Адразу трое мазыран выйшлі ў фінал абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют»

- 17:12Образование

У ліку фіналістаў дырэктар Мялешкавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна Таццяна Папроцкая ў намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”, настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 Віктар Гарбачук у намінацыі “Малады настаўнік” і выхавальнік дашкольнай адукацыі спецыяльнага дзіцячага сада № 30 Домна Кібіткіна ў намінацыі “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта Настаўніцкай газеты.

Мнематэхніка і пахвала

Дырэктар Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава, якая кіравала падрыхтоўкай педагогаў Мазыршчыны да ўдзелу ў конкурсе, гаворыць, што ўсе яны — адказныя, добрасумленныя, кампетэнтныя і творчыя спецыялісты з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі:

—  Напрыклад, Віктар Ігаравіч Гарбачук праводзіць вучэбныя заняткі з выкарыстаннем разнастайных педагагічных метадаў і вялікую ўвагу ўдзяляе выкарыстанню прыёмаў мнематэхнікі для павышэння паспяховасці школьнікаў. Настаўнік актыўна выкарыстоўвае арсенал сучаснай мнематэхнікі: напрыклад, літарны прыём — утварэнне сэнсавых фраз з пачатковых літар ці складоў, рыфмоўкі — стварэнне рыфмаваных радкоў ці невялікіх вершаў для аблягчэння запамінання інфармацыі, асацыя­цыі — стварэнне яркіх асацыяцый з запамінальнай інфармацыяй, сугуччы — запамінанне тэрмінаў ці слоў, заснаванае на сугуччы, а таксама лінгвістычныя казкі-асацыяцыі.

_upscale

—  Я ўпэўнены, што ў добрага педагога кожны ўрок не падобны на папярэдні, —  адзначыў Віктар Гарбачук. — Аднатыпныя ўрокі надакучваюць дзецям. У кожны ўрок трэба ўносіць новы элемент, каб падтрымліваць увагу дзяцей на належным узроўні. Перад тым як растлумачыць дзецям новую тэму, я заўсёды думаю, як зрабіць гэтыя веды моцнымі. Мнематэхніка — тэхналогія, якая дапамагае маім вучням прасцей запамінаць інфармацыю. Гэта адбываецца дзякуючы ўзнікненню яркіх асацыяцый. Не павінна быць шаблонаў у рабоце педагога. Кожны мой вучань — гэта асоба. Вядома, ёсць вучні, у якіх проста няма жадання вучыцца, і мая задача — знайсці да іх падыход. У маёй практыцы гэта індывідуальныя заняткі і, вядома ж, пахвала, якая ўсяляе веру нават у самых складаных вучняў ва ўласныя здольнасці. І педагогу прыемна, калі яго заўважаюць. Фестываль “Педагагічны дэбют” сведчыць пра асаблівую ўвагу да маладых спецыялістаў. Прафесія настаўніка вельмі значная. І дзяржава робіць усё магчымае, каб павысіць прэстыж педагагічнай працы. Канечне, стаць паспяховым канкурсантам няпроста, таму мне дапамагала моцная каманда: адміністрацыя і калегі са школы. Я шчыра ўдзячны кожнаму за парады і садзейнічанне.

Адзін у полі не воін

Прадстаўляючы дырэктара Мялешкавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна Таццяну Пап­роцкую, начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Ларыса Папкова адзначае, што гэта сапраўдны лідар, якая ўмее планаваць і арганізоўваць ра­боту, мае аўтарытэт сярод калег і падначаленых:

—  Таццяна Фёдараўна ўмее знаходзіць нестандартныя падыходы да вырашэння задач, працаваць у камандзе і валодае ўменнем вучыць і выхоўваць іншых.

