Адпачынак без слязінак. МНС нагадала, як зрабіць летнія канікулы бяспечнымі

- 11:36Новости

Як сведчыць статыстыка, паказчыкі дзіцячага траўматызму летам узрастаюць. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” прапаноўвае яшчэ раз узгадаць, аб якіх правілах бяспекі трэба памятаць дарослым і аб чым неабходна папярэдзіць дзяцей. 

Адзін дома

— Нават калі дзіця ўжо ведае, як варта сябе паводзіць з пункту гледжання бяспекі, на пачатку летніх канікул не лішнім будзе яшчэ раз абмеркаваць гэтую тэму. Любыя веды трэба замацоўваць, каб яны лепш захоўваліся ў памяці, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па
надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вольга Мельчанка.

Калі ваша дзіця дастаткова дарослае, каб знаходзіцца дома самастойна, будзьце з ім на сувязі, адсочвайце, чым займаецца. Упэўніцеся, што сын ці дачка ведаюць свой дамашні адрас і тэлефон. На ўсялякі выпадак трэба пакласці каля дамашняга тэлефона паперку з нумарамі экстранных службаў і растлумачыць, у якіх выпадках куды тэлефанаваць.

Варта не толькі нагадаць дзецям, што запалкі і запальніцы не забаўкі, але і пагаварыць аб тым, што рабіць у выпадку невялікага ўзгарання ці пажару. Звярнуць увагу, што ні ў якім разе нельга тушыць электрапрыбор, які загарэўся, вадой, бо можна атрымаць удар токам. Калі магчыма, трэба яго адключыць, накрыць тоўстай тканінай ці закідаць зямлёй з гаршка, дзе растуць кветкі, пральным парашком. У выпадку пажару неабходна бегчы на вуліцу і выклікаць дапамогу, нельга хавацца дома. 

— На жаль, здараліся выпадкі, калі дзеці, спужаўшыся агню, хаваліся ў шафу, пад ложак ці ў іншыя месцы. Гэта мела негатыўныя і нават трагічныя наступствы, — заўважае Вольга Мельчанка.

А ў нас у двары

Цёплае надвор’е спрыяе таму, што хлопчыкі і дзяўчынкі больш часу праводзяць на свежым паветры. Варта нагадаць, што нельга размаўляць з незнаёмцамі, што-небудзь браць з іх рук, куды-небудзь з імі ісці, садзіцца ў аўтамабіль. Непаўналетнія не павінны без кантролю бацькоў сустракацца з незнаёмымі людзьмі, з якімі яны перапісваліся ў інтэрнэце.   

Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў ад сустрэчы з бяздомнымі жывёламі, неабходна памятаць пэўныя правілы. Калі сабака пачаў гыркаць ці гаўкаць, нельга ўцякаць, махаць рукамі, рабіць рэзкія рухі. Не трэба глядзець яму ў вочы і панікаваць. Лепш сказаць “фу” ці “сядзець”, а потым павольна рухацца да сховішча.

Таксама варта аднавіць у памяці юных пешаходаў жыццёва важныя веды аб правілах дарожнага руху. Нагадаць, што нельга пераходзіць вуліцу ў нявызначаных месцах і на чырвоны сігнал святлафора, страчваць уважлівасць падчас гульні на прыдваровай тэрыторыі. Папярэдзіць, што да трагедыі можа прывесці выкарыстанне гаджэтаў “на хаду”, гэта адцягвае ўвагу ад дарогі, а яна памылак не даруе.    

Дзеці любяць забірацца ў пустуючыя нежылыя дамы ці на будаўнічыя пляцоўкі. Трэба папярэдзіць іх аб тым, што гуляць у такіх месцах небяспечна.

— Ёсць шмат прыкладаў, калі дзеці не маглі выбрацца з розных труб, траўміраваліся элементамі канструкцый. Так, нашым ратавальнікам давялося выязджаць на выклік на адну са сталічных будаўнічых пляцовак, дзе вялася замена цепласетак. Там хлопчык залез у водаправодную трубу і не змог выбрацца з яе самастойна. Даставаць яго прыйшлося з выкарыстаннем падручных інструментаў, — расказвае мая суразмоўніца.

