Аграгарадок Навасёлкі, што на Пастаўшчыне, да рэвалюцыі называўся Навасёлкі-Лучайскія. А слава мясцовага калгаса імя Суворава грымела на ўвесь Савецкі Саюз дзякуючы яго слыннаму кіраўніку — Алегу Адольфавічу Валодзьку. Невыпадкова, што зараз мясцовая гаспадарка мае назву ААТ “Навасёлкі-Лучай” і яна адна з самых моцных у Пастаўскім раёне. Савецкія аграрныя традыцыі тут захоўваюць і прымнажаюць, у тым ліку ў справе адукацыі і выхавання маладых земляробаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Навасёлкаўская сярэдняя школа Пастаўскага раёна, у якой дзейнічаюць профільныя класы аграрнай накіраванасці, носіць імя Алега Адольфавіча Валодзькі. Пабудавана яна па праекце самога Алега Валодзькі ў 1983 годзе.
— Гэта быў унікальны чалавек, які ў сярэдзіне 80-х вёў наватарскую дзейнасць у сельскай гаспадарцы, прывёз сельскагаспадарчую тэхніку з Германіі, — расказвае дырэктар установы адукацыі Алена Ластоўская. — Алег Адольфавіч (дарэчы, па дакументах ён Адольф Адольфавіч, але ён не любіў, калі яго так называлі) — аўтар трох кніг. Ён быў вельмі таленавітым кіраўніком, патрабавальным да людзей, але справядлівым, шмат дапамагаў вяскоўцам. Пайшоў з жыцця Алег Валодзька ў 2019 годзе.

Па словах Алены Іванаўны, адкрыццё агракласаў у школе цалкам апраўдана жыццём. Бацькі многіх навучэнцаў працуюць у мясцовым ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Гэта адна з буйнейшых па пасяўных плошчах гаспадарак Пастаўшчыны і адна з лепшых па выніках ва ўсёй Віцебскай вобласці. Гордасць ААТ “Навасёлкі-Лучай” — новы малочнатаварны комплекс “Пагорцы” на 640 галоў.
Амаль усе аб’екты інфраструктуры ў Навасёлках пабудаваны пры жыцці А.А.Валодзькі: магазін, кафэ, бальніца, цэнтр культуры, танцзала, басейн. Дарэчы, у Навасёлках узведзены электрадом з арэнднымі кватэрамі, што з’яўляецца рэдкасцю для любой мясцовасці. Электрадом пабудаваны ўжо стараннямі новага кіраўніка гаспадаркі — Юрыя Шымчыка, які доўгі час працаваў намеснікам у Алега Адольфавіча. Юрый Францішкавіч аказвае значную дапамогу школе, у тым ліку фінансавую.
У 2022 годзе ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе адбыўся выпуск першай аграгрупы з 4 чалавек: двое яе выпускнікоў паступілі ў БДАТУ, адзін з іх у наступным годзе вяртаецца ў родную гаспадарку на работу, бо мае мэтавае накіраванне. Яшчэ адзін выпускнік аграгрупы паступіў у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і таксама ў наступным годзе прыедзе працаваць у Навасёлкі.
Навучэнцы агракласаў маюць сваю форму, якую пашыла мясцовая гаспадарка. Зімой падлеткі больш налягаюць на тэорыю, а ў цёплы перыяд года набываюць практычны вопыт работы ў сельскай гаспадарцы: наведваюць мехдвор і ферму, бываюць у полі на сяўбе. У сваю чаргу кіраўніцтва гаспадаркі абавязкова прыходзіць у школу, напрыклад, удзельнічае ў мерапрыемствах школы актыўнага грамадзяніна. Галоўны аграном гаспадаркі і маці аднаго з навучэнцаў Навасёлкаўскай школы Алена Касцюк — чалавек года Віцебшчыны — плённа супрацоўнічае з установай адукацыі.
Цяпер ва ўстанове адукацыі 2 агракласы: 10 і 11 навучэнцаў. Вядзе факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” настаўніца працоўнага навучання Аліна Аляксееўна Сініца. Выпускнікі, якія хочуць набыць сельскагаспадарчую прафесію, атрымліваюць мэтавыя накіраванні на вучобу ад ААТ “Навасёлкі-Лучай”.
Дзеці не баяцца выбіраць аграрныя спецыяльнасці, бо іх бацькі працуюць у моцнай гаспадарцы і задаволены сваёй зарплатай і ўмовамі працы.
— Бацькі нашых навучэнцаў часта прыходзяць на школьныя мерапрыемствы з мэтай прафарыентацыі, гэта паспяховыя людзі, з якіх хочацца браць прыклад. Нашы дзеці разважаюць так: ты можаш нічога не дабіцца ў прафесіі ў вялікім горадзе, згубіцца сярод мноства людзей, а ў Навасёлках ты на сваім месцы. І дасягнеш поспехаў, калі будзеш адказна ставіцца да працы, весці здаровы лад жыцця. Гаспадарка пастаянна пашыраецца, заўсёды патрэбны рабочыя рукі. У тым ліку спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, — падкрэслівае Алена Іванаўна.
***
«Настаўніцкая газета” будзе працягваць знаёміць чытачоў з паспяховымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Беларусі і іх супрацоўніцтвам з мясцовымі ўстановамі адукацыі ў галіне прафесійнай падрыхтоўкі будучых айчынных аграрыяў.
Беларусы заўсёды лічылі і лічаць нялёгкую сялянскую працу самай важнай і святой на зямлі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод перадавікам АПК. За гады незалежнасці Беларусі ўдалося стварыць магутны і высокаэфектыўны аграрна-прамысловы комплекс, у якім заўсёды будзе патрэба ў руплівых руках працаўнікоў, якія лічаць гонарам карміць краіну.
Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





