Адпачылі, падвучыліся, папрацавалі

Чатыры гады запар профільны аздараўленчы лагер “Выдатнік”, які дзейнічае летам на базе ліцэя Івацэвіцкага раёна, збірае разам самых цікаўных і эрудзіраваных вучняў з розных устаноў адукацыі. Сёлетнія канікулы вырашылі правесці з карысцю 43 юнакі і дзяўчыны з ліку пераможцаў раённых прадметных алімпіяд.

— Асаблівасцю лагернай змены з’яўляецца арганізацыя вучэбных заняткаў для школьнікаў, — расказала старшая выхавальніца лагера Г.А.Стаскевіч. — Перад педагогамі стаіць складаная задача — гуляючы, вучыць, а перад дзецьмі — вучыцца, гуляючы. Для гэтага трэба ўмела чаргаваць забаўляльныя мерапрыемствы з вучобай, тады таленты выхаванцаў расквечваюцца ўсімі колерамі вясёлкі. Выдатнікі не толькі паказвалі добрыя інтэлектуальныя здольнасці, рашаючы галаваломкі і задачы, удзельнічаючы ў турнірах, конкурсах і спаборніцтвах, але і спявалі, танцавалі і разыгрывалі тэатралізаваныя сцэнкі, прычым з вялікім энтузіязмам.
У сваіх развітальных лістах вучні пісалі: “Лепшы лагер. Тут весела і забаўна!”, “Спадабалася ўсё. Шкада, што стаў толькі трэцім па шашках. Буду трэніравацца, каб у наступным годзе стаць першым”, “Атрымала ў лагеры шмат яркіх уражанняў”, “У мяне з’явілася шмат сяброў, шкада з імі развітвацца”, “Еду дамоў з добрым багажом новых ведаў і адкрыццяў” і інш. Вялікую ролю ў цікавым, насычаным і карысным адпачынку дзяцей, вядома ж, адыгралі настаўнікі-прадметнікі і выхавальнікі.

* * *

Сёлета на базе Кіселявецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кобрынскага раёна дзейнічаў аздараўленчы лагер працы і адпачынку “Круты расток”, які аб’яднаў 26 вучняў з гэтай установы, Залескай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 3 і гімназіі Кобрына.

На працягу 9 дзён 11 выхаванцаў працавалі паляводамі ў ААТ “Кісялёўцы”, дзе займаліся відавой праполкай збожжавых, а 15 школьнікаў увайшлі ў склад рамонтнай брыгады па падрыхтоўцы ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. Акрамя працоўных заняткаў, хлопчыкаў і дзяўчынак чакала насычаная культурная і спартыўная праграма. Так, выхаванцы пабывалі на станцыі Асвода ў Кобрыне, у вайсковай часці Бярозы і мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, сустрэліся падчас сяброўскага футбольнага матча з равеснікамі з аналагічнага лагера, які дзейнічаў на базе сярэдняй школы № 2 Кобрына. Дзяўчынкі спаборнічалі ў валейболе.

З мэтай патрыятычнага выхавання вучні прынялі ўдзел у паходзе “Па сцяжынах малой радзімы” па маршруце вёска Балоты — вёска Гірс — спаленая вёска Арол. Школьнікі правялі традыцыйны выязны канцэрт для вяскоўцаў “Спяём, сябры”.

Завяршылася змена святочным мерапрыемствам “Працай слаўны чалавек”, на якім падлеткі атрымалі працоўныя кніжкі.

* * *

Летась на тэрыторыі сярэдняй школы № 33 Брэста працаваў палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем. Ён настолькі спадабаўся дзецям, што сёлета было вырашана зноў арганізаваць яго. Так, у школьным двары, у атачэнні гонкіх хвой з непаўторным водарам, з’явіўся гарадок з 7 палатак.

— У лагеры “Вытокі” адпачылі 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, — расказала кіраўнік лагера Л.І.Наўрось. — Летась на базе ўстановы размяшчаўся раённы лагер для вучняў іншых школ. Усе былі ў захапленні. Многія яшчэ ў пачатку навучальнага года цікавіліся, ці будзе працаваць лагер летам. Жадаючых пабываць у ім было вельмі шмат.

