Тэхналогіі няўмольна рухаюцца наперад, а ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўпэўнена крочаць за імі. Яшчэ некалькі гадоў назад многае ў плане выкарыстання ІКТ здавалася фантастыкай, а зараз у краіне павялічваецца колькасць школ, дзе настаўнікі ўзброены планшэтамі ці ноўтбукамі, замест звычайных папяровых дзённікаў — электронныя, і адгаворкі ў стылі “не ведаў, што задавалі”, “забыўся дзённік дома” не прымаюцца, а бацькі ў рэжыме анлайн адсочваюць поспехі сваіх дзяцей.
Аднымі з першых у рэгіянальны праект “Электронная школа” ў 2013 годзе ўключыліся ўстановы адукацыі Ленінскага раёна сталіцы — гімназіі № 40 і № 1, сярэдняя школа № 51. Сёння тагачасныя тэхнічныя навінкі, а праект прадугледжвае ўкараненне карткі навучэнца і анлайн-сэрвісу “Электронны журнал / дзённік”, арганічна ўвайшлі ў адукацыйны працэс і сталі звычайнай штодзённай практыкай. Больш за тое, паняцце “электронная школа” значна пашырыла свае межы і прадугледжвае выкарыстанне педагогамі сучаснага абсталявання, найноўшага софта, інавацыйных анлайн- і вэб-методык.
Адмовімся ад папяровага журнала?
Статус электроннай гімназія № 40 носіць пяты год. Два гады як гэтая ўстанова адукацыі працуе без папяровых дзённікаў. Як прыгадвае дырэктар гімназіі Ігар Анатольевіч Бабкоў, на старце эксперымента, дзякуючы спонсарам, у кожнага педагога, які працуе на другой і трэцяй ступені навучання, з’явіліся планшэты. Для настаўнікаў праводзіліся вучэбныя семінары па выкарыстанні мабільных прылад. Ды і дзеці актыўна дапамагалі сваім педагогам асвойваць тэхнічную навінку, а, як вядома, нефармальныя зносіны збліжаюць.
Электронны дзённік — гэта своеасаблівая сацыяльная сетка з рознымі адміністратарскімі правамі. У навучэнцаў свае профілі, у настаўнікаў і бацькоў — свае. Дырэктар навучальнай установы бачыць усе адзнакі ўсіх вучняў па ўсіх прадметах. У яго ёсць доступ да ўсёй базы электроннага журнала ўстановы, а ў настаўнікаў-прадметнікаў — толькі да звестак тых класаў, у якіх яны выкладаюць. У два клікі настаўнік можа выставіць адзнакі ці адзначыць тых, хто адсутнічае, а таксама напісаць каментарый. Класны кіраўнік у курсе паспяховасці сваіх падапечных па ўсіх прадметах. Бацькі могуць даведацца, як вучыцца толькі іх дзіця. Кожны тыдзень бацькі павінны ставіць подпіс у электронным дзённіку, як гэта было ў папяровым.
— Сярод пазітыўных момантаў укаранення праекта можна вылучыць, па-першае, эфектыўную зваротную сувязь з зацікаўленымі бацькамі: настаўнік можа звязацца з імі, а тыя ў сваю чаргу — задаць хвалюючыя пытанні педагогу; па-другое, значнае павышэнне ўзроўню валодання педагогамі ІКТ (штодзённае выкарыстанне дае свой плён); па-трэцяе, мы навучыліся цаніць свой час, напрыклад, класнаму кіраўніку не трэба на бацькоўскіх сходах расказваць пра мерапрыемствы, якія праводзяцца (інфармацыя пра іх змешчана на старонках электронных дзённікаў дзяцей), а больш часу можна прысвяціць іншым справам — аналізу паспяховасці вучняў альбо вырашэнню больш актуальных пытанняў; па-чацвёртае, функцыю кантролю адміністрацыі стала лягчэй ажыццяўляць: на старонках класаў змяшчаюцца справаздачы аб мерапрыемствах, якія ладзяцца ў пазакласны час, у шосты школьны дзень (наведаць іх усе проста фізічна немагчыма), — гаворыць І.А.Бабкоў.