—  Я заўсёды марыла працаваць у школе, — разважае Таццяна Папроцкая. — Ці марыла я стаць кіраўніком? Адназначна адка­заць не магу. Стаж кіраўніка ў мяне невялікі, але, дзякуючы падтрымцы калег, мы паспелі ўжо змяніць жыццё школы да лепшага. Педагагічны калектыў невялікі — 26 чалавек, многа маладых спецыялістаў. У нашай установе адукацыі вучацца 60 школьнікаў і 10 выхаванцаў дашкольнага аддзялення. Кожнага ведаем і любім. Вельмі важна, каб у калектыве былі здаровыя ўзаемаадносіны. Гэта магчыма, калі кіраўнік эмацыянальна ўстойлівы, вытрыманы. Таксама трэба заўсёды развівацца, удасканальваць свае кампетэнцыі. Важнае значэнне мае і ўзровень адукацыі, вопыт работы. Пераканана, што кіраўнік павінен разу­мець місію сваёй школы. Між тым прапаноўваць толькі свой пункт гле­джання, сваё бачанне няправільна. Ініцыятыва павінна зыходзіць не толькі ад кіраўніка, але і ад кожнага ўдзельніка адукацыйнага пра­цэсу. Мой дэвіз — “Адзін у полі не воін”. Настаўнікі з вопытам работы, ініцыятыўныя, неабыякавыя, мабільныя, складаюць ядро нашага педагагічнага калектыву. Работа ў групах, абарона праектаў — усё гэта актывізуе педагогаў, дазваляе ім ад­чуць сваю датычнасць да агульнай справы, дапамагае пазбягаць фармальных рашэнняў, фарміруе адказнасць. Упэўнена, што ўсіх удзель­нікаў адукацыйнага працэсу неабходна заахвочваць за дасягнутыя поспехі —  гэта стымулюе і дае адчуванне асабістай значнасці. У цэлым сучасны кіраўнік павінен рабіць сёння тое, што будзе запатрабавана заўтра.

У дзіцячым свеце

Вопыт работы выхавальніцы дашкольнай адукацыі спецыяльнага дзіцячага сада № 30 Мазыра Домны Кібіткінай —  менш за год. Цяпер дзяўчына вучыцца ў магістратуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання”, профіль — “Адукацыйны менеджмент”. Таксама Домна з’яўляецца студэнткай завочнага аддзялення факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па спе­цыяльнасці “Лагапедыя”.

Домна мэтанакіравана займаецца самаадукацыяй, — расказвае метадыст Марына Старыкава. — Яна вывучае навуковую і метадычную літаратуру, публікуе навуковыя работы, прысвечаныя развіццю маўлення дзяцей ранняга дашкольнага ўзросту. Ёй уласцівы актыўная жыццё­вая пазіцыя, крэатыў­насць, працавітасць, чулае стаўленне да дзяцей.

Домна вырасла ў вялікай сям’і і ад дарослых часта чула, што ў яе выдатна атрымліваецца ладзіць з малышамі.

— Мне казалі: “Вось, расце педагог!” Калі прыйшоў час выбіраць вышэйшую навучальную ўстанову, я зразумела, што хачу, каб мая прафесія была звязана з дзецьмі, — расказвае Домна. — Паступіла ў Мазырскі ўніверсітэт на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”. Цяпер працую ў спецыяльнай установе для дзяцей, у якіх ёсць праблемы са зрокам. Будую работу, грунтуючыся на індывідуальных асаблівасцях выхаванцаў. Вядома, увесь час вучуся ў больш дасведчаных педагогаў. Калі рыхтавалася да конкурсу, наведвала заняткі калег. Яны мне вельмі дапамаглі. І я вельмі ўдзяч­на ім за адкрытасць і цярпенне.

Люблю дапамагаць дзецям развівацца, бо, якім бы здольным ні быў выхаванец, яму неабходны мудры настаўнік, які дапаможа хутчэй дасягнуць добрага выніку. Дзеці зараджа­юць мяне эмоцыямі, стымулю­юць расці над сабой, даведвацца штосьці новае. Каб быць выхавальнікам, неабходна не проста валодаць многімі добрымі якасцямі, але і заставацца ў душы дзіцем, інакш малыя не прымуць, не ўпус­цяць у свой свет. Кожнае дзіця адметнае, а дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрабуюць да сябе яшчэ большай увагі. Ім неабходна своечасовая кваліфікаваная дапамога, каб яны маглі інтэгравацца ў сучаснае грамадства. Увогуле ж, прага новых ведаў, жаданне зразумець дзяцей — залог поспеху ў прафесіі, якую я выбрала.

Ірына АСТАШКЕВІЧ