Адкрыты да канструктыўнага дыялогу і пошуку

- 10:00Дырэктарскі клуб

Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна — адзіная сельская гімназія ў Мінскай вобласці. Тут вучацца не толькі юныя жыхары аграгарадка Лошніца, але і дзеці з суседніх вёсак. Аднак унікальнасць гімназіі не толькі ў гэтым. Па-першае, тут рэалізуецца шматузроўневая мадэль метадычнай работы, працуе 5 настаўнікаў-метадыстаў, апрабуюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты.
Па-другое, на базе гімназіі дзейнічае аўтарскі праект электроннай школы. І яшчэ адна адметнасць установы — STEM-цэнтр і бізнес-адукацыя.
Пра сакрэты кіравання педагагічным калектывам, нацэленым на поспех і вынік, адметнасці вірлівага гімназічнага жыцця, дзе і вучань, і настаўнік  могуць сябе рэалізаваць і раскрыцца, — наша гутарка з дырэктарам Лошніцкай гімназіі Юліяй САМАТЫГА. 

— Юлія Уладзіміраўна, як вы прыйшлі ў педагогіку?

— Мой шлях у педагогіку — гэта свядомы выбар, нягледзячы на тое, што я адна з першых у сваёй фамільнай дынастыі стала педагогам.

Скончыўшы Лошніцкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём, паступіла ў Мазырскі дзяржаўны інстытут імя Н.К.Крупскай на філалагічны факультэт. Захапіўшыся філалогіяй, прыйшла настаўніцай у Зорыцкую сярэднюю школу, на малую радзіму ў Барысаўскі раён. Дастаткова хутка зразумела, што маё прызванне — гэта школа. Скажу шчыра, я проста закахалася ў прафесію настаўніка і з 1998 года пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Лошніцкай сярэдняй школе, а са з’яўленнем гімназічных класаў — у Лошніцкай гімназіі. Прафесія настаўніка стала для мяне не проста работай, а ладам жыцця, хобі, захапленнем, станам душы. У 30 гадоў мне ўжо даверылі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, якую я называю прафесійнай загартоўкай. Я навучылася аналізаваць, прагназаваць, планавац­ь і прыходзіць да пэўнага выніку, зразумела, што педагогіка — гэта мастацтва, мастацтва вучыць і навучаць.

“Важна захапіць калег агульнай мэтай, імкненнем да пастаяннага развіцця. Уменне прымаць рашэнні, лідарства, адаптыўнасць, камунікабельнасць, прэзентацыйныя навыкі, гнуткасць, тайм-менеджмент — вось асноўныя навыкі сучаснага кіраўніка. Галоўныя з іх непасрэдна для мяне — стратэгічнае бачанне, уменне разбірацца ў глабальных трэндах і бачыць перспектывы. І заўсёды трэба верыць у ажыццяўленне мары, атрымліваючы задавальненне ад праведзенай работы, адчуваючы любоў да дзяцей і да сваёй справы”.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, калі прыйшлі на пасаду дырэктара? Якія задачы паставілі перад сабой?

— 12 верасня 2017 года мяне прызначылі дырэктарам гімназіі. Здавалася б, свой калектыў, у якім на паса­дзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце я прапрацавала 13 гадоў, родны пасёлак, дзе кожны ведае адзін аднаго. Аднак, стаўшы дырэктарам, я зразумела: гэта не толькі адказнасць, але і ўменне павесці за сабой, пачуць, зразумець, прыняць, дапамагчы, бо ў гэтым статусе чужая памылка — гэта і твая памылка! Трэба быць стратэгам і аналітыкам, бачыць перспектывы развіцця, умець пры высокім метадычным майстэрстве педагогаў і эфектыўнай сістэме навучання ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу ўстаноў адукацыі раёна і вобласці.

Сваю ролю як кіраўніка я перш за ўсё бачыла ў стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, інфармацыйна-метадычных і кадравых умоў, якія забяспечваюць магчымасць дасягнення запланаваных вынікаў, засваення адукацыйнай праграмы ўсімі навучэнцамі. Гэта тэарэтычна. А на практыцы самая галоўная задача для мяне — аптымізаваць існуючы рэсурс, выбудаваць адукацыйны працэс так, каб ён быў максімальна зручны для навучэнцаў і бацькоў. Трэба ісці ў нагу з часам, прыкладаць намаганні, каб установа адукацыі была інавацыйнай і запатрабаванай, а сельскі вучань — канкурэнта­здольным.

— Якіх прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў рабоце з калектывам?

— Рацыяналізм у кіраванні, прыцягненне сучасных тэхналогій, дэмакратычнасц­ь і галоснасць — такія прынцыпы маёй кіраўніцкай дзейнасці. Калектыў гімназіі жыве ў сучасным рытме, адкрыты да канструктыўнага дыя­логу і пошуку, таму ў аснову кіравання і арганізацыі адукацыйнай дзейнасці закла­дзены цыкл Дэмінга — у адносінах да мяне як дырэктара (“плануй — выконвай — правярай — карэкціруй”) і да ўсяго калектыву (“плануй — рабі — вучыся — дзейнічай”). Гэта дало старт рэалізацыі шматузроўневай ма­дэлі метадычнай работы ва ўстанове адукацыі, развіццю інавацыйнай дзейнасці, павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і, вядома, дасягненню выніковасці.

— Юлія Уладзіміраўна, інавацыйная дзейнасць надае новы імпульс развіццю ўстановы?

