Дружба, супрацоўніцтва, абмен вопытам і магчымасць мець зносіны на мове бяспекі — міжнародны злёт юных ратавальнікаў-пажарных у чарговы раз сабраў дзяцей з розных краін на гасціннай гомельскай зямлі.
У гэтым годзе словы прывітання гучалі на 12 мовах. Каманды з Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Італіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі і Украіны зноў сустрэліся ў Ліцэі пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, бо ўд зел у злёце стаў добрай традыцыяй для дзяцей з розных краін ужо на працягу многіх гадоў.
Дзесяцідзённая праграма злёту была распісана ледзь не па хвілінах. Удзельнікам трэба было прадэманстраваць свае навыкі і ўменні, фізічную падрыхтоўку, а таксама прыняць удзел у конкурсах, якія, дарэчы, былі не толькі цікавымі, але і даволі складанымі. Камандны дартс, пажарная эстафета, аказанне першай медыцынскай дапамогі, зводныя палявыя вучэнні — гэта толькі невялікі пералік спаборніцтваў, падрыхтаваных арганізатарамі злёту для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Акрамя гэтага, юныя ратавальнікі-пажарныя ўдзельнічалі ў творчых конкурсах “Візітная картка”, “Містар злёту” і “Міс злёту”, дзе ў поўнай меры раскрылі свае таленты і артыстычныя здольнасці.
Дзяўчынкі і хлопчыкі выкладваліся па поўнай, каб крэатыўна і цікава пазнаёміць аднагодкаў з традыцыямі сваёй краіны і асаблівасцямі нацыянальнай культуры. Былі арганізаваны і забаўляльныя мерапрыемствы: вогнішча дружбы, дыскатэкі на свежым паветры, а яшчэ падлеткі наведалі Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава, пагулялі ў лазертаг.
Шмат цікавага і пазнавальнага адкрылі для сябе прадстаўнікі каманд пры наведванні цэнтра бяспекі, які быў адкрыты ў 2015 годзе на тэрыторыі ліцэя. Ідэя распрацоўшчыкаў заключалася ў тым, каб навучанне правілам бяспечных паводзін праходзіла ў рэжыме рэальнага часу. Наведвальнікаў літаральна з парога апускаюць у розныя віртуальныя надзвычайныя сітуацыі, з якіх трэба знайсці выйсце, а вялізная колькасць спецэфектаў надае “рэальнасці” таму, што адбываецца.
Вось што з гэтай нагоды сказаў начальнік аддзела прафесійнай арыентацыі і прапаганды бяспекі жыццядзейнасці Ліцэя пры ГІІ Д.У.Крук:
— Падлеткі вельмі эмацыянальна рэагавалі на тое, што адбываецца. Напрыклад, пры праходжанні лабірынта з-пад дзвярэй ідзе дым, міргаюць лямпачкі, усюды чуюцца крыкі. Трэба хутка сабрацца і дзейнічаць. На кожным этапе ёсць свае “фішкі”, самае галоўнае — не разгубіцца і прыняць правільнае рашэнне. Удзельнікі злёту паказалі выдатную падрыхтоўку і справіліся з усімі надзвычайнымі сітуацыямі.
Рэспубліканскі дзіцячы палявы лагер “Ратавальнік” — яшчэ адно мерапрыемства, якое праходзіла на тэрыторыі ліцэя ў гэты час. Актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных з усіх абласных цэнтраў і Мінска прыехалі ў Гомель, каб не толькі спаборнічаць, але і знайсці новых сяброў з іншых краін. Вядома, часу на гэта было не вельмі шмат, бо праграма палявога лагера была не менш насычаная: конкурс “Палатачны гарадок”, “Трапны стралок”, “Аказанне першай медыцынскай дапамогі”, “Баявое разгортванне” і інш. Дзецям прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб справіцца з усімі выпрабаваннямі, падрыхтаванымі арганізатарамі, а таксама процістаяць капрызам нябеснай канцылярыі. Аднак дождж і даволі халоднае надвор’е не сапсавалі настрой удзельнікам. Падлеткі з яшчэ большым запалам і энтузіязмам удзельнічалі ў конкурсах і стараліся годна прадставіць свой рэгіён.
І, вядома, з хваляваннем чакалі вынікаў. 15 ліпеня на ўрачыстым закрыцці былі абвешчаны прызёры. У агульнакамандным заліку ў палявым лагеры “бронзу” заваявалі юныя ратавальнікі з Мінскай вобласці, “серабро” — навучэнцы Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, а вось пераможцамі сталі падлеткі з Гомельскай вобласці. На міжнародным злёце трэцяе месца — у каманды з Украіны, другое — ва ўдзельнікаў з Грузіі, чэмпіёнамі ж сталі беларусы.
Іна ЧУГАЙ,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.