Дзейнасць лагера ўключала 4 напрамкі. Так, у школе турыстаў-краязнаўцаў дзеці вывучалі тактыку рухаў і тэхніку пераадолення перашкод у паходных умовах, арганізацыю турыстычнага побыту, прывалаў, начлегаў і маршрутаў. Удзельнікі школы турыстаў-эколагаў знаёміліся з экалагічнай культурай, прыродаахоўнай дзейнасцю, прыёмамі аказання першай даўрачэбнай дапамогі і вядзеннем здаровага ладу жыцця ў паходзе. У школе турыстаў-таварышаў асноўная ўвага ўдзялялася агульным правілам паводзін, групавым абмеркаванням вынікаў дня, правядзенню культурна-масавых мерапрыемстваў, міні-семінараў і трэнінгаў. У школе прафарыентолага дзеці вывучалі прафесіі, звязаныя з турызмам і краязнаўствам.

— Адпачынак вучняў быў арганізаваны з улікам іх узросту і захапленняў, — адзначыла Л.І.Наўрось. — Задача педагогаў заключалася ў тым, каб дапамагчы дзецям справіцца з цяжкасцямі палатачнага жыцця, бо не ўсе школьнікі захапляюцца турызмам і краязнаўствам. Лагер — добрая стартавая пляцоўка для пачатку заняткаў у гэтым напрамку. Падчас змены падлеткі навучыліся арыентавацца на мясцовасці, выкарыстоўваць турыстычны рыштунак, аказваць першую медыцынскую дапамогу, жыць на свежым паветры пад дажджом і сонцам, выконваць дакладны рэжым дня. Атрыманыя веды вучні замацавалі ў двухдзённым паходзе. Турызм аказаўся цудоўным сродкам для выхавання і знаёмства з новымі сябрамі.

Важна, што дзеці не толькі адпачывалі ў лагеры, але і ўмацоўвалі здароўе. Асаблівая ўвага ўдзялялася правільнаму харчаванню, рэжыму дня і фізічным практыкаванням. Школьнікі з вялікім задавальненнем займаліся плаваннем.

— Сумаваць не было калі, — заўважыла Л.І.Наўрось. — У лагеры праходзілі трэнінгавыя заняткі, віктарыны, дзелавыя, экалагічныя і спартыўныя гульні. Дзеці вывучалі “Азбуку бяспекі”, удзельнічалі ў творчых майстэрнях, конкурсах фларыстыкі і лясной скульптуры, распісвалі камяні, хадзілі на экскурсіі, наведвалі гурток “Юны этнограф” і клуб “Берасцейцы”. Лепшым пацвярджэннем добрага адпачынку з’яўляецца тое, што ім засталіся задаволены ўсе вучні.

* * *

“Юны турыст” — так называўся дзіцячы аздараўленчы кругласутачны лагер турыстычна-краязнаўчага профілю, які дзейнічаў на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна. У лагеры, які адпрацаваў дзве 9-дзённыя змены, адпачывалі дзеці ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў з ліку членаў турыстычна-краязнаўчых гурткоў.

Штодзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі не толькі трэніроўкі па арыентаванні і тэхніцы турызму, але і розныя вясёлыя мерапрыемствы: віртуальная экскурсія па славутых мясцінах Беларусі, турыстычна-краязнаўчая віктарына “Я пазнаю Беларусь”, гульня-віктарына “Экамарафон”, конкурсы “Міс лагера” і “Містар лагера”, спартакіяда, турыстычная паласа, спаборніцтвы па валейболе і інш. Надоўга запомняцца вучням экскурсіі на Мухавецкую станцыю МНС, у парк “1 мая” Брэста і Мухавецкае лясніцтва. Так, у лясніцтве дзеці прынялі ўдзел у акцыі “Чысты лес”. Ляснічы Р.Ю.Ардыцкі расказаў школьнікам пра птушак і дрэвы, правёў цікавую экскурсію па лесе і экалагічныя спаборніцтвы з салодкімі прызамі.

Самай яркай падзеяй у лагеры стаў конкурс “Арт-фэйс”, дзе вучні паспрабавалі сябе ў ролі візажыстаў, грымёраў і мадэлей, а самай важнай падзеяй — пасвячэнне ў турысты. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі выдатна справіліся з заданнямі, трэніроўкамі і спаборніцтвамі, за што атрымалі сертыфікаты юных турыстаў.

