Сёння ва ўсіх навучальных установах рэспублікі звініць апошні званок. На ўрачыстых лінейках гучаць словы падзякі настаўнікам, бацькам і вучням. А на самых пачэсных месцах стаяць галоўныя віноўнікі свята — адзінаццацікласнікі, якія апошні раз слухаюць гучанне школьнага званка, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца ледзь не галоўным атрыбутам школьнага жыцця. Безумоўна, кожны з іх захавае ў памяці гэты святочны і ўрачысты момант, бо школьныя гады пакідаюць самыя светлыя і шчымлівыя ўспаміны ў кожнага з нас.
— Няма ў жыцці больш важнага часу, чым пара вучнёўства. Менавіта за школьнай партай чалавек набывае патрэбу і ўменне мысліць, радасць пазнання і творчасці.
Сотні новых шчаслівых дарог рассцілае жыццё перад вамі. Які ж шлях выбраць у гэтым бязмежным жыцці? Адно несумненна: чалавек павінен жыць для дабра. Ён павінен быць патрэбным людзям. Помніце, чалавек славіцца добрымі справамі, а менавіта гэта і ёсць галоўная якасць дастойнага грамадзяніна сваёй краіны. Правільна асэнсаваны выбар прафесіі дапаможа кожнаму з вас напоўніць жыццё карыснымі справамі, мноствам цікавых задум і творчых планаў, — звярнуўся да сваіх выпускнікоў дырэктар сярэдняй школы № 2 імя Герояў Дняпроўскай флатыліі Пінска Уладзімір Уладзіміравіч Пазняк.
А са сцен гэтай слаўнай школы ў дарослае жыццё выходзіць 25 выпускнікоў. Адзінаццаць гадоў іх песцілі, вучылі, выхоўвалі настаўнікі школы і, як можна было не раз пераканацца, рабілі гэта прафесійна і ад душы. За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм ім дзякавалі ўсе: і выпускнікі, і бацькі, і адміністрацыя сярэдняй школы № 2 Пінска. А сёння іх перапаўняе радаснае шкадаванне: са сцен школы сыходзяць іх дзеці, якія за 11 гадоў сталі дарослымі і разумнымі. Але з другога кутка на вялікіх адзінаццацікласнікаў захоплена паглядваюць першакласнікі. Значыць, радасны сум педагогаў хутка зменіцца захапленнем і новымі вучнёўскімі адкрыццямі. І школа зноў ажыве.
Такую ж урачыстасць і камяк у горле сёння адчувалі 89 тысяч 91 выпускнік 9-х класаў і 55 тысяч 126 выпускнікоў 11-х класаў. Сёння святочныя мерапрыемствы з апошнім званком для навучэнцаў 9-х (10-х) класаў, у якіх вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі), 11-х (12-х) класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму базавай адукацыі, адукацыйную праграму сярэдняй адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, праведзены ва ўсіх установах краіны ў адзін і той жа момант. Вось такое аднагалоссе апошняга званка.
А пасля пачнуцца яшчэ больш хвалюючыя мерапрыемствы — выпускныя экзамены. Выпускныя экзамены пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць з 2 па 12 чэрвеня. Выпускныя экзамены па вучэбных прадметах, якія праводзяцца ў пісьмовай форме, будуць пачынацца ў 9.00.
Пасля завяршэння навучання ў 9 класе вучні павінны будуць здаць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: беларускую мову ў пісьмовай форме, рускую мову ў пісьмовай форме, матэматыку ў пісьмовай форме і гісторыю Беларусі вусна. Пасля заканчэння 11 класаў навучэнцы здадуць у гэтым годзе тры абавязковыя выпускныя іспыты: матэматыку ў пісьмовай форме, беларускую мову або рускую мову (па выбары навучэнца) у пісьмовай форме і замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую) у вуснай форме.
Чацвёрты экзамен — па выбары. Гэтае выпрабаванне праводзіцца ў вуснай форме, акрамя экзамену па беларускай або рускай мове і мове нацыянальнай меншасці (польскай ці літоўскай). Для навучэнцаў, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, разам з выпускнымі экзаменамі па такіх вучэбных прадметах, як матэматыка, беларуская мова або руская мова (па выбары навучэнца), замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская), абавязковым з’яўляецца выпускны экзамен па адным з вучэбных прадметаў, які вывучаўся на павышаным узроўні (за выключэннем выпадкаў супадзення вучэбнага прадмета, па якім праводзіцца абавязковы выпускны экзамен).
Для навучэнцаў 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне вялося на мове нацыянальнай меншасці (польскай ці літоўскай), абавязковым будзе таксама выпускны экзамен па адпаведнай мове (у пісьмовай форме). Для навучэнцаў 9 і 11 класаў праводзяцца выпускныя іспыты ў пісьмовай форме па адпаведнай мове нацыянальнай меншасці па тэкстах, падрыхтаваных Міністэрствам адукацыі.
А выпускны экзамен па выбары для выпускнікоў 11-х класаў можа быць па адным з наступных вучэбных прадметаў: беларуская мова (пераказ), руская мова (пераказ), беларуская літаратура (вусна), руская лiтаратура (вусна), замежная мова (вусна), гісторыя Беларусі (вусна або абарона рэферата), сусветная гісторыя (вусна або абарона рэферата), геаграфiя (вусна), біялогія (вусна), хiмiя (вусна), фiзiка (вусна), астраномія (вусна), iнфарматыка (вусна), грамадазнаўства (вусна), фізічная культура і здароўе (у практычнай форме). Расклад выпускных экзаменаў будзе складзены ўстановай адукацыі з улікам адзіных па рэспубліцы тэрмінаў правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў. Усе заданні для правядзення пісьмовых экзаменаў будуць абвешчаны па тэлебачанні і радыё. Як гаворыцца, ні пуху, ні пер’я.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ШАСТАКОВІЧА.