Адпускныя цэны на асобныя лякарствы будуць зніжаны

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Такое рашэнне было прынята па выніках нядаўняй нарады ў Міністэрстве аховы здароўя.

У прыватнасці, РУП “Белмедпрэпараты” сумесна з прадстаўніцтвам Astellas Pharma Europe B.V. (Нідэрланды) было рэкамендавана разгледзець пытанне аб зніжэнні адпускных цэн на прэпарат “Такралімус”. Гэта жыццёва важны прэпарат, неабходны для пацыентаў, якія перанеслі аперацыю па трансплантацыі. Пацыенты забяспечваюцца ім на бясплатнай аснове.

“Пасля сяміразовых перагавораў пастаўшчык паведаміў аб зніжэнні кантрактных цэн у залежнасці ад дазіроўкі на 37—55,5 працэнта. Агульная сума зніжэння склала $1,9 млн. Пры гэтым будзе зніжаны кошт bulk-прадукцыі і рэнтабельнасць вытворчасці. Інакш кажучы, нідэрландская кампанія будзе пастаўляць лякарствы для фасоўкі і канчатковай упакоўкі на прадпрыемстве “Белмедпрэпараты” па больш нізкіх цэнах”, — расказала начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Людміла Равуцкая. Прапанаваныя пастаўшчыком цэны знаходзяцца ў дыяпазоне або ніжэйшыя за цэны на фармрынках сумежных краін.

Кантрактныя цэны на асобныя найменні лякарстваў будуць зніжаны да ўзроўню цэн у Расіі і прадстаўніцтвам ТАА Takeda Osteuropa Holding GmbH (Аўстрыя). Беларуска-галандскае сумеснае прадпрыемства ТАА “Фармлэнд” паведаміла аб зніжэнні адпускной цаны на таблеткі (“Метфармін”, а Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) — на таблеткі “Эвералімус”, пастаўкі якіх будуць ажыццяўляцца па выніках працэдур дзяржзакупак.

Раней некаторыя айчынныя вытворцы паведамілі аб зніжэнні адпускных цэн на прэпараты “Амаксіцылін-ФТ” і “Ліпрамак”. Акрамя таго, Барысаўскаму заводу медпрэпаратаў рэкамендавана знізіць адпускную цану на таблеткі “Эўфілін”, РВУП “Акадэмфарм” — на таблеткі “Цынарызін-НАН”, ТАА “Фармтэхналогія” — на каплі “Карвалол-фарма”.

Як растлумачыла Людміла Равуцкая, пытанне забеспячэння цэнавай даступнасці лекавых сродкаў знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя. Работа, якая праводзіцца ў гэтым напрамку, дала магчымасць дабіцца ўстойлівага зніжэння цэн на лякарствы.