Міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе азнаёміўся з падрыхтоўкай будучых спецыялістаў, агледзеўшы найноўшыя вучэбныя і галіновыя лабараторыі, а таксама камп’ютарныя класы факультэта інфармацыйных тэхналогій і ваенную кафедру. Пасля адбылася сустрэча з першакурснікамі.
Асноўны профіль тэхналагічнага ўніверсітэта — падрыхтоўка інжынераў для хімічнай і лясной прамысловасці, спецыялістаў у галіне выдавецкай справы і паліграфіі, навуковыя даследаванні ў розных галінах хімічнай і лясной прамысловасці. Таксама ва ўніверсітэце ажыццяўляецца навучанне па эканамічных, камп’ютарных спецыяльнасцях, рыхтуюцца спецыялісты па аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, машын і апаратаў хімічнай і лясной прамысловасці. БДТУ з’яўляецца навуковым і даследчым цэнтрам, які паспяхова развівае розныя навуковыя напрамкі ў галінах лясной гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, хіміі і хімічных тэхналогій, эканомікі, паліграфіі.
Знаёмячыся з абсталяваннем новых лабараторый, міністр адзначыў, што цяпер у студэнтаў ёсць магчымасць атрымліваць яшчэ больш сучасныя веды і навыкі. Азнаёміцца з асаблівасцямі хімічных працэсаў могуць і школьнікі, якія прыязджаюць на вучобу ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Ва ўніверсітэце з імі працуюць у спецыяльнай лабараторыі. Гаварылася і пра неабходнасць цеснага супрацоўніцтва ўніверсітэта з хімічнай прамысловасцю краіны. Рэктар Ігар Войтаў адзначыў, што такія сувязі наладжваюцца дзякуючы выпускнікам.
Развіццё тэхналагічнага ўніверсітэта залежыць ад новага пакалення студэнтаў, а яно вельмі актыўнае. Прычым з першага курса. Цікавай атрымалася сустрэча міністра адукацыі з першакурснікамі БДТУ.
“У Міністэрства адукацыі склалася ўстойлівая практыка сустракацца са студэнтамі розных ВНУ, факультэтаў, розных курсаў. Сёння мы разглядаем студэнта як актыўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Без гэтага немагчыма падрыхтаваць якасныя кадры. Такія сустрэчы вельмі важныя з пункту гледжання наладжвання зваротнай сувязі, атрымання з першых крыніц інфармацыі пра тое, якія ёсць праблемы і якія пытанні вас хвалююць. Тым больш што БДТУ пастаянна працуе над удасканаленнем сістэмы падрыхтоўкі кадраў, зместу адукацыі — гэта новыя планы, праграмы, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, розныя формы і тэхналогіі навучання. Без кантакту са студэнтам, дакладнага разумення, як адукацыйны працэс развіваецца ў аўдыторыі або за яе межамі, мы не зможам выбудаваць аптымальную мадэль падрыхтоўкі спецыяліста”, — адзначыў Ігар Карпенка, звяртаючыся да студэнтаў.
Паводле слоў кіраўніка профільнага міністэрства, працягваецца работа над актыўным развіццём сістэмы адукацыі. “Прайшоў Усебеларускі народны сход, дзе мы падвялі вынікі пяцігодкі, намецілі планы на будучыню. Адзін з галоўных пасылаў УНС — далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу. Для нашай краіны, у якой няма багатых прыродных рэсурсаў, гэта галоўная база для ўстойлівага росту і развіцця эканомікі. А гэта ўсё — пытанні дабрабыту людзей, — дадаў міністр.
“Сёння хацелася б пагутарыць з вамі аб перспектывах развіцця сістэмы адукацыі. Зусім нядаўна мы абмяркоўвалі гэтую тэму на Рэспубліканскім педагагічным савеце, дзе ўхвалілі падрыхтаваную новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Гэта галоўны заканадаўчы дакумент, які ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. Мы таксама ўзгаднілі Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Днямі адбылася нарада ў Прэзідэнта краіны, дзе мы яшчэ раз вярнуліся да тэмы кодэкса і правіл прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У найбліжэйшы час кодэкс будзе разглядацца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўжо ў другім чытанні, а затым пройдзе працэдуру зацвярджэння ў Савеце Рэспублікі. Пасля падпісання кіраўніком дзяржавы ён уступіць у сілу”, — працягнуў міністр.
Адказваючы на пытанні студэнтаў, Ігар Васільевіч расказаў пра запланаваныя новаўвядзенні на ўсіх узроўнях адукацыі, пра новыя правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі. Акрамя таго, на сустрэчы абмеркавалі тэму практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, дыстанцыйнага навучання, будаўніцтва новых інтэрнатаў. Першакурснікі пацікавіліся ў мінстра яго стаўленнем да вакцынацыі, на што Ігар Карпенка адказаў, што ён прышчапіўся і ім раіць зрабіць тое ж самае. Сустрэча доўжылася 2 гадзіны, размова атрымалася на роўных.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.