“Студэнцкі — значыць, там студэнты, а савет — значыць, яны вырашаюць нейкія пытанні”. Так у большасці выпадкаў разважае першакурснік, пакуль не пазнаёміцца са студэнцкім саветам свайго інтэрната. Аднак за двума словамі хаваецца куды больш: эмоцыі, сяброўства, натхненне, творчасць… Гэтая арганізацыя становіцца пляцоўкай самарэалізацыі як для саміх студсаветаўцаў, так і для тых, на каго накіравана іх дзейнасць.
Тут не ведаюць слова “сум”
У цэнтры пакоя самакіравання студэнцкага савета інтэрната № 11 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — дошка задач. На ёй запісаны найбліжэйшыя мэты каманды і матывуючыя выказванні для работы. Настасся Сенакосава і Ксюша Вясёлкіна завіхаюцца ля стала з фота: хутка на адной са сцен з’явіцца “радавое” дрэва студсавета.
Структуру арганізацыі складаюць некалькі камісій: культурна-масавая, жыллёва-бытавая, спартыўная, прававая і інфармацыйная. За прадстаўніком кожнай камісіі замацоўваецца пэўны напрамак і ўчастак работы. Аднак маладыя людзі прызнаюцца, што яны ўніверсальныя спецыялісты і многае робяць разам. Нават гасцей, як правіла, сустракаюць усім калектывам.
— Інфармацыйная камісія добра сябруе з сацыяльнымі сеткамі, фота- і відэатэхнікай, бясконцай плынню навін. Студэнты, якія задзейнічаны тут, інфармуюць пра мерапрыемствы і падзеі, прыдумваюць цікавасці для жыхароў інтэрната. Культурна-масавая — не ведае слова “сум”. Удзельнікі гэтай камісіі пастаянна генерыруюць крэатыўныя ідэі і займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў, — тлумачаць хлопцы і дзяўчаты. — Спартыўная камісія ў нас самая фізічна актыўная. Тут не толькі расказваюць пра здаровы лад жыцця, але і натхняюць паўдзельнічаць у турнірах і спаборніцтвах. Асноўная задача прававой камісіі — прафілактыка правапарушэнняў і вырашэнне магчымых канфліктаў. А ў жыллёва-бытавую камісію ўваходзяць людзі, якія нечакана прыходзяць да вас у госці з праверкай санітарнага стану блока. Яны ведаюць шмат крутых рэчаў для дома і дзеляцца вопытам з іншымі.
Трэцякурсніца юрыдычнага факультэта Ангеліна Канановіч — старшыня арганізацыі. У студэнцкі савет дзяўчына прыйшла на 1 курсе.
— У пачатку года кожная студэнцкая арганізацыя праводзіць сход для першакурснікаў, каб пазнаёміцца адно з адным. Я прыйшла на такі сход студсавета, паслухала, як працуюць розныя камісіі, і зразумела, што мой напрамак — культурна-масавы. Да таго ж вельмі спадабаліся чалавечыя якасці тагачаснага кіраўніка. І я пайшла ў стажоры (у ходзе стажыроўкі старэйшыя перадаюць веды малодшым, даюць заданні, каб зразумець, чаму іх трэба навучыць), — расказвае студэнтка.
За плячыма Ангеліны — вопыт супрацоўніцтва з іншымі студэнцкімі арганізацыямі. Але як рыба ў вадзе яна сябе адчувае менавіта ў студсавеце. Ужо год Ангеліна арганізоўвае і накіроўвае работу сваёй каманды ў якасці кіраўніка.
— Не ўяўляю жыцця без студэнцкага савета, без абдумвання і падрыхтоўкі актыўнасцей. Гэта мультыфункцыянальная арганізацыя, якая ахоплівае разнастайныя напрамкі, дзе можна прымяніць свае здольнасці. Паверце, ні адна іншая не змяшчае ў сабе столькі ўсяго, — дзеліцца дзяўчына.
