Адносіны “ўсепагоднай дружбы”

- 10:49Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне падпісалі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

“Дзякуючы сумесным мэтанакіраваным намаганням, кантакты на высокім узроўні, палітычны ўзаемадавер і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх краін узняліся на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем перайшлі на новы этап. Кіруючыся прынцыпамі ўзаемнай павагі, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і шматвяковай дружбы, бакі будуць бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць “усепагодную дружбу”, ствараць супольнасць агульных інтарэсаў і супольнасць адзінага лёсу”, — гаворыцца ў дэкларацыі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што палітычны ўзаемадавер служыць краевугольным каменем беларуска-кітайскіх адносін. Заяўлена аб паважанні і падтрымцы шляхоў развіцця ўнутранай і знешняй палітыкі кожнага з бакоў, а таксама суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Беларусь зацвердзіла прыхільнасць да прынцыпу “аднаго Кітая”. А кітайскі бок падтрымаў намаганні Беларусі, нацэленыя на забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступіў супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі пад любой маркай і заявіў аб прызнанні важнай ролі беларускага боку ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Узровень усебаковага стратэгічнага партнёрства ў Кітая ўстаноўлены прыкладна з двума дзясяткамі краін. Да гэтага часу ў гэтай групе знаходзілася і Беларусь. Яшчэ больш высокі, асаблівы ўзровень адносін існуе толькі з невялікай колькасцю дзяржаў. Эксперты адносяць да іх ліку Вялікабрытанію, Расію і Пакістан. Цяпер якасна новы партнёрскі статус набылі і беларуска-кітайскія адносіны.

“Бакі адзіныя ў тым, што гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і фінансавае супрацоўніцтва ўяўляе сабой рухаючую сілу беларуска-кітайскіх адносін. Бакі прымуць узгодненыя меры па фарміраванні архітэктуры ўзаемнай выгады і сумеснага выйгрышу, што характарызуецца шматпланавым, шырокамаштабным і шматузроўневым супрацоўніцтвам, паслядоўным напаўненні матэрыяльнай базы беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства”, — адзначаецца ў дакуменце.

Бакі таксама гатовы пры выкананні рыначных правіл пашыраць гандаль і вытворчасць прадукцыі машынабудавання, высокіх і новых тэхналогій, электронікі, сельскагаспадарчых прадуктаў, хімічных, тэкстыльных і іншых канкурэнтаздольных тавараў, разам спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, разглядаць такія новыя формы вядзення гандлю, як электронны бізнес, садзейнічаць сінхроннаму росту аб’ёму і ўзроўню двухбаковага гандлю.

Заяўлена таксама аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва ў сферы вытворчага патэнцыялу, якое дасць магчымасць адкрыць новыя перспектывы для ўзаемадзеяння, прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал беларускіх прадпрыемстваў.

Беларусь і Кітай дамовіліся ўмацоўваць інвестыцыйнае і тэхніка-эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва інфраструктуры, машынабудавання, зборкі аўтамабіляў, сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетыкі, электраэнергіі, асваення і глыбокай апрацоўкі карысных выкапняў, біяфармацэўтыкі, нерухомай маёмасці, цэлюлозна-папяровай прамысловасці і іншых сферах.

Бакі маюць намер у далейшым удасканальваць сістэму функцыянавання і кіравання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, забяспечваць спрыяльны палітычны і інвестыцыйны клімат. Пры гэтым Кітай гатовы прадаўжаць аказваць падтрымку буйным вытворчым і высокатэхналагічным кітайскім прадпрыемствам па ўваходжанні ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк у якасці рэзідэнтаў, заахвочваць інвесціраванне кітайскіх кампаній у інавацыйныя праекты і стварэнне ў індустрыяльным парку новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў.

У дэкларацыі заяўлена таксама аб зацікаўленасці ў актывізацыі разлікаў у нацыянальных валютах у двухбаковым гандлі і інвестыцыйным супрацоўніцтве.

У цэлым у дакуменце адлюстраваны намеры развіваць беларуска-кітайскае супрацоўніцтва па самым шырокім спектры напрамкаў — ад адукацыі і турызму да міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, лагістыкі і авіязносін. Асобнае адлюстраванне ў дакуменце знайшлі палажэнні аб сумесным процістаянні розным відам злачыннасці, узаемадзеянні ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.