Г.Картасава, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама, магістр псіхалагічных навук, у рамках метадычнага дыялогу адказала на пытанні педагогаў-псіхолагаў, якія тычацца арганізацыі прафілактычнай работы ва ўстанове адукацыі.

З мэтай прыцягнення ўвагі падлеткаў да праблемы СНІДу, прапаганды здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў і фарміравання адказных адносін да свайго здароўя ў рамках раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў праведзены трэнінг “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод падлеткаў”. У асноўнай частцы трэнінгу выступіла Н.М.Жураўская, валеолаг Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Інфармацыя спецыяліста была кароткай, даступнай і эмацыянальна насычанай. Практыкаванні, якія выкарыстоўваліся ў ходзе трэнінгу, дапамаглі ўдзельнікам высветліць ступень інфармаванасці па гэтай праблеме, зразумець, як хутка распаўсюджваецца ВІЧ-інфекцыя; растлумачыць, што здароўе чалавека шмат у чым залежыць ад яго паводзін. У канцы трэнінгу кожны ўдзельнік быў адзначаны сімвалам — чырвонай стужкай, якая азначае падтрымку, спачуванне і надзеі на будучыню без СНІДу.

Дынамізм, яркасць, наяўнасць гульнявога моманту, сітуацыя спаборніцтваў дазволілі ў рухомай дзейснай форме ўсебакова азнаёміць з праблемай удзельнікаў трэнінгу.

Такія мерапрыемствы павінны дапамагчы вучням набыць веды, навыкі, вопыт, неабходныя для таго, каб выбраць здаровы лад жыцця, здабыць супраціўляльнасць негатыўнаму і шкоднаму ўплыву, а педагогі-псіхолагі змаглі абмяняцца вопытам, а таксама ўзяць у сваю скарбонку шмат новых і цікавых ідэй.

Святлана ХВЯНЬКО,
педагог–псiхолаг сярэдняй школы № 3 Навагрудка Гродзенскай вобласці.