У інтэрнаце № 11 жывуць студэнты юрыдычнага факультэта, факультэтаў геаграфіі і геаінфарматыкі, філасофіі і сацыяльных навук, а таксама навучэнцы юрыдычнага каледжа БДУ. Студэнцкі савет стараецца здзіўляць іх рознымі фарматамі. У арсенале каманды — кіна- і мультвечары, акцыі, квесты і конкурсы. У сацыяльных сетках моладзь дае студэнтам парады ў напісанні курсавых работ, дзеліцца апрабаванымі рэцэптамі “на хуткую руку”, публікуе сітуацыйныя кейсы ў рубрыцы “Заметкі прававой камісіі”, вядзе электронныя нататкі #небезадзінаццаткі (кароткія аповеды пра вядомых людзей, што жылі ў інтэрнаце). Для работы з самай прасунутай аўдыторыяй выкарыстоўваюцца QR-коды, хэштэгі і, канечне ж, TikTok.
— У нас ёсць план мерапрыемстваў на год, але ён часта пашыраецца, бо з’яўляецца шмат таго, што нам хацелася б рэалізаваць. Наша задача — ствараць камфорт для ўсіх, хто жыве ў інтэрнаце. Хочацца, каб студэнты маглі забыць пра руціну, пераключыцца, — падагульняюць дзяўчаты і хлопцы. — Калі заканчваеш нейкі праект і бачыш непадробленыя эмоцыі людзей, гэта падагравае нас, матывуе рухацца наперад.
Частка студэнцкай гісторыі
Студэнцкі савет замежнікаў інтэрната № 3 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі — самая маладая маладзёжная арганізацыя ўніверсітэта. Студсавет быў створаны ў снежні мінулага года і аб’яднаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей.
— Шмат студэнтаў-замежнікаў сумуюць па доме. Акрамя вучобы, ім патрэбен занятак для баўлення вольнага часу. Мэта нашай арганізацыі ў тым, каб далучыць кожнага студэнта да актыўнага жыцця інтэрната і ўніверсітэта. Мы імкнёмся аб’яднаць розныя нацыянальнасці, каб моладзь магла расказваць пра свае традыцыі, культуру, — тлумачаць старшыня студсавета Валіжон Рахматулаеў і актыўныя сябры арганізацыі Сявінч Алімхаджаева, Энеш Бурыева і Мухамаджон Акрамаў. — Першым праектам мы хацелі паказаць, што мы ёсць і можам арганізоўваць мерапрыемствы. Былі, канечне, і страхі, што студэнты не будуць удзельнічаць, што гэта можа быць нецікава ім. Але хутка стала відавочна, што попыт ёсць. А калі людзі побач актыўныя, то і самім хочацца выкладвацца больш і больш.
Вялікая доля работы студэнцкага савета замежнікаў прыпадзе на лета, калі некаторыя студэнты застануцца на канікулах у Мінску. Ужо зараз моладзь задумваецца над арганізацыяй тыдняў нацыянальных культур, чэмпіянатаў па футболе, актыўнасцей на свежым паветры.
— Раней у трэцім інтэрнаце было мала руху. Зараз жа з’явілася шмат студэнтаў, якія могуць і хочуць праявіць сябе. І нам прыемна быць часткай гэтай гісторыі, — падагульняе Сявінч Алімхаджаева.
Камедыя з элементамі баевіка
Настасся Радзько — студэнтка 2 курса факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Студэнцкі савет інтэрната № 2 дзяўчына ўзначаліла нядаўна, але вопыту кіраўніцтва ёй не пазычаць: у школе з кадэцкім ухілам была камандзірам класа, у музычнай — уваходзіла ў савет выпускнікоў. Спачатку студэнтка была намеснікам старшыні, распрацоўвала планы мерапрыемстваў, пасля стала яго пераемніцай.
— Для мяне ідэальны дзень — як глабальнае шоу. Калі бачыш вынікі сваёй работы, а людзі гавораць “Было крута”, — дзеліцца Настасся.
