Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2017” — гэта значны крок ва ўдасканаленні сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.
“Многія з вас у верасні гэтага года прымуць удзел у сумесным стратэгічным вучэнні Узброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017”. Гэта значны крок у падрыхтоўцы Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ва ўдасканаленні сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі Беларусі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Важнае месца пры гарантаванні нацбяспекі Беларусі адводзіцца таксама Міністэрству па надзвычайных сітуацыях. “Выпускнікам ВНУ сістэмы МНС трэба будзе прадоўжыць работы па абароне насельніцтва ад надзвычайных сітуацый і іх наступстваў. Выкарыстоўваць эфектыўныя спосабы рэагавання на аварыі, катастрофы і стыхійныя бедствы, якія ўзнікаюць. Палепшыць грамадзянскую абарону краіны і захаваць бяспеку пры будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі”, — сказаў прэзідэнт.
“З улікам узрастання тэрарыстычнай небяспекі ў свеце, актывізацыі незаконнай міграцыі, распаўсюджвання наркотыкаў, увозу зброі неабходна ўдасканальваць сістэму захавання пагранічнай бяспекі дзяржавы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Гэтыя ж рызыкі аказваюць істотны ўплыў на стан грамадскай бяспекі. У сувязі з гэтым сур’ёзнага паляпшэння патрабуе работа органаў унутраных спраў па гарантаванні бяспечнага жыцця і дзейнасці грамадзян”.
“Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што ваенныя метады па-ранейшаму застаюцца ў арсенале сродкаў вырашэння міжнародных праблем. Беларусь праводзіць міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку. У нашай краіны няма геапалітычных амбіцый. Аднак свае нацыянальныя інтарэсы мы павінны адстойваць усімі даступнымі спосабамі. Абапіраючыся як на ўласныя сілы, так і на ваеннае супрацоўніцтва з дзяржавамі — членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы”, — сказаў таксама Аляксандр Лукашэнка.
Без добра падрыхтаваных і аснашчаных Узброеных Сіл не можа быць суверэннай Беларусі, падкрэсліў прэзідэнт. Яны прызначаны забяспечваць тэрытарыяльную цэласнасць і стабільнасць дзяржавы. Адэкватна адказваць на пагрозы, адкуль бы яны ні ішлі.
“Цяпер праводзіцца аптымізацыя сілавых структур. У войскі паступае сучасная ваенная тэхніка. Армія перастройваецца, прыстасоўваючыся да новых умоў вядзення проціборства і вайны. У войскі пастаўлены новыя самалёты Як-130, верталёты Мі-8, зенітныя ракетныя комплексы Тор-М2. Прынята на ўзбраенне рэактыўная сістэма залпавага агню “Паланэз”. Паспяхова прайшлі дзяржаўныя выпрабаванні на беларускіх палігонах і паступаюць у войскі айчынныя браніраваныя аўтамабілі, радыёлакацыйныя станцыі, розныя тыпы беспілотных авіяцыйных комплексаў, рухомыя пункты кіравання, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта вам трэба будзе асвойваць усё новае і перадавое. Вам давядзецца абучыць усіх, хто будзе мець дачыненне да гэтых новых відаў узбраення. Эфектыўна вырашаць задачы па павышэнні ўзроўню баявой гатоўнасці, забяспечваць найвышэйшую вывучку і зладжанасць органаў ваеннага кіравання і войскаў”.
Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці афіцэраў усіх сілавых ведамстваў прэзідэнт назваў выхаванне ў падначаленых пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны дзяржавы.