Адкрыты дыялог

- 9:10Вышэйшая школа

У фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Кожны малады чалавек мог падысці да мікрафона і задаць пытанне кіраўніку вобласці.

Гэта ўжо не першая сустрэча старшыні аблвыканкама са студэнцкай моладдзю.

— Вялікая частка дыялогавых пляцовак ладзілася ў Гродне на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Была выказана просьба зрабіць дыялогавыя пляцоўкі пастаянна дзеючымі, і мы паабяцалі, што так яно і будзе, таму такія сустрэчы будуць рэгулярнымі, — расказаў Уладзімір Каранік. — Хацелася б зразумець настрой у студэнцкім асяроддзі, адказаць на пытанні, якія хвалю­юць нашых маладых людзей. Таму што мы ўсе як бацькі разумеем, што калі дзіця ці малады чалавек не атрымлівае адказы на свае пытанні ад бацькоў, ён знаходзіць іх на вуліцы, і не заўсёды гэтыя адказы аб’ектыўныя і правільныя. А ўлічваючы тое, што сёння ў аўдыторыі будучыя кіраўнікі, педагогі, якія будуць вучыць дзяцей, мы павінны вельмі шмат увагі ўдзя­ляць іх развіццю і выхаванню. І галоўнае — шчыра і адкрыта адказ­ваць на пытанні, якія хвалююць наша студэнцт­ва. Без адкрытага дыялогу вельмі складана будзе забяспечыць пераем­насць пакаленняў.

Без доўгіх уступаў і дакладаў размова адразу набыла фармат дыялогу. Студэнты падыходзілі да мікрафона, задавалі свае пытанні і атрымлівалі шчырыя і разгорнутыя адказы ад кіраўніка вобласці. Дарэчы, Уладзімір Каранік адзначыў, што забароненых тэм няма, таму пытацца можна пра ўсё. І моладзь выкарыстала такую магчымасць, звярнуўшыся да яго не толькі з пытаннямі, але і з прапановамі і нават просьбамі.

Студэнтаў цікавіла ўсё, пачынаючы ад развіцця эканомікі рэгіёна і стварэння новых працоўных месцаў да будаўніцтва студэнцкіх інтэрнатаў і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў.

У прыватнасці, размова ішла пра магчымасці фінансавання маладзёжных праектаў. У адказе прагучала, што адным з кірункаў рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў павінна стаць пляцоўка навукова­тэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Прыярытэт будзе за пазабюджэтным фінансаваннем даследчых або вытворчых праектаў. З боку прадпрыемстваў ёсць зацікаўленасць у тым, каб падтрымаць перспектыўныя праекты, якія могуць выліцца ў вытворчасць.

— На адной з дыялогавых пляцовак была выказана ідэя стварэння фонду падтрымкі грамадскіх ініцыятыў. Думаю, гэтая ідэя будзе рэалізавана ўжо сёлета, але яна тычыцца не камерцыйных праектаў, а рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, рэалізацыі турыстычных і іншых праектаў сацыяльнай накіраванасці, калі ёсць ідэя, але не хапае фінансавання на яе рэалізацыю. У такіх выпадках органы ўлады гатовы далучыцца да фінансавання, — адзначыў Уладзімір Каранік.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка дадала, што ва ўніверсітэце ўжо створаны Фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі стартапаў.

Прагучала і пытанне, кім лягчэй быць — міністрам аховы здароўя ці старшынёй аблвыканкама. Уладзімір Каранік адказаў, што цяжка параўноўваць, і дадаў: “На самай справе, як кажуць, выйграе каманда, прайграе трэнер. Мне пашчасціла: у міністэрстве была прафесійная каманда, з якой можна было вырашаць сур’ёзныя задачы, і такая ж каманда сфарміравана ў Гродзенскім аблвыканкаме. Я рады, што і там, і тут ёсць на каго абаперціся”.

Некаторыя пытанні насілі асабісты характар. Моладзь цікавіла, якімі былі студэнцкія гады кіраўніка вобласці, як ён адпачывае і ці карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Што тычыцца апошніх пытанняў, то старшыня аблвыканкама прызнаўся, што на сваю старонку ў “Фэйсбуку” даўно не заходзіў, аднак паабяцаў яе “ажывіць”, а таксама ўзмацніць прысутнасць органаў улады на гэтых інфармацыйных пляцоўках, якія сёння сталі сродкам зносін паміж людзьмі.

— З майго пункта гледжання, адказы на многія пытанні нескладана знайсці ў інтэрнэце, але, калі чалавек задае іх, значыць, гэта яго хвалюе. Таму ў дыялогу я стараюся не дзяліць пытанні на важныя і не важныя і адказаць на ўсе, — падвёў вынік Уладзімір Каранік і дадаў: — Хоць мы і розныя пакаленні, аднак можам размаўляць на адной мове. Студэнтам Купалаўскага ўніверсі­тэта ён пажадаў паспяховай вучобы і запэўніў, што іх чакаюць на першых працоўных месцах.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.