Нягледзячы на тое, што настаўнікам даводзіцца дубліраваць інфармацыю ў папяровым і электронным журналах, тэхнічныя змяненні яны лічаць пазітыўнымі. Асаблівых цяжкасцей, каб унікнуць у работу сістэмы, для педагогаў няма. Педагог можа са свайго планшэта, смартфона ці стацыянарнага камп’ютара выставіць адзнакі. Прычым электронны журнал можна запоўніць у любы час, а папяровы толькі ў сценах гімназіі. Напрыклад, праверыўшы дома сачыненне ці кантрольную работу, педагог можа выставіць адзнакі, не чакаючы заўтрашняга дня. Бацькі могуць бачыць усе адзнакі: і нізкія, і высокія. І не столькі з мэтай пакарання, а каб дапамагчы ліквідаваць недахопы ў ведах дзіцяці. Акрамя таго, у электронным дзённіку можна зрабіць укладанні для вучня: прымацаваць дадатковыя практыкаванні для тых, хто хоча павысіць бал ці якасна падрыхтавацца да кантрольнай работы, пакінуць каментарыі па прадмеце. Педагогі і бацькі адзначаюць, што электронныя дзённікі больш матывуюць дзяцей, прымушаюць іх адчуваць адказнасць за свае адзнакі.
Дырэктар гімназіі лічыць, што праз некаторы час установа зможа адмовіцца і ад папяровых журналаў. “Адбудзецца гэта ў выпадку размяшчэння электронных журналаў на добра абароненай адзінай дзяржаўнай платформе. Павінны быць вырашаны таксама пытанні канфідэнцыяльнасці інфармацыі, правоў доступу і інш. Электронны класны дакумент стане крыніцай статыстычнай інфармацыі”,— упэўнены І.А.Бабкоў.
Сэрвісы праекта — для адораных вучняў
Станоўчыя вынікі ўдзелу ў праекце “Электронная школа” сталі штуршком для педагогаў сталічнай гімназіі № 1 Мінска да актыўнага выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе. Яны творча прымяняюць электронныя сродкі навучання, выкарыстоўваюць электронныя адукацыйныя рэсурсы, магчымасці дыстанцыйнага навучання, праводзяць інтэрактыўныя ўрокі.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Анатольеўна Дзяшук актыўна выкарыстоўвае сэрвіс “Электронны журнал / дзённік” у рабоце з адоранымі вучнямі, а дакладней, пры падрыхтоўцы іх да алімпіяд.
— Гэты сэрвіс у графе “Дамашняе заданне” дазваляе прымацаваць файл, пазначыўшы, для каго ён створаны. Навучэнцам такім чынам можна задаваць індывідуальныя дамашнія заданні, — тлумачыць С.А.Дзяшук. — Асабіста я ў прымацаваным файле прапаноўваю заданні для алімпіяднікаў. Таксама гэты сэрвіс дазваляе на сцяне класа напісаць пэўныя звесткі, напаміны, каментарыі, а паколькі ў класе некалькі алімпіяднікаў, то лепш выкарыстоўваць асабістыя паведамленні. Яны прымяняюцца, каб нагадаць вучням, што неабходна ўзяць на заняткі, і выказаць нейкія заўвагі, якія пры ўсёй групе гаварыць неэтычна, каб даслаць матэрыял, неабходны канкрэтнаму чалавеку. Цудоўна, што можна прымацоўваць не толькі вордаўскія дакументы, але розныя відэафайлы. Асабістыя паведамленні — гэта і зваротная сувязь. Дзеці пішуць свае пытанні, калі сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні таго ці іншага задання. Сэрвіс дазваляе эфектыўна арганізаваць работу з высокаматываванымі навучэнцамі. Па-першае, эканоміцца час на занятках, бо ўсе прыходзяць падрыхтаванымі, па-другое, настаўнік ведае, на якіх момантах па запытах вучняў на наступных занятках засяродзіць увагу, якія пытанні разабраць.
Яшчэ мне падабаецца, што ацэначныя каментарыі настаўніка да вучня даходзяць своечасова. Бывае, што дзіця захварэла ці на канікулы паехала ў падарожжа, я заўсёды магу яму штосьці напісаць і яно ў любую хвіліну можа прачытаць. Эканоміцца час настаўніка.