* * *

“Час лідараў!” — пад такім дэвізам у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Парэчча” Пінскага раёна адбылася профільная змена “Лідар”, якая сабрала больш за 200 лепшых вучняў 2—9 класаў устаноў адукацыі Піншчыны.

— У аснову змены лёг творча-гульнявы праект “Парэцкія Дэльфы”, які дазволіў выявіць творчы патэнцыял школьнікаў, падтрымаць маладзёжныя ініцыятывы і творчых дзяцей, — расказала загадчыца сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама І.М.Ліра. — Праект, у якім удзельнічалі больш за 60 работ, уяўляў сабой спаборніцтвы ў творчых намінацыях “Мастацкае слова”, “Эстрадныя спевы”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Сацыяльная рэклама”, “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, “Малыя алімпійскія гульні”, “Цырульніцкае мастацтва” і “Экадызайн”. Ва ўсіх былі вызначаны пераможцы.

Кожны дзень у лагеры быў напоўнены спаборніцкім духам. Дзеці паказвалі таленты, творчасць, актыўнасць і ініцыятыву ў конкурсах насценгазет і малюнкаў на асфальце, казачным футболе і г.д.

У рамках прафілактычнай работы і акцыі “Канікулы без дыму і агню” выхаванцы сустрэліся са старшым інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Пінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Чарвякоўскім, які расказаў пра важныя меры бяспекі ў выпадку ўзнікнення пажару, правілы паводзін на прыродзе і ў вадаёмах. Пасля сустрэчы дзеці прынялі ўдзел у пажарна-спартыўнай эстафеце.

* * *

Штогод педагогі загараднага аздараўленчага лагера “Дубок” Пружанскага раёна імкнуцца зрабіць яго месцам вясёлага адпачынку і цікавых зносін для дзяцей.

Кожная лагерная змена складаецца з грамадзянска-патрыятычнага, спартыўна-аздараўленчага, адпачынкава-пазнавальнага, творчага і прафілактычнага напрамкаў выхаваўчай работы. Так, сёлета дзеці актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне “Беларусь алімпійская” і віртуальнай экскурсіі “Памятныя мясціны Пружаншчыны”, стваралі відэаролікі “Беларусь мая сінявокая” і літаратурныя старонкі “Зямля пад белымі крыламі”.

Кожны дзень лагернай змены быў тэматычным і будаваўся на аснове цікавых і карысных спраў, якія садзейнічалі самарэалізацыі дзяцей і мелі выразны выхаваўчы характар. Так, хлопчыкам і дзяўчынкам прапаноўваліся “Хвілінкі здароўя”, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця. Педагогі гутарылі з дзецьмі пра шкодныя звычкі і загартоўку арганізма, падарожнічалі па краіне “Вітамініі”. Штодзённы экалагічны дэсант прывучаў дзяцей да чысціні, фарміраваў навыкі самаабслугоўвання.

Многія мерапрыемствы былі накіраваны на развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей школьнікаў. Так, дзеці ахвотна ўдзельнічалі ў конкурсах малюнкаў “Алімпійскія сімвалы”, “Свету — мір!” і “Лепшы дзень у нашым лагеры”, дзе адлюстроўвалі любоў да роднага краю, навакольнай прыроды і сям’і. Цікавымі атрымаліся гульнявая праграма “Здагадайся, што за мелодыя”, канцэрт для бацькоў “Летні зарапад”, конкурс “Міс лагера”, гульня “Па слядах следапытаў” і інш.

Асаблівая ўвага ўдзялялася прафілактычным мерапрыемствам па бяспецы жыццядзейнасці. Былі праведзены вучэбная эвакуацыя і гутаркі з дзецьмі па мадэлях паводзін у розных надзвычайных сітуацыях. Хлопчыкі і дзяўчынкі азнаёміліся з прафесіяй пажарнага-ратавальніка і тэхнічнымі магчымасцямі спецыялізаванага транспарту МНС, а таксама паглядзелі майстар-клас па тушэнні пажару. Акрамя таго, выхаванцы сустрэліся з супрацоўнікамі міліцыі і электрасетак.

Выхавальнікам дапамагаў актыў лагера. Актывісты арганізоўвалі для атрадаў беларускія народныя гульні на свежым паветры, праводзілі акцыю “Не лянуйся — папрацуй”, конкурсы “Вясёлая зарадка” і “Куфар загадак”.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.