АДКБ гатова да сумеснай работы па ўмацаванні міру і бяспекі

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Краіны АДКБ у перыяд старшынства Беларусі плануюць ініцыіраваць сумесныя мерапрыемствы з ААН. Аб гэтым расказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Андрэй Дапкюнас у час спецыяльнага пасяджэння Савета Бяспекі ААН, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Пасяджэнне, у якім прыняў удзел Андрэй Дапкюнас, было прысвечана супрацоўніцтву ААН з рэгіянальнымі арганізацыямі па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі — Арганізацыяй дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасцю Незалежных Дзяржаў і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. Члены Савета Бяспекі, дзяржавы — удзельніцы трох рэгіянальных аб’яднанняў, кіраўнікі сакратарыятаў ААН, АДКБ, СНД і ШАС абмеркавалі перспектывы сумеснай работы.

У сваім выступленні ад імя дзяржаў — членаў АДКБ пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН выклаў асноўныя падыходы да выбудоўвання партнёрскіх адносін паміж АДКБ і ААН. Андрэй Дапкюнас адзначыў, што ў перыяд старшынства Беларусі ў АДКБ дзяржавы — члены гэтай арганізацыі плануюць ініцыіраваць шэраг сумесных з ААН сустрэч і мерапрыемстваў па найбольш актуальных міжнародных пытаннях. Зыходзячы са сваёй перакананасці ў непадзельнасці міру, бяспекі і прагрэсіўнага ўстойлівага развіцця, Беларусь і іншыя краіны АДКБ будуць садзейнічаць калектыўнай рабоце міжнародных арганізацый для ўмацавання міру і бяспекі.

Таксама размова ішла аб тым, што шматфункцыянальнасць АДКБ дае магчымасць весці практычнае ўзаемадзеянне з ААН па многіх напрамках: міратворчасць, барацьба з тэрарызмам і наркагандлем, пераадоленне наступстваў надзвычайных сітуацый, процідзеянне гандлю людзьмі і нелегальнай міграцыі.