У сістэме выхаваўчай работы сярэдняй школы № 3 Капыля вялікая роля адводзіцца экскурсіям. Дзякуючы ім дзеці бліжэй знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, краіны, даведваюцца пра культуру свайго народа, яго звычаі і традыцыі. Ні аповеды настаўніка, ні прагляды відэафільмаў не могуць даць такіх яркіх і жывых уяўленняў, як экскурсія.
Штогод навучэнцы нашай школы здзяйсняюць мноства экскурсій. Самыя першыя мы арганізоўваем у музей баявой і працоўнай славы і музей прыроды і экалогіі, якія працуюць на базе нашай установы адукацыі. Любяць навучэнцы наведваць і Капыльскі раённы краязнаўчы музей. Асаблівую цікавасць выклікае ў іх раздзел экспазіцыі “Археалагічная гісторыя Капыльшчыны”. Яе ўнікальнасць у тым, што ўсе экспанаты тут мясцовыя. Яны знойдзены пры раскопках Замкавай гары і курганоў у Капылі. Сярод знаходак ёсць унікальныя рэчы, адзіныя на тэрыторыі краіны. Напрыклад, маленькі гліняны сабачка жалезнага веку (гэтая знаходка ўвайшла ў энцыклапедыю археалогіі і нумізматыкі), адзіныя ў сваім родзе хірургічны нож, пчаліныя соты ХІІІ стагоддзя.
Пасля наведвання раённага краязнаўчага музея навучэнцы адпраўляюцца на экскурсіі па Капыльскім раёне. Маршруты разнастайныя: “Партызанскі рух на тэрыторыі Капыльскага раёна”, “Сёстры Хатыні”, “Капыльшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэтыя экскурсіі праводзіць для школьнікаў старшыня Капыльскай раённай арганізацыйнай структуры ДТ СААФ Аляксандр Іванавіч Касінскі. Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць экскурсіі, прысвечаныя знакамітым людзям Капыльшчыны. Напрыклад, папулярнымі сталі экскурсіі ў дом-музей Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага, Героя Беларусі, прафесара, доктара тэхнічных навук, акадэміка НАН Беларусі, былога генеральнага канструктара МАЗа. Музей знаходзіцца ў аграгарадку Семежава. Таксама дзеці з задавальненнем наведваюць літаратурны музей Кузьмы Чорнага ў аграгарадку Цімкавічы. Не менш цікавымі з’яўляюцца экскурсіі, якія прапануе аб’яднанне па інтарэсах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна “Юныя экскурсаводы”.
Пабываць у іншым населеным пункце школьнікам заўсёды цікава, таму яны з задавальненнем адпраўляюцца ў падарожжа па гарадах Беларусі. Гродна, Брэст, Магілёў, Полацк, Віцебск, Гомель… Кожны горад прыгожы па-свойму, прыцягвае ўвагу юных турыстаў-краязнаўцаў. Навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй горада, яго славутасцямі. Пасля такіх экскурсій нярэдка можна пачуць воклічы: “Якія ж прыгожыя нашы гарады! Так не хочацца ад’язджаць”.
Не менш цікавымі для школьнікаў з’яўляюцца экскурсіі па замках Беларусі, сярод якіх Мірскі замак. Уражвае сваёй веліччу і таямнічасцю, вадаёмамі і паркамі таксама Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. Заўсёды з ахвотай едуць хлопчыкі і дзяўчынкі ў Лідскі і Косаўскі замкі, а потым доўга ўспамінаюць экскурсіі па гэтых дзівосных месцах.
Экскурсіі станоўча ўплываюць на навучэнцаў. Дзеці сталі больш цікавіцца гісторыяй роднага краю. Кожнае падарожжа становіцца для іх маленькім адкрыццём славутасцей краіны.
Таццяна НЯДЗЕЛЬКА,
класны кіраўнік 9 “А” класа сярэдняй школы № 3 Капыля.
Фота аўтара.