Эфектыўнасць арганізаванай работы настаўніцы пацвярджаецца дыпломамі яе выхаванцаў. Вясной на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дыплом ІІ ступені заваявала Вераніка Глобаш. У гэтым навучальным годзе сямікласнікі атрымалі на гарадской інтэрнэт-алімпіядзе адзін дыплом І ступені, тры — ІІІ ступені і пахвальны водзыў.
Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў для педагогаў гімназіі стала звычайнай справай. У прыватнасці, даспадобы прыйшлася ім такая форма віртуальных зносін, як вэбінары. Настаўнікі прымаюць удзел у розных анлайн-мерапрыемствах: гэта і анлайн-педнарада з гімназіяй-партнёрам з Масквы на тэму “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі як умова дасягнення новай якасці адукацыі”, і вэбінары, якія праводзіць БДПУ імя Максіма Танка, і Міжнародная анлайн-канферэнцыя “Педагагічная адукацыя ва ўмовах інфармацыйных працэсаў. Сацыяльная якасць адукацыі”. За апошні год педагогі прынялі ўдзел у вэбінарах “Інфармацыйнае забеспячэнне інтэрнэт-алімпіяды па замежных мовах”, “Вывучэнне рускай літаратуры ў расійскай школе і рускай школе за мяжой” і інш. У рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання” была праведзена відэаканферэнцыя паміж педагогамі гімназіі № 1 і гімназіі № 21 Мінска. Сёлета ў межах работы па інавацыйным праекце запланаваны вэбінары І.Саўкінай па тэме “Вучэбныя заданні даследчага характару: прыёмы канструявання” і С.Дзяшук “Практыка-арыентаваная мадэль работы з высокаматываванымі вучнямі як сродак павышэння іх удзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”.
— Удзел у падобных мерапрыемствах — гэта развіццё нашых педагогаў, павышэнне іх прафесійнага майстэрства, іх матывацыя да дасягнення пастаўленых мэт. Удзельнічаючы ў вэбінарах, яны абменьваюцца вопытам, дзеляцца сваімі здабыткамі, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Марына Віктараўна Караткевіч.
Дынамічна, інтэрактыўна, прадукцыйна
Вялікі вопыт работы па рэалізацыі праекта “Электронная школа” назапасіла і сярэдняя школа № 51 Мінска.
— На сёння ўсе нашы школьнікі маюць карткі навучэнцаў, — расказвае дырэктар гэтай установы адукацыі Галіна Уладзіміраўна Чэрнік. — Гэта звычайная плацежная банкаўская картка, і калі дзіця мае яе, то ў любой кропцы нашай краіны, дзе ёсць тэрміналы, можа разлічыцца за пэўную прадукцыю. Нават бабулі і дзядулі, знаходзячыся далёка ад унукаў, могуць папоўніць баланс карткі для аплаты школьнага харчавання ці набыцця іншых пакупак. Такім чынам, фінансавая дасведчанасць дзяцей і іх блізкіх павышаецца.
У школе рэалізаваны і іншыя функцыі карткі навучэнца. Гэта, па-першае, пропуск у школу. Старонні сюды не ўвойдзе. На электроннай картцы ёсць фотаздымак вучня, яго імя і прозвішча. Кіраўніцтва гімназіі заўсёды ведае, калі прыйшоў вучань, хто адсутнічаў, а хто спазніўся. Бацькі, якія хочуць ведаць, калі дзіця прыйшло і пайшло са школы, могуць падключыць платную паслугу SMS-апавяшчэння. Сістэма вельмі разумна настроена: калі дзіця прыйшло своечасова, SMS не прыходзіць, калі ж яно спазнілася на 15 хвілін, то паведамленне абавязкова будзе адпраўлена. Па-другое, электронная картка выконвае функцыю электроннага фармуляра ў бібліятэцы — медыяцэнтры, якім школа па-сапраўднаму ганарыцца. Тут створаны вельмі добрыя ўмовы як для дзяцей, так і для педагогаў: абсталяваны чатыры інтэрактыўныя кабінкі з выхадам у інтэрнэт. Акрамя таго, тут сабрана вялікая колькасць інфармацыйных рэсурсаў: распрацоўкі педагогаў, прэзентацыі, электронныя падручнікі — усё, што неабходна для работы. У бібліятэцы дзейнічаюць электронныя фармуляры.