Рэспубліканская акцыя МНС “Канікулы без дыму і агню” стартавала 6 чэрвеня. Галоўная яе мэта — папярэджванне ўзнікнення пажараў з прычыны дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей.

На працягу ўсяго лета, да 18 жніўня, ратавальнікі будуць вучыць дзяцей і дарослых правілам бяспекі ў аздараўленчых лагерах. Зрабіць гэта дапамогуць гульні, тэматычныя тэатралізаваныя паказы, віктарыны, анлайн-квізы па бяспецы, майстар-класы, экскурсіі па пажарных аварыйна-выратавальных часцях, цэнтрах бяспекі, музеях і іншыя мерапрыемствы. Таксама дзецям пакажуць тэматычныя відэа і мультыплікацыйныя фільмы ад МНС.

На вясковы лад 

Шмат дзяцей, якія жывуць у горадзе, летам едуць адпачываць на дачу або ў вёску да бабуль і дзядуляў. З нязвыклымі да жыцця ў сельскай мясцовасці хлопчыкамі і дзяўчынкамі абавязкова трэба правесці дадатковы лікбез.

Зноў жа, неабходна нагадаць пра супрацьпажарную бяспеку. Папярэдзіць, што падпальванне сухога лісця, саломы, тапалінага пуху ці травы можа прывесці да сур’ёзнага пажару. Не трэба разводзіць вогнішча без нагляду дарослых. А самім дарослым варта памятаць, што пры гатаванні шашлыка ці спальванні смецця дзецям нельга знаходзіцца блізка да агню.

Калі на дачы ідзе рамонт ці будаўніцтва, варта абгарадзіць небяспечныя для дзяцей зоны. Інструменты і матэрыялы трымаць у недаступным для малодшых членаў сям’і месцы і даставаць па меры неабходнасці.

Пільнымі неабходна быць, каб пазбегнуць атручвання. Своечасова паклапаціцца, каб на зямельным участку не было атрутных раслін. Калі побач лес, варта схадзіць туды разам і паказаць, якія ягады ці расліны рваць і есці нельга. Апрацаваўшы хімікатамі агародніну, гэтую тэрыторыю неабходна пазначыць і забараніць дзецям што-небудзь там браць. Адказна трэба ставіцца да захоўвання хімічных рэчываў для саду ці агарода, у малых цікаўных гарэз не павінна быць доступу да іх. 

Варта ўстанавіць на мабільны тэлефон падлетка дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач”, акцэнтаваць увагу на раздзеле “Што рабіць” і разам паспрабаваць карыстацца ім. Там даюцца кароткія і дакладныя парады, як дзейнічаць у тых ці іншых надзвычайных сітуацыях.

Быць на хвалі

На жаль, ні адно лета не абыходзіцца без няшчасных выпадкаў на вадзе. Па даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, у 2022 годзе на вадаёмах краіны патанула 390 чалавек, у тым ліку 26 дзяцей.

Да пэўнага ўзросту дзеці ні ў якім разе не павінны знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых. Больш дарослым дзецям вельмі важна данесці, што ёсць дазволеныя месцы для купання, а ёсць тыя, дзе рабіць гэта забараняецца. На дазволеных пляжах пад­рыхтаваная пляцоўка, праверанае дно, дзяжураць ратавальнікі, якія пры пазаштатных сітуацыях могуць аказаць дапамогу.

— Дзецям трэба нагадаць, што купацца можна не больш як 10 мінут запар, пасля чаго неабходна выйсці на бераг і абсушыцца. У спякотныя дні абавязкова надзяваць галаўныя ўборы, каб не напякло ў галаву. Не забывацца пра захаванне воднага балансу — піць больш вады, — нагадвае Вольга Мельчанка.

Зразумела, што застрахавацца ад усіх небяспек у жыцці немагчыма, але самыя тыповыя надзвычайныя сітуацыі, якія здараюцца часцей за ўсё, абмеркаваць з дзецьмі неабходна. Гэта можа папярэдзіць трагічныя здарэнні і захаваць жыццё. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота прадастаўлена МНС