АДКБ: не толькі падтрымліваць, але і рабіць саліднай, моцнай

- 10:19Інфармацыйная гадзіна, Рознае

АДКБ трэба падняць і зрабіць моцнай арганізацыяй, але пры гэтым нікому не пагражаючы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжам.

“Я хацеў бы, каб вы мяне азнаёмілі з сітуацыяй на сённяшні дзень, тэндэнцыямі ў арганізацыі, парадкам дня. Наперадзе — наша старшынства. Вы ведаеце, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да такіх мерапрыемстваў. Мы заўсёды з вамі аднагалосна заяўляем аб тым, што ў свеце спакайней не стала. Арганізацыю трэба не толькі падтрымліваць, але і паднімаць, рабіць саліднай, моцнай”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што рабіць гэта трэба, але нікому не пагражаючы. “Каб потым пасля нашай сустрэчы не грымнулі гром і маланкі, што мы тут з вамі плануем нейкую наступальную аперацыю, як старыя пагранічнікі. Мы нічога не плануем. Але порах трэба трымаць сухім, і дзе, як не ў гэтай арганізацыі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь будзе сур’ёзна рыхтавацца да старшынства ў АДКБ, але разам з тым разлічвае і на падтрымку кіраўніцтва арганізацыі, каб падрыхтаваць шэраг сур’ёзных прапаноў для кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ і дастойна прадставіць іх.

Мікалай Бардзюжа праінфармаваў прэзідэнта аб бягучых напрацоўках у Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы, азнаёміў з парадкам дня сесіі Савета калектыўнай бяспекі, правядзенне якой запланавана 14 кастрычніка ў Ерэване.

Акрамя таго, генсакратар павіншаваў кіраўніка дзяржавы з паспяховым правядзеннем выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. “Тая арганізацыя, якая была прадэманстравана, яшчэ раз пацвярджае, што ўсе дзяржаўныя органы, усе структуры працуюць вельмі эфектыўна”, — сказаў ён.