У кабінетах інфарматыкі і лінгафонных кабінетах выкарыстоўваецца функцыя аўтарызацыі карткі: дзіця не пачне работу, пакуль не паднясе картку да счытвальніка і педагог прызначыць яму той камп’ютар, які патрэбен менавіта гэтаму дзіцяці з загадзя падрыхтаваным заданнем.
Як вядома, з сёлетняга навучальнага года сталіца перайшла на безнаяўны разлік харчавання. Сярэдняя школа № 51 скарысталася ім значна раней. 5—11 класы ажыццяўляюць аванс-плацеж праз картку навучэнца. Адна са станоўчых функцый — магчымасць бацькоў кантраляваць расход грошай.
— Картка навучэнца выкарыстоўваецца як праязны дакумент: школе не патрэбна выдаваць даведку, што дзіця з’яўляецца вучнем гэтай установы. Палюбіліся бацькам і дзецям дадатковыя магчымасці карткі: універмагі “ГУМ” і “Беларусь” ладзяць скідкі для ўсіх трымальнікаў картак навучэнца. Спадзяёмся, што дадатковыя функцыі будуць пашырацца. Магчыма, гэта будуць скідкі пры наведванні музеяў, тэатраў і г.д., — заўважае Г.У.Чэрнік.
Назапашаным вопытам работы па выкарыстанні электроннай карткі і электронных дзённікаў педагогі ахвотна дзеляцца. Асаблівасць установы адукацыі ў тым, што адразу з моманту адкрыцця тут стаў функцыянаваць гарадскі рэсурсны цэнтр па інфармацыйных тэхналогіях. “Прынцып “роўны вучыць роўнага” характэрны для нашай установы, — заўважае Г.У.Чэрнік. — З аднаго боку, мы працуем для нашых педагогаў і навучэнцаў, а з другога — мы адразу сталі адкрыты для горада і рэспублікі. Мы з’яўляемся базай для правядзення курсаў для МГІРА, АПА, МАІРА. У нас праходзілі гарадскія семінары для педагогаў-матэматыкаў, географаў. У 2017 годзе было праведзена пяць гарадскіх семінараў для бібліятэкараў”.
Новым вітком у развіцці ўстановы стала ўключэнне з верасня ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізм павышэння якасці адукацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, які прадугледжвае ўкараненне розных форм і метадаў навучання з прымяненнем у тым ліку інфармацыйных тэхналогій. Гэты праект мае на ўвазе прымяненне іншай, чым у традыцыйнай практыцы, мадэлі арганізацыі сумеснай дзейнасці настаўніка і навучэнцаў, змяшчэнне цэнтра цяжару на самастойную дзейнасць навучэнцаў, фарміраванне ў вучняў навыкаў для дарослага жыцця, звязаных з асэнсаваннем інфармацыі, яе перапрацоўкай, пераўтварэннем і практычным выкарыстаннем.
Для арганізацыі ўрокаў па мадэлі перавернутага навучання настаўніку неабходна добра валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі для стварэння аўдыя- і відэаматэрыялаў, ведаць воблачныя тэхналогіі і ўмець працаваць у сэрвісах Web 2.0, ствараць і весці блогі.
— Такія лічбавыя інструменты, як Kahoot, Quizalize, Triventi, ZipGrade і іншыя, дапамагаюць настаўнікам пры правядзенні ўрокаў, даюць магчымасць аналізаваць, наколькі паспяхова засвоены матэрыял навучэнцамі. Укараненне такой мадэлі дазваляе індывідуалізаваць навучанне. У выніку смартфоны і планшэты становяцца прыдатнымі не толькі для нясумнага правядзення вольнага часу, але і для навучання. А выкарыстанне розных лічбавых сэрвісаў у якасці сродкаў атрымання зваротнай сувязі робіць працэс навучання больш дынамічным, інтэрактыўным і прадукцыйным, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.А.Сліжэўская.
***
Пераймаючы вопыт сталічных устаноў адукацыі, усё больш школ і гімназій рэспублікі выказваюць жаданне стаць электроннымі. Ды гэта і зразумела: каб адпавядаць запытам лічбавага грамадства, трэба ісці ў нагу з часам.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.