Другакурснік КСІСа Улад Плотнікаў з падлеткавага ўзросту праяўляў цікавасць да работы з дакументамі. Гэтаму спрыяла яго любоў да дэталей, уседлівасць і хуткасць набору на камп’ютары (асабісты рэкорд хлопца — 365 знакаў у мінуту). Ва ўніверсітэце, пачуўшы пра вакантнае месца сакратара студэцкага савета (“О, якраз дакументы!”), ён прайшоў конкурс і пачаў займацца тым, што любіць. Сябры заўважаюць, што, дзякуючы Уладу, пратаколы і справаздачы становяцца больш структураванымі і зразумелымі.
— Хочацца вучыцца, назапашваць прафесійныя навыкі і разам з тым тэсціраваць сябе на трываласць, каб зразумець свае магчымасці, асэнсаваць, колькі карыснага можна зрабіць, — гаворыць хлопец. — Усяго, што хацелася дасягнуць у арганізацыі, я дасягнуў, бо магчымасцей там больш чым дастаткова. І мне хочацца да апошняга працаваць тут сакратаром.
Маша Філянкова вучыцца на адным курсе з Насцяй і Уладам, яна намеснік старшыні студсавета.
— Маша — мая правая рука, а Уладзік — левая, — смяецца Настасся Радзько. — Мы ўсе вельмі розныя, і кожны паасобку ўнікальны. Двух аднолькавых студсаветаўцаў вы дакладна не знойдзеце. Таму ўсё працуе зладжана. Студсавет — гэта класная каманда, дзе ўсе каларытныя для той дзейнасці, за якую адказваюць.
Склад арганізацыі нядаўна абнавіўся, таму большая частка студсавета — моладзь з малодшых курсаў. Напрыклад, Кірыл Губіч прыйшоў у спартыўную камісію некалькі месяцаў назад, вырашыўшы ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Хлопец быў звязаны са спортам і адчуваў патрэбу ў спартыўных актыўнасцях на базе інтэрната, таму хутка зразумеў, што трэба не перакладваць адказнасць на іншых, а ствараць рух самому. А студсаветаўская гісторыя Дзяніса Грыгор’ева пачыналася яшчэ да засялення ў інтэрнат, калі ён дапамагаў знаёмым з арганізацыі. Цяпер хлопец знайшоў сябе ў жыллёва-бытавой камісіі.
Маладыя людзі расказваюць пра мерапрыемствы, якія пакінулі ў іх самыя цёплыя ўспаміны, — квест па пошуку падарункаў у Іnstagram, святкаванне Масленіцы і акустычныя вечары. Студэнты лічаць, што падобныя цікавасці дазваляюць жыхарам інтэрната знаёміцца адно з адным, шукаць аднадумцаў на аснове агульных інтарэсаў, зараджацца пазітывам.
Для таго каб студсавет мог рэалізаваць свае задумы, у кожнай камісіі ёсць гасцёўня з неабходным абсталяваннем. Па словах студэнтаў, менш, чым запланавана, актыўнасцей не бывае нават пры неспадзяванках, якія не залежаць ад каманды. У найбліжэйшых планах хлопцаў і дзяўчат — адкрыццё паэтычнай музычнай гасцёўні і запуск лялечага тэатра “Батлейка”. Моладзь лічыць, што з яго дапамогай можна будзе праводзіць псіхалагічныя трэнінгі і для ўзаемадзеяння з аўдыторыяй выкарыстоўваць фармат перформанса.
— У свеце, мабыць, не знялі такі кінацуд, які мог бы расказаць пра дзейнасць студсавета. Але калі б нешта падобнае вырашылі зняць, то гэта была б яркая, насычаная фарбамі карціна — як наша жыццё. Атрымалася б камедыя з элементамі баевіка, — жартуюць студсаветаўцы інтэрната № 2 БДУІР.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва герояў.