Даступная і якасная адукацыя — гэта інвестыцыі ў будучыню краіны, ключавы механізм забеспячэння ўстойлівага развіцця. Такое меркаванне выказала намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) Марыяна Шчоткіна 25 верасня на адкрыцці дэкады “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” (АУР) у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
“Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца якаснай адукацыі. Наша задача — укараненне новых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу, развіццё інклюзіўнай адукацыі, інтэграванне МУР у адукацыйныя праграмы, — адзначыла Марыяна Шчоткіна. — Педагогі павінны валодаць ведамі, якія даюць магчымасць уключаць пытанні ўстойлівага развіцця ў прадметы, якія выкладаюцца. Адукацыя — гэта ключавы механізм забеспячэння паспяховасці працэсаў устойлівага развіцця”.
Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што стратэгічная мэта МУР — павышэнне якасці жыцця людзей. “Павінен развівацца новы тып эканомік — навукаёмістых. Адукацыя, інтэлект — неад’емная частка трансфармацыі грамадства”, — лічыць Марыяна Шчоткіна.
У Беларусі ў мэтах дасягнення МУР падрыхтаваны ўжо шэраг праграмных дакументаў развіцця дзяржавы і стварэння інстытуцыянальных механізмаў. Што датычыцца стартавых умоў, то ў складаным геапалітычным кантэксце Беларусі ўдалося не дапусціць пранікнення хаосу і насілля на сваю тэрыторыю, зберагчы мір, стабільнасць у грамадстве і дзяржаве, што з’яўляецца базавай умовай для ўстойлівага развіцця любой дзяржавы, падкрэсліла Марыяна Шчоткіна. Беларусь займае 52-е месца па індэксе чалавечага развіцця. У рэйтынгу Сусветнага банка “Вядзенне бізнесу — 2016” Беларусь заняла 44-е месца сярод 189 дзяржаў.
Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця прадставіла ўвазе аўдыторыі інфармацыю па канкрэтных МУР (усяго іх 17).
Яна адзначыла, што ў 1990-я гады кожны трэці беларус знаходзіўся за мяжой беднасці. Пры гэтым Беларусь змагла датэрмінова выканаць важнейшую Мэту ўстойлівага развіцця па выкараненні беднасці і голаду. У 2016 годзе 5,7 працэнта грамадзян афіцыйна адносіліся да катэгорыі малазабяспечаных, што ўдвая ніжэй за сярэдняе па краінах рэгіёнаў СНД і Усходняй Еўропы. Згодна з праграмнымі дакументамі, да 2020 года значэнне гэтага паказчыка павінна быць зніжана ўдвая. Асаблівая ўвага ўдзяляецца якаснаму жыццю людзей у пажылым узросце.
Беларусь выходзіць на новы ўзровень вырашэння задач харчовай бяспекі: поўнасцю забяспечваецца патрэба ў прадуктах харчавання, экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў апошнія гады забяспечвае каля 8 працэнтаў ВУП краіны і 15 працэнтаў агульнага экспарту.
У глабальным рэйтынгу харчовай бяспекі за мінулы год Беларусь заняла 46-е месца са 113 дзяржаў. Стратэгічнай мэтай развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляецца фарміраванне да 2030 года канкурэнтаздольнай і экалагічна бяспечнай вытворчасці сельгаспрадуктаў, неабходных для падтрымання дасягнутага ўзроўню харчовай бяспекі, забеспячэння паўнацэннага харчавання і здаровага ладу жыцця насельніцтва пры захаванні ўрадлівасці глебы.
“У 2013 годзе Беларусь дасягнула Мэты развіцця тысячагоддзя (МРТ) па скарачэнні дзіцячай смяротнасці, паляпшэнні аховы мацярынства, барацьбе з ВІЧ/СНІДам, малярыяй і туберкулёзам, — канстатавала Марыяна Шчоткіна. — Паказчык мацярынскай смяротнасці з 1990 года зменшыўся больш як у 18 разоў. Беларусь займае 25-е месца ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін. Паказчык дзіцячай смяротнасці роўны 3,2 на 100 тысяч нованароджаных. Удалося дабіцца значнага абмежавання распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. Разам з тым неабходна ўзмацніць пярвічнае звяно, забяспечыць якаснае медабслугоўванне ў вёсцы.
Праблемай застаецца распаўсюджанасць шкодных звычак. Неабходна мінімізаваць такія фактары рызыкі, як тытунь, алкаголь, незбалансаванае харчаванне”.
Забеспячэнне гендарнай роўнасці — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця грамадства і важнейшая задача ў галіне рэалізацыі правоў чалавека, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, падкрэсліла Марыяна Шчоткіна.
Жанчыны ў Беларусі складаюць больш за 53 працэнты насельніцтва і амаль 50 працэнтаў занятых у эканоміцы. Паводле даных Даклада аб чалавечым развіцці 2015 года, Беларусь уваходзіць у лік 15 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перасягае аналагічны паказчык сярод мужчын. У палітычнай сферы забяспечана дэкларуемае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Доля жанчын у парламенце — 33,7 працэнта.
Мабілізацыя і эфектыўнае выкарыстанне ўнутраных рэсурсаў з’яўляюцца прынцыповымі для дасягнення МУР 9,17. “Унутраныя рэсурсы фарміруюцца за кошт эканамічнага росту, а без інтэлектуальнага і інавацыйнага складніка забяспечыць моцны эканамічны ўздым немагчыма, — падкрэсліла нацыянальны каардынатар. — Згодна з глабальным інавацыйным індэксам, Беларусь пакуль знаходзіцца на 88-м месцы са 127, а значыць, нам ёсць да чаго імкнуцца. 2017 год у Беларусі аб’яўлены Годам навукі, паколькі менавіта з навукай мы звязваем пераход на інавацыйныя рэйкі. Неабходна актывізаваць работу па развіцці ўніверсітэтаў як цэнтраў навукова-інавацыйнай дзейнасці, робіцца стаўка на комплексную лічбавую трансфармацыю эканомікі, шырокае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, удасканаленне заканадаўства ў галіне фінансавання навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці”.
На заканчэнне свайго выступлення Марыяна Шчоткіна адзначыла: “Дасягненне МУР, бясспрэчна, з’яўляецца амбіцыйнай задачай, якую дзяржавы не могуць адолець паасобку, мабілізуючы толькі ўнутраныя рэсурсы. Беларусь гатова канструктыўна ўдзельнічаць у міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця”.
У Беларусі з 25 верасня па 25 кастрычніка праходзяць Тыдні ўстойлівага развіцця — 2017, у каляндар якіх уключана дэкада “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”. Цэнтрам яе правядзення (з 25 верасня па 4 кастрычніка) з’яўляецца БДПУ.
Арганізатарамі дэкады “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і асацыяцыя “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” ў партнёрстве з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі і рэсурснымі цэнтрамі комплекснай падтрымкі практык АУР у мясцовых таварыствах і рэгіёнах пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.