— Безумоўна, у гімназіі кіпіць работа па разнастайных інавацыйных і педагагічных праектах. Сярод праектаў, якія рэалізаваны за апошнія 5 гадоў, — “Укараненне методыкі фарміравання метада­лагічнай культуры педагога ў сі­стэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі”, “Развіццё прафесійнай кампе­тэнтнасці педагогаў сродкамі педагагічнага праектавання”. Кожны з іх значны і вельмі карысны. Напрыклад, рэалізацыя педагагічнага праекта “Укараненне мадэлі цэнтра развіцця вучня ва ўмовах інфармацыйнай адукацыйнай прасторы сельскага соцыума” прывяла да стварэння ў гімназіі ўнутранай лакальнай сеткі і, як вынік, да ўкаранення электроннага дакументаабароту, чым можа пахваліцца далёка не кожная прасунутая сталічная ўстанова адукацыі. А педагагічны праект “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў сродкамі педагагічнага праектавання” яшчэ раз даказаў, што для настаўнікаў узаема­дзеянне з калегамі і вучнямі ў віртуальнай прасторы — арганічны працяг адукацыйнага працэсу і развіццё прафесійных кампетэнцый. Так, за апошні год педагогамі гімназіі распрацаваны электронныя праекты “Адукацыйны блог як сродак сеткавага ўзаема­дзеяння. У дапамогу класнаму кіраўніку” (https://bloggklassa.blogspot.com/), “Лошніца: квест-даследаванне. Экскурсійна-адукацыйны модуль” (https://www.loshnickvest.сom), “Сайт віртуальнага кабінета хіміі” (https://www.kabinethimii.com).

“Маё кіраўніцкае крэда — “адзін у полі не воін”. Але не таму, што я не ўпэўнена ва ўласных сілах, а таму, што пераканана: толькі атмасфера сумеснай творчасці — самы магутны рухавік развіцця педагагічнага калектыву. Калі кіраўнік па-сапраўднаму поўны энтузіязму і матываваны, захоплены справай, якая прыносіць яму задавальненне, гэты стан перадаецца супрацоўнікам. Толькі тады калектыў можа быць паспяховым. Галоўнае — верыць у кожнага і быць асабістым прыкладам”.

— Сёння часта ўзнікаюць спрэчкі: хто павінен вучыць дзіця дабру, этыцы, нормам паводзін у грамадстве — дом або школа? Якога пункту гледжання вы прытрымліваецеся?

— На маю думку, галоўная задача па выхаванні — на сям’і, бо сям’я — гэта апора для кожнага з нас. Але мы павінны ёй падказваць, бо выхаваўчая функцыя школы — адна з вядучых сёння.

Кіраўнік дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце адзначыў, што шлях чалавека ў вялікае жыццё пачынаецца са школьнай лаўкі, дзе фарміруюцца яго характар і светапогляд, адбываецца станаўленне асобы. Цалкам падтрымліваю гэтую думку. Маючы вялікі педагагічны вопыт, лічу, што толькі ў звязцы “настаўнік — вучань — бацькі” можна дасягнуць высокіх вынікаў і выхаваць маральную асобу.

У цяперашні час выкарыстоўваецца шмат эфектыўных метадаў, прыёмаў і тэхнік узаемадзеяння з бацькамі ў пытаннях выхавання. Напрыклад, у нашай гімназіі дзейнічае клуб бацькоў “Выхоўваем разам” у мэтах арганізацыі ўзаема­дзеяння сям’і і гімназіі для павышэння прэстыжу і ролі бацькі ў грамадстве. Дастаткова запатрабаванай сярод баць­коў формай з’яўляецца кінаклуб “Сінема”, які выступае як сумесны рэсурс медыяадукацыі і выхавання.

— Юлія Уладзіміраўна, якой бачыцца ваша ўстанова ў найбліжэй­шай будучыні?

— Па-першае, я хацела б бачыць сваю гімназію моцнай установай, якая дае магчымасць кожнаму дзіцяці знайсці сябе і максімальна рэалізаваць свае здольнасці, магчымасці і інтарэсы, па-другое, сучаснай гімназіяй, у якой сфарміравана адзіная адукацыйна-выхаваўчая і інфармацыйная прастора, дзе ёсць месца лічбавым тэхналогіям і адначасова камунікацыі, дзе ўзаемадзейнічаюць навучэнцы, педагогі і бацькі, і, па-трэцяе, гімназіяй мары — месцам, куды заўсёды хочацца прыйсці.

Для гэтага трэба шмат зрабіць. Ёсць ідэі, задумы, праекты. З кіраўніцкай пазіцыі — гэта стварэнне сеткавай кіраўніцкай супольнасці, дзе набалелыя тэмы або пытанні, што ўзнікаюць, маглі б абмяркоўваць кіраўнікі ўстаноў адукацыі. З адукацыйнага боку — гэта рэалізацыя шэрага праектаў. Лічу, што за праектнай работай — будучыня. З верасня 2021 года мы пачалі рэалізацыю гімназічнага праекта “Беларусь экскурсійная” са стварэннем маштабнай інтэрактыўнай карты для правядзення віртуальных экскурсій, працягваем развіваць ідэю праф­арыентацыйнага праекта “Барысаўшчына працоўная”, прысвечанага розным галінам: медыцыне, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаў­ніцтву. У межах сістэмы дадатковай адукацыі плануем спалучэнне бізнес-адукацыі з лега-канструяваннем і скрэтч-праграмаваннем.  Для педагогаў а­прабуем метадычныя інтэнсівы, вучэбныя модулі, укараняем дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі.

Галоўнае — гэта ідэі і ўменне трымаць руку на пульсе часу, калі-нікалі апярэджваючы яго.

— Дзякуй за размову і поспехаў у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.