Адразу два сярэбраныя медалі міжнародных алімпіяд заваяваў выпускнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Андрэй Яфрэмаў

- 12:24Образование

Выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Андрэй Яфрэмаў сёлета двойчы апынуўся ў ліку лепшых у свеце юных знаўцаў хіміі. Юнак заваяваў адразу два сярэбраныя медалі на міжнародных алімпіядах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Цікавасць да хіміі ўзнікла яшчэ да з’яўлення гэтага прадмета ў вучэбнай праграме. Мяне заўсёды прываблівалі доследы і эксперыменты. Мой настаўнік Георгій Аляксеевіч Папоў накіраваў захапленне ў патрэбнае рэчышча. У перыяд вучобы ў ліцэі я актыўна ўдзельнічаў у рэс­публіканскай алімпіядзе, неаднаразова станавіўся пераможцам, — паведаміў Андрэй.

Першы вопыт выступлення хлопца на міжнароднай арэне адбыўся ў маі. Тады Андрэй Яфрэмаў у складзе каманды Беларусі дэманстраваў свае веды на Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі. Прэстыжнае інтэлектуальнае спаборніцтва праходзіла ў Бразіліі, а ўдзел у ім прымалі звыш 190 навучэнцаў з 40 краін.

— У тэарэтычных і практычным турах прапаноўваліся задачы, звязаныя з арганічнай, неарганічнай, фізічнай, аналітычнай хіміяй. Для іх рашэння быў патрэбен шырокі дыяпазон ведаў і навыкаў, — расказаў юнак.

Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, на Мендзялееўскай алімпіядзе Андрэй Яфрэмаў узяў сярэбраны медаль. Такі ж вынік ён паказаў падчас Міжнароднай хімічнай алімпіяды, якая надоечы завяршылася ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

— На гэтай алімпіядзе таксама былі заданні тэарэтычнага і эксперыментальнага характару. Задачы адрозніваліся аб’ёмнасцю, уключалі дадатковыя падзадачы. Каб знайсці правільныя адказы, патрэбны былі ўменні аналізаваць, канцэнтраваць увагу і нестандартна думаць. Але я справіўся, бо старанна рыхтаваўся. Неверагодна ўдзячны Георгію Аляксеевічу, трэнерам і кіраўнікам нашай каманды, — падзяліўся Андрэй.

У ліцэі вельмі ганарацца выбітнымі дасягненнямі выпускніка. Як адзначае настаўнік хіміі Георгій Папоў, талент гэтага вучня цяжка было не заўважыць.

— У Андрэя выдатныя здольнасці да хіміі. А яшчэ ён валодае выключнай мэтанакіраванасцю і працавітасцю. Гэта важныя якасці, бо перамогі на алімпіядах немагчымыя без карпатлівай пад­рыхтоўкі. Амаль штодня мы сустракаліся і шмат працавалі. На даверы і ўзаемаразуменні паступова пакаралі алімпіядныя вяршыні. Так, пачынаючы з раённага, дайшлі да міжнароднага ўзроўню, — расказаў Георгій Аляксеевіч.

Зараз Андрэй Яфрэмаў рыхтуецца стаць студэнтам хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У будучыні ён марыць звязаць жыццё з выкладаннем і навуковай дзейнасцю.

* * *

У бягучым навучальным годзе прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 сабралі шэраг міжнародных узнагарод. Акрамя Андрэя Яфрэмава, бліскуча праявілі сябе Аляксандр Шалкоўскі і Валерыя Баравікова. Яны заваявалі бронзавыя медалі на адкрытай Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе. Бронзавы медаль таксама ў скарбонцы Марка Гаўрусева, які перамог на Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіядзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара