Адносіны маштабныя і разнапланавыя

- 10:44Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Галоўнымі напрамкамі далейшага росту эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана павінны стаць прамысловасць, будаўніцтва і інавацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым.

“Нашы двухбаковыя адносіны маю ць маштабны і разнапланавы характар. Па аб’ёме ўзаемнага гандлю з Беларуссю Татарстан знаходзіцца ў дзясятцы рэгіёнаў Расіі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнымі напрамкамі далейшага росту мы бачым і прамысловасць, і будаўніцтва, інавацыі. Ды і ў сельскай гаспадарцы нам ёсць пра што гаварыць, мы можам намеціць сумесныя праекты і ў гэтай сферы”.

Паводле яго слоў, нягледзячы на зніжэнне тавараабароту апошнім часам, у Беларусі і Татарстана ёсць патэнцыял для таго, каб навярстаць упушчанае. “Візіт вашай дэлегацыі ў Беларусь надасць гэтаму працэсу сур’ёзны імпульс”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў наяўнасць значных двухбаковых праектаў. Сярод іх — вытворчасць трактароў на базе аўтамабільнага завода ў горадзе Елабуга. “Упэўнены, што, калі мы зможам напружыцца, нададзім значную дынаміку развіццю гэтага прадпрыемства”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама заявіў аб неабходнасці далейшага развіцця зборачнай вытворчасці на базе Казанскага ліфтабудаўнічага завода. “Я вельмі хацеў бы, каб мы не толькі забяспечвалі вашу рэспубліку прадукцыяй гэтага прадпрыемства, але і суседзяў. Тым больш што мы шмат зрабілі ў Беларусі для выхаду нашага ліфтабудаўнічага завода на вытворчасць самых сучасных ліфтаў у свеце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць перспектыўнымі развіццё кааперацыйных сувязей у галіне аўтамабілебудавання і вытворчасці аўтакампанентаў, удзел холдынга “Белстанкаінструмент” у абнаўленні станочнага парка татарстанскіх прадпрыемстваў.

Аднаўленню тавараабароту таксама могуць садзейнічаць пастаўкі ў Татарстан беларускай пасажырскай, грузавой, камунальнай і дарожнай тэхнікі, у тым ліку той, што працуе на газаматорным паліве.

“З улікам высокіх тэмпаў узвядзення жылля і інфраструктурных аб’ектаў у Татарстане ёсць добрыя магчымасці для супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. Мы гатовы як будаваць у вас, так і экспартаваць у ваш рэгіён цэмент, керамічную плітку, шкло паліраванае, іншыя матэрыялы і неабходнае абсталяванне для праектавання і будаўніцтва аб’ектаў “пад ключ”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што больш важкую ролю ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва павінны адыгрываць міжрэгіянальныя сувязі Беларусі і Татарстана. “Іх неабходна напаўняць канкрэтнымі эканамічнымі праектамі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Рустаму Мініханаву прыцягнуць “Беларуснафту” для работы ў нафтавай галіне Татарстана.

Паводле слоў беларускага прэзідэнта, супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана ў нафтагазавай сферы з’яўляецца важным напрамкам. “Я вельмі прасіў бы вас: у нас ёсць добрая кампанія “Беларуснафта”, але аб’ёмы здабычы ў нас падаюць. У свой час нафту выпампавалі і вывезлі з Беларусі, таму мы хацелі б, каб наша кампанія знайшла ў вас аб’ём работ. Паверце, гэта будзе значна танней за любыя кампаніі. Каб на субпадрадах або яшчэ неяк “Беларуснафта” працавала з вамі. Думаю, улічваючы нашы вельмі добрыя адносіны, вы знойдзеце выгадны кавалак работы для гэтай кампаніі і абавязкова з выгадай для сябе”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “Беларуснафта” мае добры вопыт работы ў іншых краінах свету.

Кіраўнік дзяржавы згадаў аб супрацоўніцтве з кампаніяй “Татнафта”, якая адкрыла ў Беларусі сетку заправачных станцый. “Патэнцыял у нас значна большы. Мы можам дамовіцца аб больш шырокім уключэнні вашай кампаніі ў супрацоўніцтва і рэалізацыю вашых праектаў тут, у Беларусі. Гэта тычыцца і перапрацоўкі нафты, і продажу нафтапрадуктаў, і работы за межамі Беларусі, — заявіў прэзідэнт. — Хацелася б, каб вы непасрэдна мне акрэслілі інтарэс вашай кампаніі. Канкурэнцыя цяпер вельмі высокая, і я баюся, што тут могуць быць нейкія непаразуменні. І не дай бог яшчэ нехта кагосьці лабіруе на шкоду разважлівасці і справядлівасці”. “У нас два нафтаперапрацоўчыя заводы. Калі ў вас ёсць інтарэс да работы з гэтымі прадпрыемствамі і пастаўкі нафтапрадуктаў на знешнія рынкі, мы можам дамовіцца на прымальных умовах”, — дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Рустам Мініханаў падзякаваў за падтрымку ў рэалізацыі праектаў “Татнафты” ў Беларусі. “Мы гатовы яшчэ пабудаваць чатыры сучасныя станцыі, — сказаў ён. — “Татнафта” працуе, пастаўляе нафту, але сёння мы павінны ўжо глядзець у бок больш глыбокай інтэграцыі. Магчыма, нейкія нафтахімічныя праекты”. “Нам цікава развіццё нафтахімічнага блока. Тым больш што ў “Татнафты” ёсць шынная вытворчасць. Мы атрымліваем кампаненты для шын з Беларусі. Тут нам патрэбна больш глыбокая ўзаемавыгадная інтэграцыя. Мы шмат чулі, што вашы нафтавікі — прафесіяналы і маюць канкурэнтную цану па аказанні сэрвісаў. Такое даручэнне мы дадзім і будзем прыцягваць беларускіх калег на сэрвісныя працэдуры”, — заявіў Прэзідэнт Татарстана.